<p>Студэнт механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Аляксандр Кузьмянкоў у намінацыі «Экалогія і энергазахаванне» на конкурс «100 ідэй для Беларусі» прадставіў праект, прысвечаны развіццю веласіпеднага транспарту ў Гомелі</p>

Як паведамляе «Звязда»:

Студэнт механічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту Аляксандр Кузьмянкоў у намінацыі «Экалогія і энергазахаванне» на конкурс «100 ідэй для Беларусі» прадставіў праект, прысвечаны развіццю веласіпеднага транспарту ў Гомелі. Малады чалавек лічыць, што вялікі абласны горад сёння непрыстасаваны да самага бясшкоднага віду транспарту, такога папулярнага ў краінах Еўропы. Каб змяніць сітуацыю, Саша прапануе абсталяваць дарожкі для веласіпедыстаў і спецыяльныя паркоўкі для мабільных сродкаў перасоўвання:

— Вырабляць паркоўкі можна з любых матэрыялаў: скарыстаных шын, з дрэва, з непатрэбнага металалому. Можна рабіць іх прыгожымі, каб яны сталі часткай дэкору вуліц горада.

Малады чалавек лічыць, што ў Гомелі ёсць станоўчыя прыклады арганізацыі парковак для двухколавых сяброў. Напачатку года з'явіліся чатыры месцы, дзе веласіпеды можна законна пакідаць. Напрыклад, пры садзейнічанні адміністрацыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, ля цэнтральнага ўваходу ў парк з'явілася веластаянка. У адным з новых мікрараёнаў ад вуліцы Хатаевіча да вуліцы Каменшчыкава запланавана веладарожка працягласцю 2,5 кіламетра.

— Пачатак фарміравання адзінай веласіпеднай інфраструктуры ў горадзе пакладзены, — расказвае Аляксандр. — У студзені 2011 года было прапанавана ўнесці ў праект генеральнага плана развіцця Гомеля да 2030 года пытанне пра неабходнасць стварэння адзінай сеткі веладарожак з велапаркоўкамі, якія звязваюць паміж сабой усю сістэму ландшафтна-рэкрэацыйных тэрыторый цэнтра горада. Будаваць веладарожкі і ствараць зручныя паркоўкі для веласіпедаў прасцей за ўсё ў раёнах новабудоўляў і на ўскраінах. У цэнтры — вузкія тратуары, і таму выдзеліць месца яшчэ і для веласіпедаў больш складана. І тым не менш мая прапанова — не толькі прыцягнуць увагу органаў улады да гэтай праблемы, але і пачаць дзейнічаць больш актыўна ў гэтым кірунку.

Саша Кузьмянкоў спачатку прапануе проста намаляваць па гарадскіх дарогах, можна па тратуарах, спецыяльную лінію пэўнага колеру, уздоўж якой і будуць ездзіць веласіпедысты. Пешаходы будуць бачыць гэту лінію і ведаць, што могуць тут сустрэцца з веласіпедыстам — будуць больш асцярожнымі:

— Калі гэта будзе, з'явіцца і куды больш людзей, якія захочуць сесці на веласіпед. Усе ж ведаюць, што машына пазбаўляе чалавека фізічнай нагрузкі, свежага паветра і задавальнення ад назірання за прыродай нашага роднага Гомеля! Да таго ж машыны забруджваюць навакольнае асяроддзе, ды і праезд на грамадскім транспарце не танны. Так што прапаную ў будучыню накіравацца на веласіпедзе!

Ірына АСТАШКЕВІЧ