<p>Савет Міністраў прыняў адпаведную дзяржаўную праграму, якая атрымала назву «Замкі Беларусі»</p>

Савет Міністраў прыняў адпаведную дзяржаўную праграму, якая атрымала назву «Замкі Беларусі»

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства культуры, дакумент прадугледжвае правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, прыстасаванне і экспанаванне 38 замкаў Беларусі па чатырох накірунках. Першы – рэстаўрацыя, рэканструкцыя і прыстасаванне запланавана ў Старым замку ў Гродне, Лідскім і Любчанскім замках,  завяршэнне работ на Камянецкай вежы, добраўпарадкаванне паркаў прылеглых да замкавага комплексу ў Міры, да палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы. Другое – правядзенне кансервацыі і частковая рэстаўрацыя на сямі аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, якія захаваліся часткова, – у Навагрудскім, Крэўскім, Гальшанскім замках, а таксама рэшткаў замкаў у Геранёнах Іўеўскага раёна, Смалянах Аршанскага раёна, Быхаве, пасёлку Тэльман Брагінскага раёна. Трэцяе –  прадугледжваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі ХІХ стагоддзя помнікаў археалогіі, на якіх размяшчаліся замкі ў вёсках Жабер Драгічынскага і Крыўляны Жабінкаўскага раёнаў, Браслаўскі і Заслаўскі замкі і інш. Чацвёртае – чыноўнікі запланавалі правесці работы па музеефікацыі на пяці помніках археалогіі – гарадзішчы ў Тураве і Мілаградзе Рэчыцкага раёна, замчышчы ў Глуску і Рыжкавічах Шклоўскага раёна і ў Мінску.
Фінансавацца аднаўленне будзе як з рэспубліканскага, так і з мясцовых бюджэтаў.

Што думаюць наконт рэстаўрацыі незалежныя эксперты, мы пацікавіліся ў старшыні Таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча. «Падобна да таго, што ізноў будуць фальсіфікаваць гісторыю, як гэта зрабілі ў Мазыры і плануюць рабіць далей у Лагойску і Браславе. Многія гісторыкі дый простыя грамадзяне не разумеюць, у чым сапраўдная каштоўнасць замка, – гэта ягоныя абарончыя збудаванні, валы. Таму няма ніякай неабходнасці аднаўляць замак паводле малюнкаў, якія качуюць з адной гістарычнай кнігі ў другую, але больш чым фантазіяй я гэта назваць не магу».

Што датычыць прыцягнення сродкаў інвестараў на падобныя аб’екты, то спадар Астаповіч настроены скептычна. «Па-першае, дзяржава не зрабіла нічога, каб бізнесмены ўкладалі грошы ў культуру. Па-другое, ніводны інвестар не будзе рабіць гэта з дабрачынных мэтаў. А значыць, ён будзе зацікаўлены, каб замак як мага хутчэй «адбіў» укладзеныя сродкі, таму гэта таксама выклікае апаску. Што датычна фінансавання дзяржаўнага, то яно павінна пайсці на якасную кансервацыю. Усе астатнія планы чыноўнікаў – гэта не толькі марнаванне грошай, але і знішчэнне гісторыі. Сённяшняя рэстаўрацыя ў Беларусі не пакідае перспектыў на выпраўленне памылак, якія дапускаюць месцячковыя «архітэктары», – падкрэслівае наш суразмоўнік.