<p>Комплекс уражвае сваімі памерамі. Плошча яго – 21 гектар. У ім адначасова могуць адпачываць каля 500 турыстаў. На беразе возера Пліса будуць узведзеныя спальны, гатэльна-рэстаранны, культурна-забаўляльны і лячэбна-аздараўленчы карпусы</p>

Карэспандэнту «Вестак» удалося атрымаць рэндэры праекта турыстычна-аздараўленчага комплекса на возеры Пліса.

Комплекс уражвае сваімі памерамі. Плошча яго – 21 гектар. У ім адначасова могуць адпачываць каля 500 турыстаў.

На беразе возера Пліса будуць узведзеныя спальны, гатэльна-рэстаранны, культурна-забаўляльны і лячэбна-аздараўленчы карпусы.

Таксама плануецца пабудаваць сталоўку, адкрыты басейн, залу для боўлінгу, амфітэатр. Будзе сем катэджаў для багацейшых наведвальнікаў, а таксама чатыры дамы для супрацоўнікаў комплекса.

Побач з гэтымі будынкамі будуць пабудовы, стылізаваныя пад даўніну. Гэта замак, агароджаны валам і драўлянымі сценамі, на тэрыторыі якога размесцяцца княскі палац і царква. Каля замкавых сцен – паганскае капішча з трыма ідаламі.

2

На рэндэрах бачна, што гэта будзе не рэканструкцыя сярэднявечнага замка, а фантазія сучасных архітэктараў на гістарычную тэматыку.

3

Ідэя з капішчам выклікае неадназначныя меркаванні. «Мне, як святару, гэтая ідэя не падабаецца. Кепска будзе, калі наведвальнікам будуць паказваць гэтых ідалаў і казаць: зрабі тое або дакраніся да гэтага, каб споўнілася жаданне», – каментуе каталіцкі святар Віктар Місевіч.

4

Будаўніцтвам турыстычнага комплекса займаецца сталічная фірма  «Трэстпрамбуд». Скончыць будоўлю плануецца ў 2014 годзе. Кошт будаўніцтва, паводле папярэдніх разлікаў, складзе 135 мільёнаў рублёў. Распрацоўшчыкі праекта мяркуюць, што на Плісе змогуць адпачываць каля 6000 чалавек штогод.

Кастусь Шыталь