https://www.traditionrolex.com/8
<p>24 снежня ў памяшканні гандлёвага дома «Гарызонт» адкрыецца «Арт Сядзіба» – «шматфункцыянальная піва-фрэндлі прастора для творчых людзей». Новая кропка для канцэртаў, выстаў ды імпрэз мае прыцягнуць усіх, хто марыць пра свабодную творчасць і мастацтва без межаў</p>

24 снежня ў памяшканні гандлёвага дома «Гарызонт» адкрыецца «Арт Сядзіба» – шматфункцыянальная піва-фрэндлі прастора для творчых людзей. Новая кропка для канцэртаў, выстаў ды імпрэз мае прыцягнуць усіх, хто марыць пра свабодную творчасць і мастацтва без межаў. 34mag зайшоў на новую культурную кропку сталіцы падчас рамонту, каб даведацца, хто і навошта вырашыў «разварушыць стабільнасць».

Крыху паблукаўшы па калідорах зубра беларускай прамысловасці, знаходзім дзверы «Арт Сядзібы», за якімі ў хуткім будучым нас чакаюць «цікавыя сустрэчы, выставы, канферэнцыі, прэзентацыі ды культурніцкія імпрэзы». У пакоі на 50 квадратных метраў сядзяць хлопцы са стрыт-арт-суполкі Signal. Яны адпачываюць ад размалёўкі сцен у кампаніі «Аліварыі». Ідэйны натхняльнік «Арт Сядзібы» Павел паказвае вынікі рамонту: трафарэты з Уорхалам, прамысловыя трубы ўсіх колераў вясёлкі, стракатыя шафы і шматлікія графіці.

Паводле думкі заснавальнікаў, у памяшканні змесціцца 60–70 чалавек, а закрыццё ўсіх суседніх офісаў а 18.00 дазваляе спяваць і весяліцца без рызыкі бліжэй пазнаёміцца з айчыннай міліцыяй.

Улетку 24-гадовы Павел прыйшоў з войска і пачаў займацца кар’ерай рэпера Vinsent’а. А пакуль той штурмуе айчынны ды польскі кінапарнас, вырашыў разам з вялікай групай паплечнікаў адкрыць «Арт Сядзібу». «Недзе два месяцы таму з’явілася ідэя арганізаваць арт-прастору, у якой будзе ўтульна нам і якая будзе карысная маладым артыстам, – кажа Павел. – Зарэгістравалі інфармацыйна-асветніцкую ўстанову Amaroka, знялі за 500 даляраў офіснае памяшканне на другім паверсе гандлёвага дома «Гарызонт» і пачалі пазбаўляцца ад завадскога мінулага: паспілоўвалі амаль усе трубы, навялі парадак. Вось хлопцы нам сцены прыгожа размалявалі».

Пакуль хлопцы з арцелі Signal упрыгожваюць сцены над уваходам пульхнымі анёламі і кветкамі лотасу, Павел распавядае пра місію «Арт Сядзібы» і яе будучыню: «Па-першае, мы плануем адкрываць новыя музычныя імёны і даваць прастору творчым суполкам. Па-другое, будуць прэзентацыі кніг, часопісаў, «круглыя сталы». У далейшым плануем, што сядзіба будзе адкрыта з 10-й раніцы да 10-й вечара, і кожны зможа сюды прыйсці, каб паразмаўляць, паглядзець кіно і паслухаць музыку».

artprastora_big

Найбліжэйшы план – удала правесці адкрыццё прасторы 24 снежня. Будзе граць Рэспубліка Паліна, якую Павел называе не інакш як «беларуская Аліна Арлова». «У студзені будзе выстава беларускіх стрыт-арцераў, – дадае Павел. – Мінскі кінаклуб прапанаваў ладзіць кінапрагляды. Шмат хто жадае супрацоўнічаць, такіх пляцовак у Мінску амаль няма».

Ад паху свежай фарбы робіцца трохі млосна, і мы пачынаем гутарку пра небяспеку адкрыцця арт-пляцовак у краіне, дзе культура – прэрагатыва адпаведнага міністэрства. «Мы не хочам сябе пазіцыянаваць як апазіцыйная тусоўка. Мы культурна-асветніцкая арганізацыя! Калі пачнуць прыкрываць, то я асабіста пайду «на дыван» да Латушкі і скажу: «Што робіце?! Мы тут культуру развіваем!». А пакуль мы радыя і Вольскаму, і Вайцюшкевічу, і Кулінковічу. Калі яны гатовы выступаць за ідэю, бо грошай пакуль няшмат», – дэманструе рашучасць Павел.

У будучыні яны плануюць здаваць памяшканне ў арэнду за € 20 за гадзіну, а за некаторыя канцэрты браць сімвалічныя «10–15 тысяч у выглядзе сяброўскага ўнёску на развіццё». Пакуль жа стваральнікі ў пошуках добрых людзей і мэблі. «Прыцягні, што можаш: фатэль, стул, канапу, – распавядае Павел. – Падарункі нам патрэбны. Але больш патрэбны фундатары і людзі, якія гатовы дапамагчы грашыма добрай справе».

Намаляваныя анёлы задуменна глядзяць на будучыню арт-прасторы. Мастакі выпілі сваё піва, і мы ўсе разам ідзем па апакаліптычных калідорах «Гарызонту» да выхаду. Развітваючыся, Павел жартам вызначае ўсю канцэпцыю «Арт Сядзібы»: «Мы самі пакуль не ведаем, што тут будзе. Але, спадзяемся, будзе весела».

https://www.traditionrolex.com/8