Каляды ў Швецыі вачамi Нiны Рыбiк (+фото)

09.01.2012 - Новости

Каляды ў Швецыі вачамi Нiны Рыбiк (+фото)

Аб тым, як святкуюць Ражджаство ў заходнееўрапейскіх краінах, дзе ўсе — і католікі, і пратэстанты, і хто там у іх яшчэ ёсць – адзначаюць яго 25 снежня, чула шмат. І вельмі хацелася пабачыць усё гэта на свае вочы. Да таго ж мне было абяцана, што на Ражджаство мы паедзем у самую глыбінку гэтай скандынаўскай краіны, так бы мовіць, у паўночную правінцыю, і будзем на свята гасцямі тыповай шведскай сям’і

Як паведамляе «Астравецкая праўда»:

Падарожнічала Ніна РЫБІК

Услед за дачкой працягваю асвойваць Еўропу. Мінулым летам Алёна паказвала мне славутасці Берліна, а сёлета запрасіла на Каляды ў Швецыю.

Аб тым, як святкуюць Ражджаство ў заходнееўрапейскіх краінах, дзе ўсе — і католікі, і пратэстанты, і хто там у іх яшчэ ёсць – адзначаюць яго 25 снежня, чула шмат. І вельмі хацелася пабачыць усё гэта на свае вочы. Да таго ж мне было абяцана, што на Ражджаство мы паедзем у самую глыбінку гэтай скандынаўскай краіны, так бы мовіць, у паўночную правінцыю, і будзем на свята гасцямі тыповай шведскай сям’і.

У Швецыі я ўжо аднойчы была: у 2000 годзе Беларускі саюз журналістаў накіроўваў туды для стажыроўкі ў мясцовай рэгіянальнай газеце некалькі груп журналістаў-«раёншчыкаў»,  у адну з якіх пашчасціла патрапіць і мне. Ад той паездкі засталося шмат уражанняў і ідэй, якія і сёння «працуюць» у нашай газеце. Але пагадзіцеся, адна справа – знаёміцца з незнаёмай краінай з акна турыстычнага аўтобуса пад расповед экскурсавода ці з балкона гатэля, і зусім іншая – паглядзець на іхняе жыццё, што называецца, знутры, пабачыць, як жывуць людзі, пагутарыць з імі, убачыць дэталі, якія для турыста, што аглядае ў асноўным знакамітыя мясціны і магазіны, часцей за ўсё застаюцца закрытымі. Да таго ж маючы пры гэтым у сваім распараджэнні персанальнага перакладчыка і гіда ў асобе дачкі!

Таму ці варта гаварыць, што запрашэнне я ўспрыняла, як цудоўны калядны падарунак!

Колькі гэта каштуе?

Ірландская авіякампанія RYANAIR дзякуючы геніяльнаму, не пабаюся гэтага слова, маркетынгу зрабіла авіяпералёты па Еўропе даступнымі не толькі для сярэдняга класа заходніх еўрапейцаў, але нават для нас, беларусаў. Шкада толькі, што гэтая кампанія пакуль не прыйшла ў Беларусь, і каб хутка, зручна і за даступную цану даляцець да таго ці іншага еўрапейскага горада, трэба спачатку дабрацца да бліжэйшага ад нас аэрапорта, з якім працуе RYANAIR, – Каўнаса. А далей усяго за 30 еўра можна даляцець да шведскага Скаўста, што непадалёк ад Стакгольма – гэтая авіякампанія для змяншэння кошту білетаў якраз і выбірае не самыя буйныя аэрапорты, дзе абслугоўванне больш таннае. Для параўнання: «Белавія» за білет з Мінска да буйнейшага шведскага аэрапорта Арланда возьме з вас больш за 200 еўра, балтыйскія авіякампаніі папросяць яшчэ больш. Што называецца, адчуйце розніцу…

Трэба сказаць, што гэтая цана на білет – без уліку багажу. Але ў якасці ручной кладзі можна ўзяць з сабой у самалёт сумку вагой да 10 кілаграмаў пэўных памераў – мае калядныя падарункі туды лёгка змясціліся, а розныя нацыянальныя гасцінцы накшталт беларускага сала, чорнага хлеба, селядцоў і цукерак фабрыкі «Камунарка», дачка везці забараніла.

Зразумела, прайсці ў самалёт можна толькі пасля пільнага дагляду – асабістага і рэчаў, які з часу майго папярэдняга авіяпералёту ў Берлін стаў яшчэ больш строгім. Ніякай вадкасці больш за 50 мілілітраў, ніякіх металічных прадметаў і шэраг іншых пільных мер перасцярогі, якія абурэння ў пасажыраў тым не менш не выклікаюць, бо прызначаны для іх жа бяспекі.

Назад, праўда, багаж усё ж давялося купляць, заплаціўшы за чамадан вагой да 15 кілаграмаў дадаткова 20 еўра – але што зробіш, калі ў Беларусі ў мяне адорваемых значна больш, чым у Швецыі? Ды і мяне выпраўлялі дахаты не з пустымі рукамі – прыемная, скажу я вам, справа: ездзіць у госці на Ражджаство. Хоць і не танная…

Але недарагі пералёт зусім не азначае, што гэтак жа проста і танна вы будзеце падарожнічаць па краіне. Швецыя – краіна даволі дарагая, і транспартныя расходы ў бюджэце насельніцтва займаюць далёка не апошняе месца. Скажам, білет ад аэрапорта да Стакгольма каштуе каля 12 еўра (прывожу цэны ў агульнаеўрапейскай валюце для зручнасці: Швецыя – адна з нямногіх краін, якая не ўвайшла ў зону еўра і пакінула ў якасці нацыянальнага плацёжнага сродку свае кроны, за што ў свой час пэўная частка насельніцтва моцна крытыкавала кансерватыўнага міністра фінансаў, а цяпер, калі з еўра — адны праблемы, усе бязмежна яму ўдзячны). За тры білеты – адзін туды, два назад – атрымліваецца тое ж самае, што прыляцець з Каўнаса, нават больш. Шведы ўмеюць разумна эканоміць – і сустракаць у аэрапорт мяне прыехалі на машыне. Бензін у Швецыі па нашых мерках таксама не танны – 1,5 еўра за літр, але ўсё ж у выніку выходзіць танней, чым на грамадскім транспарце.

Зыходзячы з тых жа меркаванняў эканоміі ў Худзіксваль, невялікі – 15 тысяч жыхароў – гарадок на поўначы Швецыі, дзе жывуць нашы новыя знаёмыя, вырашылі выпраўляцца таксама на машыне. Цягніком, ды ў два бакі, ды тром — гэта б каштавала прыкладна столькі ж, як мне адной тры разы злятаць у Стакгольм і вярнуцца назад. Дарагаватае задавальненне не толькі для беларуса, але і для сярэднестатыстычнага шведа з яго сярэдняй зарплатай у 2,6 тысячы еўра.

Але ўсё ж хачу перасцерагчы добрасардэчных беларусаў: не трэба моцна спачуваць бедным шведам. Так, краіна ў іх дарагая, цэны – высокія і, дарэчы, не толькі на транспарт. Але пры ўсім тым не варта забываць, што ўзровень жыцця і сацыяльнай абароненасці ў гэтай краіне — адзін з самых высокіх не толькі ў Еўропе, але і ў свеце. Тут ужо даўно, прычым без усялякіх рэвалюцый, дыктатуры пралетарыяту, без лозунгаў і рэпрэсій пабудавалі сацыялізм, які ў нас будавалі-будавалі, ды так і недабудавалі. А затым і тое, што паспелі пабудаваць, разбурылі – усё ў адпаведнасці з нашым рэвалюцыйным гімнам: «до основанья, а затем…» Што і казаць, разбураць мы навучыліся прафесійна, толькі вось з «затым» атрымліваецца не так гладка. А ў шведаў вось атрымалася вельмі няблага – і без усякага разбурэння, эвалюцыйным шляхам.

Але гэта так, лірычнае адступленне па дарозе з аэрапорта ў Стакгольм…

1

Не выдзяляцца!

Гадзіна пералёту – і я ў Швецыі. 22 снежня, 22 гадзіны па беларускаму часу. І хоць шведскія гадзіннікі паказваюць на дзве гадзіны менш, усё роўна за акном – цёмная ноч. Але я тым не менш пільна ўглядаюся ў агні за акном: якая яна, перадкалядная Швецыя? Пэўна ж, расквечана рознакаляровымі агнямі, завешана рознакалібернымі гірляндамі – ну як наш Мінск, ці нават больш, бо гэта ж — Заходняя Еўропа!

Якім жа было маё здзіўленне, калі я не ўбачыла за акном рознаколернасці агнёў. Так, усё вельмі прыгожа і з густам: у кожным акне гарыць ці калядная зорка, ці ёлачка-пірамідка з сямі ці дзевяці агеньчыкаў свечак (спачатку я не магла зразумець, як удаецца ўсім шведам гэтак аднолькава, сіметрычна ўпрыгожыць свае вокны – і толькі калі прыехалі ў Худзіксваль, убачыла, што гэта такія спецыяльныя калядныя падсвечнікі, якія з’яўляюцца адным з сімвалаў каляднай Швецыі). У кожным двары зіхаціць, убраная агнямі, жывая ёлачка (у кожную кватэру зазірнуць я не магла, але там, куды «зазірала», ёлка таксама была неадменным атрыбутам каляднага ўбранства дома). А калі ў двары ёлка не расце, то яе ролю паспяхова выконваюць іншыя дрэўцы: усе галінкі такога аплецены гірляндамі так, што праглядваецца кожны выгіб распранутага восеньскім ветрам цельца. На ганках, уздоўж дарожак, тратуараў, што вядуць да дамоў, калышацца незлічоная колькасць агеньчыкаў свечак…

Але! Усё гэта толькі аднаго, звычайнага жоўтага, у крайнім выпадку – белага колеру. Ніякіх табе сіне-зялёна-чырвона-малінава-бэзавых-і бог ведае якіх яшчэ агеньчыкаў, ніякіх «спецэфектаў»! «Напэўна, гэта тут, у так званым «спальным раёне», дзе жыве Алёна, — падумала я пра сябе. А вось цэнтр Стакгольма, мусіць, выглядае зусім інакш».

Забягаючы наперад, скажу, што па Стакгольму мы гулялі 27 снежня. Так, цэнтр горада яшчэ быў святочна ўбраны, хоць калядныя базары ўжо і згарнулі сваю дзейнасць: галоўнае свята не толькі зімы, але і ўсяго года тут – Ражджаство, а Новы год – так, сціплы яго адгалосак. Расказваюць, што некаторыя з мясцовых жыхароў да Новага года ўжо і ёлку паспяваюць выкінуць. Але ў Старым горадзе на той час усё яшчэ зіхацела: расцяжкі і гірлянды, вялізныя крыштальныя свяцільнікі філіграннай работы на галоўнай пешаходнай вуліцы Каралевы; ля кожнага ўвахода ў краму – прыбраныя ёлачкі, на кожных дзвярах – калядны вянок са званочкамі, у кожным акне – тая ж калядная зорка і сямісвечнік. Але зноў жа – усё гэта ў адным, звычайным жоўтым колеры электрычных лямпачак. Гэта было вельмі прыгожа, як любіць гаварыць мая дачка, стыльна – але ж неяк нязвыкла…

Убачыўшы адзін магазінчык, які зіхацеў рознакаляровымі агеньчыкамі, я амаль з радасцю паказала яго Алёне: во, бываюць і з правілаў выключэнні! «Мама, гэта не шведскі — тайскі магазін», — усміхнулася Алёна. І патлумачыла, што ў шведаў ёсць выраз, які ў значнай ступені характарызуе іх, калі хочаце, стыль жыцця. На рускую мову ён перакладаецца прыкладна як «Не выдзяляцца». Ні ў чым: ні ў адзенні, ні ў ладзе жыцця, ні ў аздабленні жытла… Не скажу, што там начыста адсутнічае, але, як я зразумела, не вітаецца наша: калі ў суседа агароджа драўляная, то ў мяне будзе цагляная, а калі ў яго з цэглы, то я зраблю каменную; калі ў яго дом на два паверхі, то я пабудую на тры, калі сяброўка купіла дублёнку, то спраўлю натуральнае футра да пят – хай іх жаба задушыць! Калі нам – што грэх таіць! — хочацца абавязкова выдзеліцца, хоць нечым, то ў іх як станоўчая якасць успрымаецца жаданне быць такім, як усе.
— А што з тымі, хто ўсё ж імкнецца выдзеліцца? – пацікавілася я.
— Нічога, — паціснула плячыма Алёна. – Яны, як і ўсе, жывуць, як лічаць патрэбным. Проста гэта лічыцца дрэнным густам, і адносіны да такіх людзей адпаведныя…
Напэўна, адсюль ідзе і вернасць шведаў традыцыям, што ўзведзена ў іх ледзь не ў культ. Але аб гэтым крыху пазней…

2

Такія падобныя – і такія розныя

Назаўтра, загрузіўшы ў машыну калядныя падарункі і прысмакі, мы накіраваліся на поўнач – у горад Худзіксваль, які мясцовыя жыхары любоўна называюць «радасны Худзік» – менавіта там жыве сімпатычная жанчына Гертруд (менавіта так, з нашага пункту гледжання, па-мужчынску, гучыць яе імя), у доме якой мы і збіраемся адзначыць «Ражджаство па-шведску».

Ад Стакгольма да Худзіка – прыкладна 300 кіламетраў роўнай аўтастрады, якая, як страла, перасякае краіну, выцягнутую з поўдня на поўнач (ці наадварот?). Імчыш па такой – хуткасць у 120 кіламетраў зусім не заўважаецца – і думаеш: як добра, што хоць бы правілы дарожнага руху і дарожныя знакі ва ўсіх краінах Еўропы прыкладна аднолькавыя: светлафор – ён паўсюль аднолькавы, і «зебра», і дарожная разметка, і ўказальнікі… І нават вадзіцелі, калі мінуць паліцэйскі патруль, міргаюць фарамі сустрэчным машынам гэтак жа, як нашы – хоць, па праўдзе сказаць, далёка не ўсе (штраф за перавышэнне хуткасці ў Швецыі – 130 еўра).

За акном праносяцца амаль такія ж краявіды, што і ў Беларусі: гонкія сосны, разлапістыя елкі, беластволыя бярозкі. Сям-там яны перамяжаюцца невялікімі – не гервяцкімі і не варнянскімі, а хутчэй страчанскімі – палеткамі па тры-пяць гектараў. Некаторыя з іх зелянеюць азімінай ці чарнеюць свежым ворывам, а на іншых шчаніцца іржышча ды ляжаць на ўскрайку ўпакаваныя ў белую плёнку цюкі-кругляшы сена ці саломы. (І куды гэта глядзіць іх упраўленне сельскай гаспадаркі, і чаму гэта мясцовыя фермеры не выконваюць план па ўздыму зябліва?). І хоць ляжаць кармы ля самай дарогі, ніхто іх, як я зразумела, і не збіраецца красці – мусіць, таму, што мясцовыя жыхары не ведаюць, што такое асабістая падсобная гаспадарка.

Побач з палеткамі мільгаюць аднолькавыя, як блізняты, чырвоныя домікі з белымі налічнікамі – вёсак, як такіх, амаль няма, усе гэта ў нашым разуменні – хутары, на якіх жывуць фермеры – гаспадары тых самых палеткаў ды прылягаючых лясоў. Але кожны дамок – прыдарожны і аддалены – ззяе каляднай зоркай і мігціць свечкамі, у кожным двары упрыгожанае жоўценькімі агеньчыкамі дрэўца. І на кожным тырчыць цуд цывілізацыі — скрынка кандыцыянера.

І ўсё ж пры ўсёй падобнасці шведскія краявіды моцна адрозніваюцца ад беларускіх, і не толькі палеткамі ды кандыцыянерамі на сельскіх дамах. Уздоўж дарогі то злева, то справа ўзнікаюць сапраўдныя каменныя сцены, пакрытыя слоем глебы і расліннасцю. Счасаныя камяні – шэрыя, чорныя, ружовыя – выглядаюць вельмі прыгожа, і я спачатку прыняла іх за элементы дэкору, упрыгожванне.

— Ну што вы! – развенчвае маю наіўнасць Магнус, сябар Алёны. – Гэта было б вельмі дорага. Так Швецыю ўпрыгожыла сама прырода – гэта наступствы ледніка.

Але тое, што для праезджага турыста – прыгажосць, для мясцовых жыхароў – вялікая нязручнасць і дадатковая работа. І колькі трэба было прыкласці намаганняў і працы, каб у гэтых суцэльных скалах пабудаваць дарогі, дамы, каб расціць на іх хлеб?! Сапраўды, шведы – вельмі працавіты народ. Як і мы, беларусы.

Дарэчы, падчас знаходжання ў Швецыі неаднойчы ўпэўнівалася ў тым, аб чым мне часта гаварыла дачка: паміж нашымі народамі і краінамі вельмі шмат падобнага. І гэта не толькі клімат, прырода, працалюбівы народ.

Шведы, як і беларусы, вельмі талерантныя, спагадлівыя да чужога гора. Алёна расказвала, што падчас іракскай вайны толькі адна камуна (адміністрацыйная адзінка накшталт нашага раёна — назва таксама сімвалічная, вы не знаходзіце?) Швецыі – краіны, якая ў гэтай вайне не ўдзельнічала, — прыняла пад сваё крыло больш бежанцаў, чым яе віноўнікі ЗША і Францыя, разам узятыя.

Сімвалам Швецыі з’яўляецца наш беларускі лось (яны, праўда, нават не здагадваюцца, што я іх любімую жывёліну «прыпісала» да Беларусі).

Пры ўездзе ў Худзіксваль на помніку мы ўбачылі сімвал гэтага старажытнага рыбацкага горада, стронгу – гэта вам нічога не нагадвае?

А адна з традыцыйных нацыянальных страў у іх – катлеты (яны ў шведскім варыянце маленькія, велічынёй з грэцкі арэх, на порцыю – восем штук) з бульбяным пюрэ. Толькі шведы падаюць да іх чамусьці яшчэ і бруснічнае варэнне – соус, прама скажам, на аматара, не ўпэўнена, што беларускім мужчынам ён спадабаецца. А яшчэ — бруснічны морс «на запівон», які прадаецца ў аўтаматах побач з «Колай», «Фантай» і «Спрайтам».

Беларускі лось – сімвал Швецыі

Вось толькі пры ўсёй гэтай падобнасці нашых дзвюх краін узровень жыцця ў іх абсалютна розны. Цяжка сказаць, чаму мы не жывём так, як шведы. Мо таму, што яны нічога не разбуралі, а толькі будавалі ўвесь час свой капіталістычны сацыялізм. А мо таму, што ў сваёй халоднай Скандынавіі нікому асабліва не былі патрэбны. А па беларускіх землях увесь час – то з захаду на ўсход, то з усходу на захад… І ўсё з мячамі, ружжамі ды пажарамі… І для ўсіх мы – смачненькі кавалачак, ды толькі ў якасці ці то «северо-западного края», ці то «крэсаў усходніх».

4

У шведаў нацыянальны гонар – на ўзроўні падсвядомасці: нацыянальны сцяг развяваецца ці не на кожным балконе. А мы ўсё яшчэ гадаем: ці патрэбна нам была тая незалежнасць, што неспадзеўкі звалілася на нас 20 гадоў таму, мо «пад кімсьці» жылося б сытней і смачней?

Шведы часам бурчаць на яшчэ адну сваю нацыянальную адметнасць – каралеўскую сям’ю, якая, на іх погляд, жывучы за сродкі падаткаплацельшчыкаў, ніякай карысці краіне не прыносіць. Але тым не менш іх фотаздымкі красуюцца ўсюды, дзе толькі можна і нават там, дзе гэта выглядае не зусім дарэчным, у тым ліку і на пластыкавых картачках. А прыгажуня крон-прынцэса са сваім маладым мужам і яшчэ ненароджаным спадчыннікам з’яўляюцца галоўнымі героямі ўсіх СМІ і адным з асноўных турыстычных «брэндаў» краіны.

Любяць яны, шведы, і сваю краіну, і свой народ, і бескарысную манархію, і карыснага прэм’ер-міністра з яго кабінетам – па-сапраўднаму любяць, хоць і крытыкуюць часта і густа. Напэўна, гэта і з’яўляецца адной з асноўных прычын іх поспехаў…

Але гэта яшчэ адно лірычнае адступленне – на гэты раз па дарозе са Стакгольма ў «радасны Худзік».

Працяг будзе ТУТ

Рубрики: В Фокусе Калейдоскоп

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах