https://www.traditionrolex.com/8
<p>Адзін з першых айчынных выставачных праектаў,  прысвечаных ваенным  падзеям дзвюхсотгадовай даўніны, распачаўся ў  Нацыянальным гістарычным  музеі. У некалькіх залах дэталёва адлюстраваны  драматычныя старонкі  вайны 1812-га ў гісторыі Мінска. Пры гэтым, як  адзначыў дырэктар  установы Сяргей Вечар, многія з прадстаўленых у  экспазіцыі прадметаў  дэманструюцца ўпершыню</p>

Як паведамляе «Культура»:

Адзін з першых айчынных выставачных праектаў, прысвечаных ваенным падзеям дзвюхсотгадовай даўніны, распачаўся ў Нацыянальным гістарычным музеі. У некалькіх залах дэталёва адлюстраваны драматычныя старонкі вайны 1812-га ў гісторыі Мінска. Пры гэтым, як адзначыў дырэктар установы Сяргей Вечар, многія з прадстаўленых у экспазіцыі прадметаў дэманструюцца ўпершыню.

Варта адзначыць, што ўдзельнікамі выставачнага праекта з'яўляюцца таксама Віцебскі і Магілёўскі абласныя краязнаўчыя музеі, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава, а таксама Нацыянальны гістарычны архіў і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Як аказалася, вайна 1812 г., нягледзячы на яе маштаб і значнасць для нашай краіны, на жаль, да канца так і не асэнсавана шырокай грамадскасцю. Больш за тое: многія нашы суайчыннікі працягваюць звязваць гэтую вайну выключна з Расіяй і Францыяй. У той жа час, па словах дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшыні апякунскага савета Нацыянальнага гістарычнага музея Вячаслава Даніловіча, падзеі 1812-га непасрэдна звязаны з айчыннай мінуўшчынай.

На думку беларускіх гісторыкаў, літаральна з першых дзён вайны паміж военачальнікамі рускай і французскай армій – П.I. Баграціёнам і маршалам Л.Н. Даву – разгарнулася нежартоўнае змаганне за Мінск. А як інакш? Праз горад праходзіў адзін з самых кароткіх шляхоў, па якім Баграціён збіраўся выйсці на злучэнне з 1-й Заходняй арміяй Барклая дэ Толі. Каб не дапусціць гэтага, Напалеон накіраваў з Вільні зборны корпус пад камандаваннем свайго лепшага маршала, авангард якога ўжо 8 ліпеня (па новым стылі) без бою ўзяў Мінск.

Як аказалася, у горадзе не чакалі настолькі хуткага наступлення. У выніку значныя запасы мукі, аўса, пораху, рыштунку, а таксама вялікая колькасць шпітальнай маёмасці трапілі ў рукі французаў. Але быў і свой пазітыў. Напрыклад, пад час знаходжання Даву ў Мінску гараджане сталі сведкамі даволі незвычайнага ваеннага параду. У ходзе агляду войскаў маршал, раз'юшаны тым, што ў шэрагах 33-га лёгкага пяхотнага палка было больш за ўсё адстаўшых, у якасці пакарання загадаў палку прадэфіліраваць пад музыку ваеннага аркестра па плошчы Верхняга рынка, трымаючы ружжы прыкладамі ўгару, што ў французскай арміі лічылася вялікай ганьбай. Цікава, што за некалькі гадзін да гэтага па загадзе таго ж маршала былі расстраляны трынаццаць французскіх кірасіраў, злоўленых пры спробе разрабаваць суконную лаўку...

IMG_0214_opt

Усяго ж, па звестках паручніка Ф. Гаеўскага, у Мінску Даву пакараў дзве тысячы марадзёраў. Паводле самых сціплых падлікаў, у перыяд з ліпеня па лістапад 1812-га праз Мінск прайшло больш за 80 тысяч салдат французскай «Вялікай арміі».

Як ні дзіўна, але, па сведчанні архіўных дакументаў, у першыя месяцы вайны гарадское жыццё праходзіла ў настроі эйфарыі. У прыватнасці, 15 жніўня ў Мінску ўрачыста адзначалі дзень нараджэння Напалеона. З гэтай нагоды плошчу Верхняга рынка было вырашана перайменаваць у пляц Напалеона. У гарадскім садзе былі арганізаваны спаборніцтвы па бегу, а пяхота і кавалерыя далі паказальнае выступленне па дакладнасці ў стральбе. Тут жа, у раёне гарадскога сада, быў запушчаны паветраны шар, упрыгожаны віншавальнымі плакатамі. Кульмінацыяй жа ўрачыстасцей стала тэатральная пастаноўка па п'есе Яна Ходзькі «Вызваленне Літвы, або Пераход праз Нёман».

І тым не менш, для Мінска наступствы вайны 1812 года мелі катастрафічны характар. У выніку ваенных дзеянняў, рэкруцкіх набораў, голаду і хвароб насельніцтва Мінска з 11 тысяч чалавек у 1811-м усяго праз некалькі месяцаў скарацілася больш чым у тры разы!..

Як жа ілюструюцца ўсе гэтыя факты ў Нацыянальным гістарычным музеі? Так, у адным з раздзелаў выстаўкі – у так званай уводнай частцы – адлюстравана жыццё Мінска ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Атмасферу горада ствараюць рэпрадукцыі з акварэлей тагачасных мастакоў, даўнія планы горада, а таксама партрэты мінскіх губернатараў. Акрамя таго, у рамках адной з цэнтральных частак экспазіцыі прадстаўлена падрабязная інфармацыя пра расійскую армію. У прыватнасці, дэманструюцца арыгіналы архіўных дакументаў, што сведчаць пра падрыхтоўку царскімі ўладамі да вайны з арміяй Напалеона, а таксама рэканструкцыі і аўтэнтычныя прадметы абмундзіравання, галаўныя ўборы, разнастайныя ўзоры тагачаснай зброі.

Варта звярнуць увагу і на адзін з унікальных экспанатаў выстаўкі – сурдут Аляксандра I з зялёнага сукна з шаўковай падкладкай. Гэтую вопратку будучы цар насіў пад час службы ў Екацерынаслаўскім грэнадзёрскім палку. Акрамя гэтага, вялікую гістарычную каштоўнасць маюць прадстаўленыя гетры брата цара – Канстанціна Паўлавіча.

Не менш цікава пазнаёміцца і з тым, што адбывалася ў Мінску пад час захопу горада французамі. Да прыкладу, у раздзеле «Пляц Напалеона» экспануюцца партрэты членаў камісіі Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, копіі выдадзеных ёю загадаў, а таксама некаторыя нумары «Мінскай часовай газеты». Асобная ўвага стваральнікаў выстаўкі нададзена ўзброеным сілам, што былі створаны Напалеонам на тэрыторыі нашага краю. У прыватнасці, цэнтральны раздзел выстаўкі займае рэканструкцыя вальціжора 22-га пяхотнага палка войск ВКЛ.

На думку Вячаслава Даніловіча, прадстаўленыя прадметы змогуць зацікавіць не толькі аматараў нашай гісторыі, але і прафесійных даследчыкаў. Невыпадкова, бадай, асноўнай задачай выставачнага праекта стала адлюстраванне аб'ектыўнай – гістарычна дакладнай і рознабаковай –карціны драматычных падзей праз прызму паўсядзённасці на прыкладзе Мінска.

Акрамя таго, варта адзначыць, што напярэдадні быў створаны Рэспубліканскі камітэт, прысвечаны ўшанаванню падзей вайны 1812 года. Запланавана правядзенне шэрагу разнастайных мерапрыемстваў у межах усёй краіны. А іх годным падсумаваннем стане буйная міжнародная навуковая канферэнцыя на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да таго ж, мяркуецца, што сёлета выстаўка, пасля завяршэння працы ў Мінску, будзе экспанавацца ў рэгіянальных музеях.

На здымках: фрагменты выстаўкі ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Канстанцін АНТАНОВІЧ
https://www.traditionrolex.com/8