https://www.traditionrolex.com/8
<p>У Беларусь ляцелі пісьменнікі ад нарвежскага ПЭН-Цэнтра Карл Мортан Іверсан, Уільям Нюгард і Трыгве Ослюнд, ад дацкага ПЭН-Цэнтра — журналіст Нільс-Івар Ларсан. У Мінску яны планавалі сустрэцца з журналістамі, пісьменнікамі, выдаўцамі. Да вандроўкі рыхтаваліся некалькі месяцаў. У мінскім аэрапорце скандынаўскія госці збіраліся аформіць двухдзённыя турыстычныя візы</p>

У Беларусь ляцелі пісьменнікі ад  нарвежскага ПЭН-Цэнтра Карл Мортан Іверсан, Уільям Нюгард і Трыгве Ослюнд, ад дацкага ПЭН-Цэнтра — журналіст Нільс-Івар Ларсан. У Мінску яны планавалі сустрэцца з журналістамі, пісьменнікамі, выдаўцамі. Да вандроўкі рыхтаваліся некалькі месяцаў. У мінскім аэрапорце скандынаўскія госці збіраліся аформіць двухдзённыя турыстычныя візы.

Такая магчымасць існуе для грамадзян краін, у якіх няма беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва, а Данія з Нарвегіяй — акурат такія краіны. Госці мелі запрашэнне ад мясцовага турыстычнага агенцтва, і ўсе дакументы — на атрыманне віз, пералёт, пражыванне ў гатэлі — рыхтаваў нарвежскі турагент, які спецыялізуецца на Усходняй Еўропе. Са скандынаўскіх пісьменнікаў узялі 360 еўра за 4 візы. Аднак пасля гэтага іх вырашылі адправіць зваротным рэйсам, адмовіўшы ў візах. Старшыня беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч кажа, што сустрэчу з калегамі планавалі загадзя і гэта мусіў быць цалкам дзелавы візіт. Пісьменнік дадае: «Стаўленне да гасцей з Нарвегіі і Даніі ў аэрапорце было дрэнным. Аднаму з нашых калег стала дрэнна, трэба было запіць лекі, аднак яму нават не далі вады!»

Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка гэтую інфармацыю аспрэчвае. «Ніхто не затрымліваў замежнікаў, яны спакойна сядзелі ў зоне аэрапорта, маглі схадзіць у кавярню, таму незразумела, навошта яны рабілі нейкую галадоўку. Калі б камусьці стала дрэнна насамрэч, яму выклікалі б доктара». Прадстаўнік ДПК дадае, што замежнікаў не пусцілі на тэрыторыю Беларусі праз адсутнасць візы. А вось чаму адмовілі ў візе, тлумачыць консульства не абавязана. Трэба адзначыць, што і ў іншых краінах, адмаўляючы ў візе, не вяртаюць консульскі збор.

З падобнай сітуацыяй сутыкаўся старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец. Па рашэнні Еўрапарламента, яму забаронены ўезд у краіны Еўрапейскага саюза. Інцыдэнт са скандынаўскімі калегамі ён каментуе так: «Няхай яны адчуюць тое, што адчуваем мы. Думаю, што гэтыя пісьменнікі адпраўляліся ў Беларусь з правакацыйнымі мэтамі – падняць рэвалюцыйныя настроі, нарабіць тут шуміхі. Напэўна, улады ведалі пра гэта загадзя, таму прадухілілі злачынства. Зрэшты, кожная краіна мае права самастойна вызначаць, каго ёй пускаць на сваю тэрыторыю, а каго – не. І калі нас не пусцілі нават па афіцыйным запрашэнні ад еўрапейскіх чыноўнікаў, то чаму замежным пісьменнікам не могуць адмовіць у Беларусі?»

Пісьменнік Андрэй Хадановіч у сваю чаргу падкрэслівае, што паездка планавалася цалкам дзелавая. «На сустрэчы з калегамі павінны былі абмяркоўвацца развіццё беларускай літаратуры, цэнзура і праблемы са свабодай слова ў нашай краіне», – кажа ён. Пасля інцыдэнту ў аэрапорце, дзе замежнікі прасядзелі цэлую ноч, пазітыўныя ўражанні пра Беларусь у іх наўрад ці застануцца…

https://www.traditionrolex.com/8