<p><strong>10 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрыўся арт-праект «Час і творчасць Льва Бакста», прымеркаваны да 150-годдзя славутага мастака, сцэнографа, мадэльера, шанаванне постаці якога сёлета ўключана ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА. Выстава ў Мінску, якая сабрала больш за 200 твораў майстра і яго суайчыннікаў з музейных, карпаратыўных, прыватных збораў Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі, цікавая менавіта тым, што на ёй акрэсліваецца эпоха сусветна вядомага аўтара. А гэтаксама робіцца акцэнт на малой радзіме мастака — Гродне, дзе ў 1866 годзе нарадзіўся Лейб Хаім Ізраілевіч Розенберг — пазней вядомы ва ўсім свеце як Леў (Леон) Бакст.</strong></p>

Ініцыятарам і фінансавым партнёрам гэтага маштабнага міжнароднага праекта, які рыхтаваўся амаль два гады, выступае «Белгазпрамбанк». Гэта ўжо не першая буйная выстава, што ладзіцца праз удзел беларуска-расійскага акцыянернага таварыста і яго кіраўніка Віктара Бабарыкі, які актыўна інвестуе ў мастацтва. Вялікі рэзананс мелі выставы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», «Дзесяць стагоддзяў мастацтва», леташні «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» — пры ўсёй спрэчнасці, не застаўся без увагі.

«Белгазпрамбанк» фарміруе карпаратыўную калекцыю, аснову якой складаюць творы мастакоў, якія нарадзіліся на беларускіх землях, – гэта праект, які знітоўвае ўсе выставы. На дадзены момант калекцыя налічвае ўжо больш за 70 артэфактаў, сярод якіх — творы Хаіма Суціна, Марка Шагала, Восіпа Цадкіна, Восіпа Любіча, Міхаіла Кікоіна, Файбіш-Шрагі Царфіна, Валенція Ваньковіча… а сёння — і Льва Бакста.

Некалькі слоў пра юбіляра

Леў Самойлавіч Бакст (Розенберг) нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гродне. Адзін з заснавальнікаў легендарнага аб’яднання «Свет мастацтва» і аднайменнага часопіса. Буйны партрэтыст, ілюстратар, дэкаратар і мадэльер свайго часу. Сусветную славу яму прынесла супрацоўніцтва з балетным імпрэсарыа Сяргеем Дзягілевым, па запрашэнні якога Бакст аформіў шэраг пастановак «Рускіх сезонаў» у Парыжы — «Клеапатра» (1909), «Шахеразада», «Жар-птушка» (1910), «Нарцыс» (1911), «Дафніс і Хлоя» (1912), якія цалкам змянілі уяўленне аб тэатры. Выставы работ Льва Бакста сёння ладзяцца ў самых прэстыжных музеях свету. У 2012 годзе на лонданскім аўкцыёне Christi’s яго тэатральны эскіз «Жоўтая султанша» быў прададзены больш чым за 1 мільён еўра.

Цікава, што свой сусветна вядомы творчы псеўданім Леў Розенберг «пазычыў» у бабулі па мацярынскай лініі, якая ў дзявоцтве насіла прозвішча Бакстэр. Па адным з меркаванняў, гэта прозвішча суадносіцца з мястэчкам Бакшты, якое сёння знаходзіцца ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, а ў часы Бакста з’яўлялася часткай Віленскай губерні.

«НН» паспрабавала разабрацца, чым жа будзе адметная гэта выстава, на якой сабраны больш за дзве сотні твораў розных мастакоў, і колькі з іх, уласна, належаць славутаму ўраджэнцу Гродна.

1. Работ самога Бакста на выставе будзе сорак. У самых розных жанрах і тэхніках

Славу Баксту прынеслі яго тэатральныя творы, і на выставе экспануюцца эскізы касцюмаў, якія выканаў мастак для пастановак тых самых знакамітых «Рускіх сезонаў» Дзягілева. Іх прывёз Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны музей тэатральнага і музычнага мастацтва, як фотахронікі і сцэнічныя касцюмы той эпохі, зробленыя па эскізах аўтара.

Леў Бакст. «Жар-птушка»

2. З фондаў Нацыянальнага мастацкага музея ў экспазіцыі — тры аўтарскія літаграфіі: «Партрэт І. Левітана» (1899), «Партрэт Філіпа Малявіна» (1899) і «Партрэт Зінаіды Гіпіус» (1910). Яны сталі здабыткам установы яшчэ ў савецкія гады, і нарэшце будуць у належным атачэнні прадэманстраваны публіцы.

3. Жарты жартамі, але лічыцца, што на сённяшні дзень «Белгазмпрамбанк», дзякуючы апошнім набыткам, з’яўляецца ўладальнікам самай багатай калекцыі станкавых твораў Бакста ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Гэтыя творы, колькасць якіх дасягае сямі, – і стануць «месцам прыцягення» выставы. Да прыкладу, два з іх – гэта акварэлі: «Рыбак з люлькай» (1890-я), «Пейзаж з кіпарысамі» (1907).

Леў Бакст. «Рыбак з люлькай»

Леў Бакст. «Прыцемкі над возерам»

Два — жывапісныя палотны: «Прыцемкі над возерам» (1909) і «Купальшчыкі на Лідо. Венецыя» (1909). Апошні, дарэчы, самы каштоўны экспанат у гэтай калекцыі, бо раскрывае творцу як таленавітага фавіста. Кошт «Купальшчыкаў…» па розных дадзеных дасягяе шасцізначнай лічбы. Але карціна была купленая ў прыватнага калекцыянера, і яе кошт не быў агучаны на публічных таргах.

Леў Бакст. «Купальшчыкі на Лідо. Венецыя»

4. Значная ўвага на выставе надаецца і сучаснікам Бакста, мастакам аб’яднання «Свет мастацтва». Сярод іх — А. Бенуа, І. Левітан, В. Сяроў, М. Рэрых, М. Дабужынскі, М. Несцераў, К. Пятроў-Водкін… Іх творы — гэтаксама ў экспазіцыі, але куратарамі адмыслова падкрэсліваецца «беларускі след» некаторых мастакоў — Ф. Рушчыца, М. Сорына, С. Жукоўскага, Дзмітрыя Стэлецкага… Імя апошняга, дарэчы, не так вядома шырокаму колу гледачоў, а паміж тым гэты іканапісец, скульптар і жывапісец, які выканаў роспіс царквы Сергія Раданежскага ў Парыжы, нарадзіўся ў Брэсце.

Савелій Сорын «Жанчына з ружай»

5. Час Бакста – гэта час і яшчэ аднаго вядомага творцы – Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса. Арыгіналы гэтага мастака дэманстраваліся ў Мінску толькі ў 1911 годзе. Сёлета Мастацкі музей Літвы, пагадзіўшыся прадаставіць дзве арыгінальныя работы літоўскага аўтара, парушыў, лічы, гэту стагадовую «паўзу».

6. Яшчэ адно імя – гэта Напалеон Матэуш Тадэуш Орда, які цалкам трапляе ў канцэпцыю выставы праз створаныя ім выявы Гродна ХІХ стагоддзя. 12 акварэляў мастака прыбылі ў Мінск з Нацыянальнага музея ў Кракаве. Улічваючы тое, што арыгіналаў Орды ў Беларусі вобмаль, то паглядзець на творы славутага літаратара, кампазітара, жывапісца, педагога з Варацэвічаў, несумненна, варта.

7. Разам з эскізамі Бакста з Санкт-Пецярбурга ў Мінск прыедуць і тэатральныя афішы Жана Както — французскага паэта, драматурга, мастака і кінарэжысёра, аўтара сцэнарыя «першага сюррэалістычнага спектакля» «Парад», магічнага кінакрышталю «Арфей», сябры Дзягілева, Эрыка Саці, аднаго з ініцыятараў групы «Шасці»… Нечаканая цікавостка.

8. Варта адзначыць, што арганізатары такой буйной экспазіцыі парупіліся аб камфорце для наведвальнікаў — адмыслова для іх быў распрацаваны інфармацыйны дадатак для мабільных прыладаў, які працуюць на трох платформах – iOS, Android, Windows Mobile. Працавала над аўдыёгідам кампанія ScienceSoft.

9. Аўтар канцэпцыі «Часу і творчасці Льва Бакста» — экс-старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, арт-кансультант мастацкай калекцыі «Белагзпрамбанка» Уладзімір Шчасны. Ён стаўся і аўтарам новай кнігі «Леў Бакст: Жыццё пер’ем Жар-птушкі», што была прэзентавана напярэдадні адкрыцця выставы і выданне якой з’яўляецца яшчэ адным этапам праекта.

10. Працягнецца выстава да 17 красавіка. Кошт квіткоў — 100 тысяч беларускіх рублёў, і ён, па меркаванні спадара Бабарыкі, не павінен стаць непад’ёмным для зацікаўленай публікі.
 

nn.by