<p>«Ад Полацка пачаўся свет» – так сказаў пра гэты горад паэт Рыгор Барадулін.</p>

<p>Радзiма Еўфрасінні Полацкай i Францыска Скарыны<em>. </em></p>

<p>Найстаражытнейшы горад усходніх славян.</p>

<p>Духоўную калыску беларускай культуры штогод наведвае мноства людзей з мэтай культурнага азнаямлення з горадам.</p>

Зараз аб самой кнiзе. Яе аўтар, вядомы беларускi пiсьменнiк Уладзімір Арлоў, прапануе чытачам здзейсніць гістарычнае падарожжа ў мінулае гэтага старажытнага горада Беларусі. У кнізе простай і зразумелай мовай падрабязна апісваюцца ўсе гістарычныя падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Полацка. Падзеі пададзены ў храналагічным парадку: ад таго часу, калі з'явіліся першыя летапісныя звесткі пра Полацк, да пачатку XX стагоддзя. Тэкст кнігі дапаўняюць фотаздымкі ацалелых рэліквій тых дзён і музейных экспанатаў, якія захоўваюцца і сёння ў мясцовых музеях.

Таксама ў выданні можна знайсці карту гістарычных і архітэктурных славутасцяў горада і малюнкі сучаснага Полацка. Дарэчы, прадстаўленыя фатаграфіі – гэта не толькі храмы і славутасці, але і беларускія сем'і, якія гуляюць па вуліцах горада, «сучасныя рыцары», якія сабраліся на полацкай зямлі на фестывалі «Рубон». Таксама ў кнізе размешчана шмат панарамных здымкаў Полацка.

Заўважым, кніга «Ад Полацка пачаўся свет», якая выйшла ў гэтым годзе, – гэта ўжо другое выданне. Першы раз кніга ўбачыла свет у 2005 годзе і была адзначана спецыяльнымі ўзнагародамі. На нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі–2006» яна атрымала дыплом I ступені ў намінацыі «Лепшае навукова-папулярнае выданне». Дзмітрый Герасімовіч стаў пераможцам гэтага ж конкурсу ў намінацыі «Лепшы мастак».

Калі параўноўваць другое выданне кнігі з першым, то апошняе выглядае больш значна, большае па фармаце, зусім па-новаму аформлена вокладка, лепшая якасць друку. У выданні 2014 г. тэкст прадстаўлены адразу на дзвюх мовах: на беларускай (першы раз кніга выйшла толькі на ёй) і англійскай. Акрамя таго, выданне папоўнілася новымі свежымі фотаздымкамі сучаснага Полацка. А вось асноўная структура кнігі, главы, параграфы засталіся практычна тыя ж.

«Ад Полацка пачаўся свет»

Мова – беларуская і англійская. 157 старонак.

Цвёрдая вокладка. 2014. Тэкст: Уладзімір Арлоў.

Фота: Сяргей Плыткевіч. Дызайн: Дзмітрый Герасімовіч, Алена Жданоўская.

Пераклад на англійскую мову: Джым Дынглі і Барыс Жукаў.

 

Листать книгу