https://www.traditionrolex.com/8
<p>Аб турыстычных асаблівасцях Беларусі, рэстаўрацыі гістарычных помнікаў у краіне і ролі беларускіх экскурсаводаў знакаміты гісторык рассказаў вядомаму журналісту Глебу Лабадзенка (<a href="TUT.BY" target="_blank">TUT.BY</a>). Прапануем урыўкі з размовы.</p>
23 снежня доктар гісторыі Захар Шыбека прачытае публічную лекцыю пра беларускія мястэчкі. Лекцыя пачнецца а 18.30 у галерэі Шчамялёва (Ракасоўскага, 49). Уваход вольны!

Калі журналісты прадстаўляюць Захара Шыбеку, то часта пішуць коратка: «найлепшы знаўца гісторыі Мінска». Тым больш цікавая тэма ягонай публічнай лекцыі з цыкла Urbi et Orbi («Гораду і Свету») – «Скарбы беларускіх мястэчак: набыткі, страты, надзеі на адраджэнне». Слова «мястэчка» цяжка перакласці на іншыя мовы, бо «городок», «town» – гэта ўсё не тое, яно не перадае сутнасці гэтага «ўласнабеларускага» населенага пункта. А мястэчак у перыяд росквіту ў Беларусі было больш за 400! І большасць з іх мела магдэбургскае права (права на самакіраванне), у той час як у Расійскай імперыі пра такое нават не чулі.

«Майстэрства беларускага экскурсавода – расказаць пра тое, чаго няма»

– Спадар Захар, мне вельмі спадабалася ваша думка, што на настальгіі па мінулым – у тым ліку па мінулым нашых мястэчак – трымаецца турыстычны бізнес. Гэта толькі ў нас так ці гэта агульная тэндэнцыя: што мінулае вабіць нас больш за сучаснае?

Захар Шыбека: Настальгія – гэта ўніверсальная заканамернасць, якая назіраецца ўсюды. Але ў іншых краінах Еўропы, у адрозненне ад Беларусі, настальгія дапаўняецца багатай гісторыка-культурнай спадчынай, якую народы Еўропы захавалі. А ў нас часам турызм грунтуецца толькі на настальгіі, таму што свае скарбы мы, на жаль, не змаглі захаваць. І таму ў нашым турыстычным бізнесе вялікае значэнне мае інфармацыя, пазнавальны турызм, майстэрства экскурсавода – расказаць пра тое, чаго няма, гледзячы на руіны, стварыць вобраз нечага прывабнага і прыгожага. Таму турызм наш даволі спецыфічны.
– Суседзі пайшлі далей: Каралеўскі замак у Варшаве адноўлены ў 1970-х гадах, Тракайскі замак таксама ў другой палове ХХ стагоддзя паўстаў з руін, разбураны касцёл у Гданьску таксама падняты... Чаму мы расказваем «тут быў…», а яны як мінімум –  «вось такі ён быў…», а найчасцей – «вось ён ёсць…»? Які спосаб больш шчыры ў дачыненні да гісторыі?

Захар Шыбека: Больш шчыры да гісторыі спосаб – паказваць руіны. І такі спосаб робіцца цяпер універсальным у еўрапейскіх краінах. Але ўлічваючы спецыфіку Усходняй Еўропы, у тым ліку і Беларусі, дзе пракацілася такая вынішчальная вайна як Другая сусветная, ёсць Рымская хартыя 2000 года, якая дазваляе ўзнаўляць поўнасцю вынішчаныя помнікі гісторыі і культуры. Але аднаўляць па адпаведных канонах рэстаўрацыі – з гістарычнай дакладнасцю будынка, ужываннем па магчымасці аўтэнтычных матэрыялаў (калі іх няма, трэба арганізаваць іх вытворчасць), трэба аднаўляць не толькі аб’ект, але і ландшафт вакол яго. Гэта дапушчальна, і гэта ў нас паціху робіцца – але часам без прытрымлівання гэтых міжнародных прынцыпаў.
 

«Брычка губернатара» каля мінскай ратушы – гэта абуральна!»

– Мала ўзгадаецца прыкладаў, калі ў нас стварылі вытворчасць адмысловай цэглы, каб аднавіць помнік… Але вось, напрыклад, мінская ратуша, якую паставілі на тое самае месца, прыкладна ў тым самым выглядзе і патынкавалі. Ясна, што пад гэтым тынкам – сучасная цэгла з дзірачкамі. Дык ці настолькі прынцыпова, якая цэгла будзе пад тынкам, калі аднаўляецца відарыс гораду?

Захар Шыбека: Для спецыялістаў гэта мае значэнне – з якога матэрыялу ўзноўлены будынак. Ваш прыклад менш відавочны, але ж ёсць прыклады, калі новы матэрыял выпірае з помніка вонкі…
– …Лідскі замак?

Захар Шыбека: Так. У гэтым выпадку любым наведвальнікам аб’екта ён не ўспрымаецца як гістарычны. Асабліва калі гэта рабілі будаўнікі, якія маюць справу з панэльнымі дамамі. Нас падводзіць паспешнасць – хутчэй, хутчэй, трэба ўвесці, ёсць план… Напрыклад, Ніжні замак у Вільні аднаўлялі каля 10 гадоў. Ніхто нікуды не спяшаўся – гэта быў такі працэс паглыблення ў матэрыял, у эпоху, вывучэнне ажно да драбязы – спецыялісты з усяе краіны прымалі ў гэтым удзел. А ў нас усё вырашае прараб ці нейкі будаўнік-інжынер, які не мае спецыялізацыі ў рэстаўрацыі. У выніку і з’яўляюцца аб’екты, якія не адпавядаюць правілам рэстаўрацыі. Насупраць  ратушы – гатэль «Еўропа». Гэта супрацьлегласць таму, што зроблена з  ратушай! Там не толькі сучасны матэрыял – але гатэль не на тым месцы пабудаваны, парушаны яго выгляд (дабудаваны яшчэ адзін паверх). І выдаваць такі дом за гістарычны помнік ніяк не выпадае, бо гэта – навабуд, сучасны будынак «а-ля даўніна»! Такіх «Еўроп» можна набудаваць па ўсім горадзе, па ўсёй Беларусі – і яны не будуць мець ніякай гістарычнай каштоўнасці. А вось ратуша – яна ўжо стварае вобраз, гістарычна дакладную атмасферу, больш-менш адпавядае стандартам. Праўда, і там ёсць пэўныя парушэнні – і з фундаментам, і побач быў разбураны фантан, які меў гістарычнае значэнне…
– Каля ратушы аднавілі царкву Святога Духа, але не ўтрымаліся – і ляпнулі побач убогі ўваход, як у маўзалей. Адкуль такія глупствы лезуць?

Захар Шыбека: У гэтым выяўляецца амбітнасць нашых архітэктараў – хоць што-небудзь, але сваё ўнесці. Як той жа шкляны купал каля ратушы…
– Дык пад Луўр закасілі!..

Захар Шыбека: Пад Луўр, але атрымаўся карлік нейкі! А з другога боку ратушы – сімвал нашай каланіяльнай залежнасці, «брычка губернатара». Ратуша – гэта сімвал еўрапейскай свабоды, а губернатар – сімвал царскага дэспатызму і, уласна кажучы, скасавання гэтай ратушы! Калі ж мы бярэм царкву Святога Духа – то і тут парушаныя каноны. Бо адноўлены помнік мусіць мець функцыянальнае значэнне, набліжанае да ранейшага. То бок, тут мусіў размясціцца храм! А яны, атрымліваецца, пабудавалі філармонію ў выглядзе храма! Нам не хапае культуры, ведання сваёй гісторыі, традыцыі. Не хапае спецыялістаў у аднаўленні – абы хутчэй, абы прыгожа.
– Вы прыгадалі, што Ніжні замак у Вільні аднаўлялі 10 гадоў. Але Мірскі замак аднаўлялі 25 гадоў – і атрымалася недасканала… Дык, можа, ёсць сэнс запрашаць замежных спецыялістаў?

Захар Шыбека: Былі спробы запрашаць, але гэта каштуе грошай – а ў нас на ўсім імкнуцца сэканоміць. Зараз у нас наладжаная падрыхтоўка спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі. Гэта маладыя людзі. Калі яны дасягнуць майстэрства – невядома… У нас быў такі класны рэстаўратар Уладзімір Папруга, але тут яму не далі працаваць, і цяпер ён працуе за мяжой, у Венесуэле…
– Вы кажаце пра руіны, а мне прыгадваецца адна, пра якую шмат спрэчак вядзецца апошнія гады, – Каложа (Барысаглебская царква) ХІІ стагоддзя ў Гродне. Знайшліся фантазёры, якія хочуць «дабудаваць» яе. Што вы пра гэта думаеце?

Захар Шыбека: Я думаю, што калі нашы рэстаўратары возьмуцца за гэтую царкву, яны яе загубяць. Гэта яркі прыклад таго, што лепш захаваць рэшткі – галоўнае, закансерваваць ацалелую частку. А частка, якой нестае, можа і застацца такой сімвалічнай – з дрэва ці іншага матэрыялу. Каб людзі бачылі, што вось гэта – штучнае, а гэта – натуральнае. А калі мы ўсё пераробім і будзем выдаваць за аб’ект ХІІ стагоддзя – гэта будзе падман людзей, фальсіфікацыя.
https://www.traditionrolex.com/8