https://www.traditionrolex.com/8
<p>Як мяркуюць турааператары, лічба значна завышаная<br /></p>

Турааператары і гаспадары аграсядзібаў дзеляцца ўражаннямі ад «расійскіх канікул» у Беларусі.

Пры канцы снежня Міністэрства спорта і турызма агучыла прагноз: па іх падліках, на святкаванне Новага года ў Беларусь чакалася больш за 200 тысяч гасцей з Расіі. Гэта на паўсотні тысяч больш, чым прыехала (і праехала ў тым ліку) турыстаў за ўвесь год з усіх краін.

Расійскіх турыстаў і сапраўды было шмат. Многія гатэлі і санаторыі з аграсядзібамі былі забраніраваны задоўга да святаў.

Расійская прысутнасць адчувалася паўсюль — ад Мінска да райцэнтраў. Аднак, як мяркуюць тураператары, лічба ў 200 тысяч — значна завышаная.

Мінск—Нясвіж—Дудуткі

«Летась мы прынялі каля 1800 гасцей з Расіі, сёлета ўжо 3000», — расказвае дырэктар турыстычнай кампаніі «Віаполь» Галіна Патаева. Па яе словах, колькасць расійскіх турыстаў сапраўды расце, але 200 тысяч — лічба проста нерэальная. Найперш таму, што такую колькасць гасцей на сёння проста няма дзе прыняць. «У тым жа Брэсце, напрыклад, усяго 3-4 гатэлі, куды можна пасяліць гасцей», — кажа Галіна Рамуальдаўна.

Праграмы каляднага адпачынку замежнікаў, прапанаваныя туркампаніяй «Віаполь», прадугледжваюць экскурсію па Мінску, вандроўкі ў Мір і Нясвіж, наведванне Дудутак. А таксама паездкі ў Гродна, Ліду, Брэст (з наведваннем Белавежскай пушчы), Лагойск.

Маршрут Мінск—Мір—Нясвіж—Дудуткі, па словах Галіны Патаевай, карыстаецца ў расіян найбольшай папулярнасцю.

Адпачынак з нацыянальным ухілам

Гаспадар аграсядзібы «Тры скрыпкі» ў Мядзельскім раёне Зміцер Скрыпка таксама адзначае рост колькасці расійскіх турыстаў. «У разы больш сталі ездзіць, пачынаючы з гэтага лета. А на зімовыя святы пачалі замаўляць месцы з верасня», — расказвае ён. Да іх едуць з Масквы і Санкт-Пецярбурга. У гэтым годзе попыт відавочна апярэдзіў прапанову.

Што ж прыцягвае сюды масквічоў і піцерцаў?

«Людзі з мегаполісаў шукаюць тут цішыню і спакой. І ім гэта па кішэні, нават вельмі танна», — кажа Зміцер. Расіянам падабаецца гасціннасць беларусаў, мясцовая прырода. І яшчэ адна важная акалічнасць: «Некаторыя госці кажуць, што ў Расіі таксама можна знайсці вясковы каларыт, але даехаць у іхнія вёскі рэдка калі магчыма. А ў Беларусі добрыя дарогі паўсюль».

Гаспадар падкрэслівае, што кожнаму госцю наперад тлумачыць, што адпачынак у іх з нацыянальным каларытам. Тут не спяваюць і не танчаць, але кормяць стравамі, згатаванымі па рэцэптах навакольных вёсак. Пры жаданні гасцям зладзяць майстар-клас па выпечцы хатняга хлеба. Да іх паслуг лазня: хочаш — «па-беламу», а хочаш — і «па-чорнаму».

«Многія госці самі просяць, каб іхнія некалькі дзён адпачынку былі максімальна набліжаныя да сапраўднага вясковага жыцця», — кажа гаспадар.

Сядзіба «Тры скрыпкі» прапануе гасцям сплавы на каяках, веласіпедныя вандроўкі, конныя прагулкі, летнюю і зімовую рыбалку і многае іншае.

Не Мінскам адзіным

У навагоднія дні расійскіх турыстаў можна было пабачыць не толькі на папулярным маршруце Мінск—Нясвіж.

У невялічкім Белаазёрску, што ў 250 км ад сталіцы, расіяне аблюбавалі аздараўленчы цэнтр «Энергія», які належыць РУП «Брэстэнерга». Пачынаючы з мінулага лета сюды стала праблематычна патрапіць мясцовым, чаго не здаралася раней.

Госці з Расіі завіталі сюды і на калядныя вакацыі. Выбар на карысць «Энергіі» не здзіўляе. Тут вельмі прыстойны спектр аздараўленчых працэдур, добра арганізаваны вольны час. Для ахвочых ладзяцца экскурсіі ад Белавежскай пушчы да Нясвіжа.

Мясцовыя прадпрымальнікі расказваюць, што расіяне ахвотна наведвалі белаазёрскія крамы. «Набывалі вопратку, па некалькі адзінак. У першую чаргу — беларускай вытворчасці».

Лыжка дзёгцю

Верагодна, такая колькасць замежных турыстаў не магла не паўплываць на статыстыку здарэнняў.

Для некаторых з расіян калядныя вакацыі ў Беларусі скончыліся няўдачай, а для кагосьці і трагедыяй. У большасці выпадкаў прычынай няшчасця былі аўтааварыі.

Найбольшы рэзананс выклікала жудасная аварыя 7 студзеня на праспекце Незалежнасці ў Мінску, у якой загінулі маладыя расійскія афіцэры.

* * *

Куды найперш едуць расіяне:

— Мінск–Мір–Нясвіж

— Белавежская пушча–Брэст

— Мінск–Дудуткі

— Мінск–Заслаўе

— Мінск–Лагойск–Хатынь

Што прываблівае расіян у нас:

— беларуская гасціннасць,

— адносная таннасць мясцовага адпачынку,

— невялікія адлегласці і добрыя дарогі,

— нацыянальны каларыт і прыгожая прырода.

https://www.traditionrolex.com/8