https://www.traditionrolex.com/8
<p>Сцены  невялікага музейнага пакоя ў Корнадзскім дзіцячым садзе-сярэдняй  школе  спрэс упрыгожаны вышыванымі ручнікамі. На тканай аснове, грубыя і   мяккія, з адбеленага кужалю пачатку XX стагоддзя…</p>

Як паведамляе «Гродзенская праўда»:

Сцены невялікага музейнага пакоя ў Корнадзскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе спрэс упрыгожаны вышыванымі ручнікамі. На тканай аснове, грубыя і мяккія, з адбеленага кужалю пачатку XX стагоддзя…

Вытканыя за зіму палотны па першых летніх росах бялілі на мокрым лузе. Разасланыя па маладой траве, пад пяшчотнымі промнямі ранішняга сонца, палотны нараджалі вобраз дарогі, што кліча і вядзе ў неспазнаны свет. А калі такі ручнік вешалі сушыць на сонцы, ён нагадваў белакрылага птаха. Ветрык ціха варушыў яго канцы, і здавалася, што ручнік вось-вось узляціць у неба…

А вось ручнікі сярэдзіны мінулага стагоддзя. Ужо на купленай, як казалі, крамнай аснове. Сакавітыя, яркія фарбы – вачэй не адарваць! Вось ручнікі ваўкавыска-пружанскага строю, аздобленыя на канцах адной ці некалькімі палосамі-бардзюрамі. Ручнікі Панямоння – адно зіхуткае кола.

Не адвесці вачэй ад саматканага ручніка, якому звыш сотні гадоў. «Работа мучит, но кормит и учит. Злой не верит, что на свете добрые есть», – вышыла майстрыха на шэра-белым палатне. Так нашы продкі аддавалі даніну павагі працавітаму чалавеку са шчодрай і прыгожай душой.

Повязь роду

Бытавыя ручнікі майстрыхі з вёскі Ханявічы назвалі ўціральнікамі. Ва ўсіх вёсках Свіслаччыны яны выглядалі аднатыпна: даўжынёй каля паўтара метра, вытканы палатняным, а часцей саржавым перапляценнем. Канцы іншы раз упрыгожваліся сціплымі палоскамі натыкання, а часцей аздабляліся карункамі.

2

У некаторых сем’ях вісеў на кухні скарач – ручнік, сшыты з двух палотнішчаў з доўгімі махрамі на канцах. У іх насілі абед у поле. У вёсцы Верашчакі выкарыстоўваліся надзежнікі – палатняная накрыўка для дзяжы. Яе таксама ўжывалі на ўрачыстым паднашэнні хлеба-солі.

Сімвалічная ідэя дабра найбольш ёміста ўвасоблена ў ручніках-абыдзённіках і аброчных (абракальных) ручніках. Да звычаю іх калектыўнага вырабу – ад прадзення ніці і заканчэння ткацтва – звярталіся тады, калі трэба было адвесці ад вёскі бяду. Абыдзенны ручнік вывешвалі на драўляны крыж у пачатку ці на выездзе з вёскі.

Набожнікі прызначаліся для ўпрыгожвання абразоў. Майстрыха Ніна Сухоцкая з вёскі Лаўрынавічы казала, што яе маці для такіх ручнікоў выкарыстоўвала спецыяльныя знакі – ромбы, крыжы, кругі. На падножнік станавіліся маладыя ў час вянчання. Ручніком перавязвалі сватоў, дарылі дружкам і г.д. Звычайна да вяселля дзяўчына рыхтавала не менш дзесяці ручнікоў.

Прымяняліся ручнікі і ў пахавальных абрадах і звычаях. У вёсцы Новы Двор труну памерлага малога дзіцяці апускалі ў магілу на ручніках, а дарослага – на белым палатне. Адна з такіх тканін – кусок шэра-белага саматканага палатна з саржавым перапляценнем – набыта для школьнага музея ў вёсцы Студзенікі.

Ручнік у паўсядзённай будзённасці і ў сакральныя моманты зносін з душамі продкаў рабіўся той бачнай повяззю, якая злучала два светы ў адзіную прастору, дазваляла асобнаму чалавеку і ўсёй сям’і адчуваць сваю еднасць з родам.

 Спосабы выканання беларускай народнай вышыўкі самабытныя і даволі разнастайныя. Большасць выканана наборам або гладдзю, крыжыкам. Ёсць яшчэ група дапаможных швоў – «уперад іголку», сцябліністае шво. Майстрыха Валянціна Свістун для школьнага музея прапанавала саматканы льняны ручнік, аздоблены тамбурным швом. У вёсцы Падчарнейкі ёсць ручнікі з шматтонавай гладдзю. Добра прадстаўлены ў школьным музеі пераборныя ручнікі. А якія цікавыя каларыстычныя спалучэнні, разнастайны арнамент, незвычайная вытанчанасць і дробнасць ткацкага малюнка…

3

«Магу дзяцей навучыць таму, чаго сама не ўмею»

Каб стварыць скарбніцу ручнікоў, школьнікі пад кіраўніцтвам настаўніцы абслуговай працы і беларускай мовы Вольгі Лысевіч абышлі навакольныя вёскі раёна, а таксама бліжэйшыя вёскі суседніх Ваўкавыскага і Пружанскага раёнаў.

Школьнікі не толькі з году ў год папаўняюць сваю каштоўную скарбніцу, але і даследуюць ручнікі. Распрацаваны адукацыйны праект развіцця даследчых уменняў вучняў. Гэта і беларускае народнае мастацтва, і асаблівасць ручнікоў ваўкавыска-пружанскага строю, і вобразы-сімвалы ў беларускім народным мастацтве, і г.д. Шэсць этапаў праекта ўжо рэалізавана.

Навуковая даследчая работа корнадзскіх школьнікаў з арыгінальнымі праектамі – сапраўдная творчая лабараторыя, бадай, адзіная такога кшталту на Гродзеншчыне. Велізарны пласт народнай творчасці самастойна вывучаны і аформлены. Кожнае слоўца абаснавана, на сваім месцы.

– Акрамя таго, што мы збіраем экспанаты і займаемся навукова-даследчай працай, – расказвае Вольга Лысевіч, – мы яшчэ спрабуем атрыманыя звесткі прымяніць на практыцы, ствараем ручнікі. Для нашай мясцовасці характэрны белыя ручнікі, мы іх вышываем. У нас дзеці валодаюць усімі тэхнікамі вышыўкі.

4

Дзеці вышываюць не толькі ручнікі, але і пано з элементамі пейзажу і вершамі беларускіх паэтаў, скарыстоўваючы ўпрыгожваючае шво «назад іголку». А яшчэ ў гуртку  «Народныя промыслы», якім кіруе Вольга Аляксандраўна, знаёмяцца з дасягненнямі ўласнай нацыянальнай культуры, распрацоўваюць арыгінальныя сувеніры, вучацца спалучаць традыцыйныя беларускія тэхнікі з новымі тэхнікамі, такімі, як квілінг, фігуркамі з салёнага цеста і інш.

А яшчэ пішуць вершы. Адзін  прыклад. У абласным конкурсе «Гродзенская мыш» амаль з сотні былі вылучаны 14 лепшых вершаваных твораў. З іх чатыры – корнадзскіх школьнікаў.

Галіна РАМАНЧУК

https://www.traditionrolex.com/8