https://www.traditionrolex.com/8
<p>«Ірландская мова — гэта не сэксі», — 42-гадовы ірландзец, у мінулым  бармен, а цяпер студэнт паліталогіі Універсітэту Корку Дэклан Кіцін  разважае пра лёсы яго сям’і, яе мовы і краіны ў ХХ стагоддзі. Вакол мяне плывуць краявіды, што дзіўным чынам  нагадваюць беларускія, і ў галаву прыходзяць думкі аб падабенстве маёй  радзімы і гэтай выспы на ўскрайку Еўропы. Адно з галоўных падабенстваў  хаваецца ў моўным пытанні: ні беларусы, ні ірландцы дагэтуль не  вырашылі, што рабіць з іх нацыянальнымі мовамі</p>

«Ірландская мова — гэта не сэксі», — 42-гадовы ірландзец, у мінулым бармен, а цяпер студэнт паліталогіі Універсітэту Корку Дэклан Кіцін разважае пра лёсы яго сям’і, яе мовы і краіны ў ХХ стагоддзі. Вакол мяне плывуць краявіды, што дзіўным чынам нагадваюць беларускія, і ў галаву прыходзяць думкі аб падабенстве маёй радзімы і гэтай выспы на ўскрайку Еўропы. Адно з галоўных падабенстваў хаваецца ў моўным пытанні: ні беларусы, ні ірландцы дагэтуль не вырашылі, што рабіць з іх нацыянальнымі мовамі.

Generation.by паведамляе: "Ірландская мова — гэта не сексі», — 42-гадовы ірландзец, у мінулым бармен, а цяпер студэнт паліталогіі Універсітэту Корку Дэклан Кіцін разважае пра лёсы яго сям’і, яе мовы і краіны ў ХХ стагоддзі. У новай правабаковай «Хондзе» мы едзем па хуткасным аўтабане ў самым сэрцы Ірландыі, за дзве гадзіны перасякаючы амаль усю выспу ў кірунку сталіцы рэспублікі — Дубліна. Вакол мяне плывуць краявіды, што дзіўным чынам нагадваюць беларускія, і ў галаву прыходзяць думкі аб падабенстве маёй радзімы і гэтай выспы на ўскрайку Еўропы. Адно з галоўных падабенстваў хаваецца ў моўным пытанні: ні беларусы, ні ірландцы дагэтуль не вырашылі, што рабіць з іх нацыянальнымі мовамі.

«Гэта шляхетна — мець уласную мову, — працягвае разважанні Дэклан. — Таму гэта і жудасна, што такая сітуацыя склалася з гэльскай мовай [гэта другая назва ірландскай]. Але размаўляць па-ірландску не сексі, — відавочна, гэтаму бацьку двух дзяцей падабаецца прыдуманая ім аналогія. — Вось танчыць ірландскія танцы — гэта сексуальна. А па-ірландску размаўляць — не».

Але моўныя пытанні паўсталі ў гэтай былой англійскай калоніі не ўчора. Ужо з канца XVII стагоддзя ірландцы мелі вялікая праблемы з мовай: брытанцы не дазвалялі ім кіраваць сваёй краінай, а тым больш выкарыстоўваць нацыянальную мову ў афіцыйных зносінах і адукацыі. «Калі ты жадаў атрымаць адукацыю, то мусіў размаўляць па-англійску, калі ты жадаў мець добрую працу — тваёй мовай мусіла быць усё тая ж англійская, — кажа Дэклан. – І цяпер, дарэчы, тое ж самае: калі жадаеш зарабіць хоць троху грошай, ты мусіш ведаць англійскую. Ніякіх кантрактаў на ірландскай».

1

Усе афіцыйныя надпісы ў Дубліне, у тым ліку на гэтым турыстычным указальніку, прадубляваныя па-ірландску

Сапраўды, энцыклапедыя кажа, што доўгія стагоддзі Ірландыя знаходзілася пад акупацыяй Англіі. Нашмат большы час, дарэчы, чым Беларусь — пад расейскай акупацыяй. Хоць пісьменнасць была ў кельтаў здаўна (цяперашнія ірландцы лічаць сябе спадкаемцамі гэтых колісь магутных плямёнаў), але першая друкаваная кніга па-ірландску выйшла на 50 гадоў пазней за беларускую, а ўнармаванне ірландскага правапісу адбылося толькі пасля канчатковага разрыву з Вялікабрытаніяй — у 1949 годзе. Вялікую шкоду ірландскай мове нанёс голад і павальная міграцыя другой паловы XIX стагоддзя, а таксама масавая англамоўная адукацыя.

Мова эліты ці правінцыі?

Прафесар эканомікі з універсітэта Ольстэра Вані Боруг кажа, што цяпер валоданне ірландскай мовай у Ірландыі — гэта прыкмета, паводле якой чалавека можна аднесці да эліты. Таксама, як і слуханне класічнай музыкі альбо веданне Шэкспіра.

«Нават калі браць у разлік толькі сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, то з двух людзей з аднолькавым статусам той, хто валодае ірландскай, будзе мець невялікую, але істотную перавагу над другім», — кажа прафесар.

Даследаванне, якое ён з калегамі апублікаваў год таму, руйнуе даўні міф аб тым, што ірландская — гэта мова бедных жыхароў аддаленых вёсак. Сапраўды, рэгіёны, дзе людзі дагэтуль карыстаюцца ірландскай штодзень, захаваліся. Але знаходзяцца яны далёка ад сталіцы на Атлантычным узбярэжжы. Па выніках апошняга перапісу, з 6-мільённага насельніцтва востраву прыкладна 72 тысячы выкарыстоўваюць гэльскую як мову штодзённага ўжытку. І толькі каля 1,5 мільёна валодаюць гэтай мовай на добрым узроўні, а 4 мільёны ірландцаў могуць сказаць на гэльскай літаральна толькі некалькі слоў.

2

Але ольстэрскі прафесар даволі аптымістычна глядзіць на сітуацыю. Паводле яго даследавання, з тых, хто займае найлепшыя пасады ў краіне, 42% лёгка могуць размаўляць па-гэльску. Супраць 27% тых, хто не здольны размаўляць на ёй увогуле. Прасцей кажучы, тыя, хто ведае ірландскую, зарабляе болей за тых, хто ёю не валодае.

Элітнай мовай, але з іншым адценнем «элітнасці» лічыць ірландскую і Дэклан:

«Існуе пэўны снабізм вакол ірландскай: калі ты робіш памылкі ў ёй ці вымаўляеш няправільна словы, то цябе могуць абвінаваціць у тым, што ты зусім не валодаеш гэльскай, — тут мужчына прыгадвае выпадак са свайго ўласнага школьнага вопыту. — Мой школьны настаўнік гэльскай быў з тых ірландцаў, што з дзяцінства штодня карысталіся менавіта гэтай мовай. І ён часта агрэсіўна дакараў мяне за моўныя памылкі: «Чаму ты адкрываеш рот, калі не можаш нармальна размаўляць па-гэльску?» — чуў я ад яго ўвесь час, калі рабіў чарговую памылку ў вымаўленні. Гэты чалавек на доўгія гады адбіў у мяне ўсялякае жаданне размаўляць па-ірландску.

«Ты не добры ірландзец, калі не здольны размаўляць па-ірландску», — кажуць у нас. Але мой дзед не размаўляў па-гэльску, затое быў жаўнерам Ірландскай рэспубліканскай арміі (у пачатку XX стагоддзя змагалася за незалежнасць Ірландыі ад Вялікабрытаніі), і тры разы быў арыштаваны. Таму для мяне неістотна: можа чалавек размаўляць па-ірландску ці не. Галоўнае — гэта тое, што ён, як мой дзед, можа аддаць жыццё за сваю краіну», — кажа Дэклан.

Стаў прэзідэнтам? Вучы мову!

«Майкл Дзі Хігінс набраў 701 101 голас», — за трыбунай з выявай залатой арфы — герба Ірландыі — прыгожая кіраўніца ірландскага цэнтрвыбаркаму па-гэльску абвяшчае першыя вынікі падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах. Я стаю ля сцэны як удзельнік праекту «Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка», у межах якога каля 40 маладых беларусаў прыехала ў гэту краіну для знаёмства з ірландскім выбарчым вопытам. Вакол мяне — некалькі дзясяткаў рэпарцёраў, што нястомна шчоўкаюць затворамі камер і ўслухоўваюцца ў лічбы, абвешчаныя па-ірландску. Узнікае адчуванне, што адзінкі з прысутных разумеюць «гэльскія» вынікі: замест слёз радасці ці гора ў залі ў адказ на агучаныя лічбы вісіць мёртвая цішыня. Але як толькі абвяшчэнне вынікаў пераходзіць на англійскую, усё становіцца на свае месцы: прыхільнікі кандыдатаў пляскаюць кожнай лічбе свайго фаварыта, а рэпарцёры занатоўваюць іх у нататнікі.

3

У вуснах беларускага прэзідэнта нацыянальная мова — мова нянавісці, абразы тых, хто думае інакш. У вуснах афіцыйных ірландскіх асоб гэльская мова — справа звычайная, але гэткая ж нежывая, як і мова школьных падручнікаў на ўроках гэльскай, якія там абавязковыя. Новаабраны прэзідэнт — 73-гадовы англамоўны паэт Майкл Дзі Хігінс — колісь займаў пасаду міністра гэльскай мовы. У сярэдзіне 90-х ён нават спрычыніўся да заснавання першага ірландскамоўнага ТБ-каналу. Цяпер яму, у адрозненне ад яго асноўнага суперніка на тых выбарах — маладой тэлезоркі і прадпрымальніка Сіна Галахера — не прыйдзецца вучыць ірландскую, як тое рабілі, у адпаведнасці з патрабаваннямі статусу, двое ягоных папярэднікаў.

4

Перадвыбарчая кампанія, як, здаецца, і ўсё ірландскае жыццё, праходзіла амаль выключна на англійскай. Аднак адны дэбаты вырашана было арганізаваць па-ірландску. Атрымалася і камічна, і трагічна адначасова: вядучы задаваў пытанні па-ірландску, а кандыдаты адказвалі па-англійску. Знайшліся нават такія кандыдаты, што не здолелі ніводнага слова сказаць на нацыянальнай мове ў інтэрв'ю перад дэбатамі. Зрэшты, яны, як і прадстаўнік троху табуяванай палітычнай нацыяналістычнай сілы Ірландскай рэспубліканскай арміі, не здолелі набраць шмат галасоў. Тамтэйшы нацыяналізм амаль не асацыііруецца з нейкім асабліва пяшчотным стаўленнем да мовы.

«На вуліцы лягчэй пачуць кітайскую, чым ірландскую»

За некалькі гадзін да таго, каб сесці ў машыну і адправіцца ў Дублін, мы з Дэкланам заходзім у будынак школы ў Корку на поўдні Ірландыі, якую ён калісьці наведваў. Сёння дзень выбараў, і цяпер у гэтай школе месціцца выбарчы ўчастак. Аб гэтым сведчыць шыльда, на якой англамоўнае «Polling Station» абавязкова прадубляванае ірландскім «Stáisiún vótála». Тое ж самае і з усімі вуліцамі ў гарадах, афіцыйнай інфармацыяй, вітаннямі ў аэрапорце нарэшце. Ірландская разам з англійскай мае статус дзяржаўнай, але ірландская — усё ж «першая афіцыйная». Да гэтага шыльдавага двухмоўя не адразу прызвычайваешся, але з часам перастаеш заўважаць іншы шрыфт незнаёмых ірландскамоўных надпісаў на будынках.

5  
Школа, у якой дзеці вучацца выключна па-ірландску

Дэклан заходзіць у сваю школу са змешанымі пачуццямі: тут яго навучылі ірландскай («Мой дзядуля нарадзіўся ў 1900 годзе, і ніхто з яго сям’і не размаўляў па-ірландску, тое ж было і з яго дзецьмі»), і тут жа яму прывілі нелюбоў да яе.

«Мой бацька і маці выраслі ў горадзе, і яны былі часткаю гарадской брытана-амерыканскай культуры. Мая школа і школа маіх дзяцей — англамоўныя. Я нават ірландскую вучыў па-англійску», — кажа ён.

«І яны не здолелі навучыць мяне ірландскай за 14 гадоў. Можа быць, я надта лянівы, каб вучыць гэту мову. Але мая гэльская цяпер выпраўляецца, бо я мушу дапамагаць з ёй дзецям у іхніх хатніх заданнях». Дзеці Дэклана ходзяць у англаамоўную школу, дзе па-ірландску выкладаецца толькі некалькі гадзін на тыдзень. Многія бацькі адпраўляюць дзяцей у выключна ірландскамоўныя школы, бо лічаць тамтэйшы ўзровень адукацыі лепшым. Але вышэйшая адукацыю ўсё роўна даступная толькі на англійскай.

«Неяк аднаму з кандыдатаў у прэзідэнты ў час сустрэчы ў маім універсітэце задалі пытанне па-ірландску, — распавядае Дэклан. — «Я вучыў ірландскую мову ў школе, але адказаць на пытанне па-ірландску не магу», — адказаў кандыдат тады. Калі ж ён запытаў іншых прысутных на сустрэчы студэнтаў і выкладчыкаў, ці зразумелі яны гэта гэльскае пытанне, адзінкі адказалі станоўча».

Наталля, 27-гадовая армянка, ужо некалькі гадоў жыве ў Ірландыі са сваім расейскім мужам. Па яе словах, усе знаёмыя ірландцы, якіх яна распытвала пра веданне мовы, казалі толькі аб школьных ведах, на якія з часам забываліся. А адна маладая пара неяк заявіла, што хоць і лічаць сябе нацыяналістамі, размаўляюць яны выключна па-англійску. «На пытанне: «чаму ж не па-ірландску?» – пара ганарліва заявіла, што, маўляў, брытанцы скралі ў іх мову», — кажа Наталля.

Ірландцы імкнуцца давесці, што «акупанты» — так дагэтуль называюць тут брытанцаў — не адразу «пазбавілі» іх мовы. Спатрэбіліся стагоддзі: яшчэ ў пачатку XX ст. за вымаўленне ірландзкага (і беларускага!) «г» у англійскіх словах можна было атрымаць штраф. Але фрыкатыўнае «г» можна пачуць з вуснаў ірландцаў дагэтуль.

«Больш верагодна, што вы пачуеце кітайскую мову ў цэнтры Дубліна, чым ірландскую», — мы з Дэкланам стаім у цэнтры вячэрняй сталіцы Ірландыі. Я аглядаюся навокал і бачу сярод прахожых амаль адных тыповых ірландцаў: прадстаўнікоў іншых расаў тут, параўнальна з іншымі еўрапейскімі сталіцамі, няшмат. Але тое не надта павялічвае мае шанцы ўсё ж пачуць ірландскую — калі яшчэ не памерлую, то амаль згубленую яе народам – мову.

Алесь Герасіменка

https://www.traditionrolex.com/8