Кругі на вадзе, альбо Сакрэты жывога музея

08.12.2011 - Новости

Кругі на вадзе, альбо Сакрэты жывога музея

Літаратурны музей Максіма Багдановіча быў адным з самых прыгожых музеяў сталіцы, і наўрад ці тут трэба нешта мяняць. Затое патрабуюць аднаўлення сістэмы вентыляцыі, кандыцыянавання, асвятлення, якія ўжо не адпавядалі патрабаванням. Напрыклад, тут экспануецца слуцкі пояс, якому больш за 200 гадоў. Зразумела, патрэбны асаблівыя ўмовы, каб гэты і іншыя экспанаты выглядалі належна і яшчэ многія гады радавалі наведвальнікаў

Як паведамляе «Звязда»:

Калі кідаеш каменьчык у ваду, па яе паверхні разыходзяцца кругі. Іх тым больш, чым цяжэйшы каменьчык. Тое ж і з ідэямі, кожная новая надае вагі працы, дазваляе выйсці за пэўныя межы. Напрыклад, музей можа жыць і па-за сценамі сваіх залаў.

А можа, той каменьчык запушчаны яшчэ ў мінулым стагоддзі? А кругі — гэта памяць пра творцу ці яго паэзію, якая працягвае заваёўваць сэрцы, абуджаць пачуцці?

Новая плынь?

...Максім пражыў так мала, напісаў не так многа, але яго паэзія працягвае натхняць і сучасныя пакаленні.

У музеі Максіма Багдановіча сёння ладзяцца літаратурныя і мастацкія конкурсы, прысвечаныя паэту і яго творчасці, сярод якіх былі, напрыклад, конкурсы акравершаў і «Логін «Максім» (камп'ютарныя прэзентацыі, звязаныя з пісьменнікам).

Нядзіўна, што ўстанова культуры, прысвечаная самаму маладому класіку беларускай літаратуры, стала музеем-гасцёўняй, музеем-правакацыяй для творчай моладзі. Пры літаратурным музеі ўтварылася творчая маладзёжная групоўка «Вежа міру» (назва — з казкі Максіма Багдановіча). Штомесяц, а то і два разы на месяц тут збіраюцца цікавыя асобы. Выступаюць як ужо вядомыя літаратары, так і тыя, якія ўпершыню заяўляюць пра сябе. «Вежа міру» не абмяжоўваецца толькі літаратурай, тут імкнуцца паказаць творчае жыццё ва ўсёй разнастайнасці. Ужо збіраліся мастакі, музыкі, мультыплікатары. Музей Багдановіча стаў пачынальнікам такога руху, як музейны хэнд-мэйд (фестываль «Поруч»), прычым тут можна было паглядзець не толькі як працуюць майстры, але і ўзяць у іх урок. Да фестывалю супрацоўнікі зрабілі і выставу «хэнд-мэйду» з фондаў музея. Так, тут ёсць шафа, зробленая рукамі бацькі Максіма, вышыўкі бабулі пісьменніка, жабо Зоські Верас.

На мелі недасведчанасці?

Дарэчы, калі ўжо справа зайшла пра экспанаты музея, відаць, варта разабрацца з адным з самых «раскручаных» — нібыта інтымным дзённікам паэта. Даходзіць да таго, што часам у музей завітваюць госці, якія, па-змоўніцку падміргваючы, просяць супрацоўнікаў музея даць ім паглядзець некалькі разваротаў з «інтымнага дзённіка».

Насамрэч так званы «дзённік» — гэта паперчына, рукапіс Максіма Багдановіча 1915 года, надпісы на якім амаль сцёртыя, складана што-небудзь разабраць. На ім усяго 16 радкоў, абрыўкі выразаў.

Да 30-годдзя заснавання музея ладзілася серыя выстаў. З фондаў музея выстаўляліся каштоўныя рэчы, якія раней ніколі не былі ў экспазіцыі. У тым ліку і гэты рукапіс 1915 года. Было вельмі прыкра, калі ў наведвальнікаў больш цікавасці выклікала назва  «Інтымны дзённік», чым сам рукапіс. Людзі падыходзілі, расчаравана глядзелі «на нейкую складзеную ў 4 разы паперчыну».

Добра, калі ёсць цікавасць да спадчыны Багдановіча, але хіба яна павінна падсцёбвацца такім чынам?

Супрацоўнікі музея лічаць, што чым менш будзе выкарыстоўвацца такі выраз, як  «інтымны дзённік», тым менш будзе глупства.

Яшчэ адным цёмным піяр-ходам можна лічыць намёкі на дрэнныя адносіны паміж сваякамі, нібыта Максім Багдановіч быў закаханы ў сваю стрыечную сястру Нюту. Насамрэч Нюта была вельмі разумная асоба, з цудоўным пачуццём гумару, з ёй любіў паразмаўляць бацька паэта Адам Ягоравіч. Намнога старэйшы, ён часам пытаўся ў дзяўчыны парады. У музеі захоўваюцца яе лісты сваякам. Вядома, Максіму і размаўляць, і сябраваць з ёй было прыемна. Але навошта было той факт, што Максім падарыў Нюце зборнік вершаў, выкарыстоўваць з непрыгожымі намёкамі?

Дарэчы, увесь час знаходзяцца экспанаты, якія даюць новыя цікавыя звесткі. Напрыклад, музею была перададзена рэшта архіва Адама Ягоравіча, які быў вельмі акуратным чалавекам. Калі ён некуды звяртаўся з лістом, у сябе заўсёды захоўваў копію.

У музеі на экспазіцыі ёсць геліягравюра «Мадонна з дзіцем», пра яе звычайна расказвалі гісторыю, што ў 1918 годзе ў Яраслаўлі былі вельмі цяжкія часы. Хворы Адам Ягоравіч з'ехаў са свайго дома за некалькі дзён да таго, як там адбыўся пажар. Калі ён вярнуўся, на папялішчы знайшоў гэтую гравюру, якая, верагодна, была падаравана Адаму Ягоравічу Максімам Горкім.

Але ў архіве быў знойдзены цікавы дакумент — зварот у паліцэйскае ўпраўленне Адама Ягоравіча, дзе ён піша, што ёсць сведкі, якія бачылі, як напярэдадні таго, як згарэў дом, суседзі выносілі пажыткі Адама Ягоравіча. Ён там дакладна пералічвае — каструлі, падушкі, коўдры, усё, што ў той ваенны час мела нейкую каштоўнасць. Ён нават піша, што вывозілі на дзвюх падводах усё, што было нажыта. Гравюра ж не спатрэбілася, яе проста адкінулі, таму яна і захавалася. У музеі захоўваецца і пасведчанне аб шлюбе Марыі Апанасаўны і Адама Ягоравіча, якое цікавае тым, дзе яно зарэгістравана. Адам Ягоравіч жыў і працаваў у Менску, але чаму маладыя паехалі вянчацца ў Хмарына-Гарадоцкую царкву? Аказалася, што святар гэтай царквы быў сябрам Адама Ягоравіча. Марыя Апанасаўна ў той час вучылася ў Пецярбургу, сваю адукацыю не скончыла і, верагодна, яе маці не дала згоду на шлюб. Каб святар абвянчаў без блаславення бацькоў, яны звярнуліся да свайго сябра.

Гэтай вясной у музей вярнуўся арыгінальны зборнік Максіма Багдановіча «Вянок», які даслалі з Украіны, прычым паведаміў пра яго хлопец, які звязаўся з музеем праз інтэрнэт.

Зборнік пашарпаны, падраны, але шчасце, што ён захаваўся. Сёння вядома пра 29 арыгінальных зборнікаў, якія захоўваюцца ў розных музеях, бібліятэках, архівах. У літаратурным музеі іх 6, тры маюць аўтографы Максіма Багдановіча. І гэта самая вялікая калекцыя.

8-13

Што зменіцца пасля капрамонту?

У планах няма такога, што памяняецца экспазіцыя. Літаратурны музей Максіма Багдановіча быў адным з самых прыгожых музеяў сталіцы, і наўрад ці тут трэба нешта мяняць. Затое патрабуюць аднаўлення сістэмы вентыляцыі, кандыцыянавання, асвятлення, якія ўжо не адпавядалі патрабаванням. Напрыклад, тут экспануецца слуцкі пояс, якому больш за 200 гадоў. Зразумела, патрэбны асаблівыя ўмовы, каб гэты і іншыя экспанаты выглядалі належна і яшчэ многія гады радавалі наведнікаў.

У музеі сабраўся вельмі малады і крэатыўны калектыў, але тут чакаюць ідэй і ад наведвальнікаў, гатовы падтрымаць прапановы, якія супадаюць з мэтамі музея, накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, беларускай культуры.

«Мы хочам, каб музей заставаўся жывым, каб ён дапамагаў, — заўважаюць супрацоўнікі. — І прыклады такія ёсць. Так, адзін з вершаў Максіма Багдановіча папрасіў перапісаць салдат, які быў на экскурсіі. Ён спадзяваўся, што з дапамогай гэтага верша яму ўдасца заваяваць сэрца сваёй дзяўчыны, якую звалі Ганна».

Музей настаўніка

Літаратурны музей Максіма Багдановіча знаходзіцца ў Траецкім прадмесці на вуліцы, названай у гонар паэта. Але зараз узнімаецца пытанне аб тым, каб аднавіць у Траецкім сам дом, дзе нарадзіўся пісьменнік. Прычым ідэя пра аднаўленне дома ўзнікае не ў першы раз. Да нядаўняга часу нават была захавана частка падмурка. Калі падмурак быў зруйнаваны, грамадскасць пачала ставіць пытанні аб тым, каб нейкім чынам ушанаваць гэтае месца.

Калі дом будзе адноўлены па тым плане, што захаваўся, гэта будзе двухпавярховы будынак, дзе мог бы размясціцца філіял музея Багдановіча. З аднаўленнем гэтага дома можна будзе стварыць кальцавы маршрут-экскурсію «Шляхамі Максіма Багдановіча», які б уключаў дом, дзе нарадзіўся паэт, у якім захоўваецца памяць, і помнік Максіму.

Сабрана багата матэрыялу, каб запоўніць новы музей. Акрамя пакоя Максіма, можна было б зрабіць некалькі залаў, прысвечаных яго бацьку Адаму Рыгоравічу, які быў настаўнікам і загадчыкам вучэльні.

Паколькі на гэтым месцы размяшчалася першая мінская прыходская вучэльня, тут можна было б стварыць пакоі, прысвечаныя настаўнікам, можна аднавіць класы ці наогул стварыць музей адукацыі. А як вам такая ідэя: ладзіць урокі беларускай літаратуры ў музеі, дзе адноўлены вобраз пачатковай школы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя? Тут мог бы быць і Дом настаўніка. Гэтае месца магло б аб'яднаць музейшчыкаў, настаўнікаў, дзеячаў літаратуры і культуры.

Няздзейсненая мара паэта?

А вы ведаеце, што музейныя супрацоўнікі спраўдзілі мару паэта? Максім Багдановіч, даведаўшыся пра лялечны тэатр батлейку, які быў наладжаны мінскай інтэлігенцыяй у беларускай кнігарні на Каляды 1915 года, пачаў марыць, што было б цудоўна ўзяць скрыню, сабрацца з сябрамі ў вандроўку па Беларусі з такімі спектаклямі. Паэт не паспеў нічога зрабіць для адраджэння на той час ужо прызабытага традыцыйнага лялечнага тэатра. Затое ў канцы ХХ стагоддзя, у тым будынку, дзе паэт напісаў такія творы, як «Пагоня» і «Страцім-лебедзь», як толькі адкрыўся філіял літаратурнага музея «Беларуская хатка», пачаліся батлеечныя спектаклі.

Спецыяльна для музея была замоўлена копія магілёўскай батлейкі ХІХ стагоддзя з камплектам лялек.

Калі стала зразумела, што лялькі, якія «жывуць» у незвычайнай скрыні, цікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых, супрацоўнікі пачалі задумвацца пра тое, што не варта абмяжоўвацца толькі старажытнымі традыцыйнымі спектаклямі, ужо апрацаванымі для паказу на батлеечнай сцэне беларускімі казкамі: ёсць задума рабіць інтэрмедыі, звязаныя з сучасным жыццём. Тэксты былі перакладзены на нямецкую і англійскую мовы, і тут ладзіліся спектаклі для замежнікаў, якія глядзелі іх з шырока расплюшчанымі вачыма. Яны не разумеюць, што так танна можна прыйсці ў музей і паглядзець такія незвычайныя шыкоўныя рэчы.

Між іншым, раней батлейка пастаянна знаходзілася ў «Беларускай хатцы», але калі ў сувязі з рамонтам яна была скранутая з месца, супрацоўнікі музея падумалі: а чаму б ёй не пачаць падарожнічаць? Батлейка можа выехаць і ў школу, і, напрыклад, на карпаратывы. Усё ж у мінулым такія лялечныя спектаклі даваліся на плошчах на забаву вялікай колькасці людзей. А якія былі Каляды без батлейкі?

Вядома, глядзець батлейку лепш у самім музеі, дзе сапраўды ствараецца ўражанне, што трапляеш на спектакль з мінулага стагоддзя. Усё дзякуючы пэўнаму атачэнню, прытушанаму святлу, асвятленню газніц, старым музычным інструментам, сценам, пахам. Дарэчы, у «Беларускай хатцы» цёмна невыпадкова, бо Максім Багдановіч пісаў па начах, і тут вокны з зацемненым шклом.

Лялькі з батлейкі — сёння частыя госці ў розных школах. Прычым маленькія вучні не толькі даведваюцца пра старажытны тэатр, а нават з супрацоўнікамі музея самі робяць батлеечную ляльку.

Двойчы ў адну раку?

Музей Максіма Багдановіча — гэта не застылыя пакоі з пэўным асяроддзем, а жывы арганізм. Тут нараджаюцца ідэі, робяцца адкрыцці, праходзяць выставы і фестывалі, адкрываюцца новыя імёны. Нават сёння, калі і сам літаратурны музей, і яго філіял  «Беларуская хатка» знаходзяцца на рамонце, супрацоўнікі працягваюць актыўную працу на карысць беларускай мовы, культуры.

Узгадаю, што на гэты год прыпаў не толькі юбілей Максіма Багдановіча. У музея, які носіць яго імя, таксама юбілейны год, бо ён заснаваны першага красавіка 1981 года. За гэты час была створана цудоўная экспазіцыя. Але збор асабістай і літаратурнай спадчыны працягваецца, і музей пастаянна папаўняецца цікавымі экспанатамі, якія дапамагаюць больш даведацца пра Максіма Багдановіча і яго блізкіх.

Толькі экскурсіямі ды лекцыямі з выкарыстаннем прадметаў з фондаў, высакаякасных копій і апошнім часам камп'ютарных прэзентацый жыццё музея не абмяжоўваецца. Між іншым, як нельга двойчы ўвайсці ў адну раку, так немагчыма патрапіць на аднолькавыя экскурсіі.

Сакрэт гэты раскрываецца вельмі проста. У музеі працуе некалькі экскурсаводаў, і кожны прапускае інфармацыю праз сябе, свае погляды, інтарэсы, сваё ўяўленне, вылучае пэўныя цікавосткі, засяроджвае ўвагу на нейкіх фактах. І як вынік — кожны раз можна атрымаць новы вобраз Максіма Багдановіча.

Няма праграмы, якую б можна было вывучыць і ўвесь час працаваць па ёй. Падбіраюцца экспанаты, якія будуць цікавыя той ці іншай групе. Так, замежных турыстаў менш цікавіць Багдановіч як асоба, яны больш звяртаюць увагу на этнаграфію і фальклор. Таму замежнаму госцю супрацоўнікі расказваюць пра беларускія традыцыі, пра пераасэнсаванне фальклору Максімам Багдановічам, і, вядома, увага звяртаецца на экспанаты, звязаныя з традыцыямі (у экспазіцыі музея прадстаўлены вырабы з гліны, саломкі, ручнікі).

Свая сістэма падачы інфармацыі пад кожны ўзрост. Адна справа, калі ў музей прыходзяць, напрыклад, настаўнікі беларускай мовы, і іншая — дзеці. Апошнім часам вельмі актыўна пачалі прыходзіць вучні пачатковай школы. І музею давялося вырашаць пэўную праблему. Справа ў тым, што экспазіцыя разлічана на больш дарослага наведніка, ад 7-га класа і старэй. Але тут знайшлі цікавыя метады працы нават з маленькімі дзеткамі. Напрыклад, дзятва адпраўляецца на машыне часу ў чароўнае падарожжа, адказвае на пытанні, выконвае заданні экскурсавода, заплюшчвае вочы, малюе вобраз Максіма, загадвае жаданні.

Алена Дзядзюля

Рубрики: Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах