https://www.traditionrolex.com/8
<p>Сёння мы звернемся да далёкіх падзей эпохі Полацкага княства. Полацкая зямля, як вядома, была сацыяльна-культурнай прасторай ўзнікнення і развіцця беларускага этнасу і нацыянальнай дзяржаўнасці. Сярод гістарычных асоб, якія адстойвалі незалежнасць нашай першай дзяржавы, адметная роля належыць полацкаму князю Брачыславу.</p>

Відаць, варта нагадаць падзеі, якія папярэднічалі прыходу Брачыслава на княскі пасад.


Полацкая дзяржава пры князi Брачыславе

Блізу 980 года ў Полацку адбылася трагедыя, вядомая як «крывавае вяселле» Уладзіміра з Рагнедаю. Наўгародскі князь Уладзімір захапіў нашу старажытную сталіцу і загадаў забіць першага вядомага з летапісаў полацкага князя Рагвалода.

Была знішчана захопнікамі і ўся Рагвалодава сям’я, за выняткам князёўны Рагнеды. У свой час Рагнеда з бацькавай згоды адмовілася выйсці замуж за Уладзіміра, аддаўшы перавагу кіеўскаму князю Яраполку. Пасля захопу і разбурэння Полацка Уладзімір узяў Рагнеду за жонку супраць яе волі, а неўзабаве забіў свайго саперніка Яраполка і зрабіўся Вялікім князем Кіеўскім.

Праз колькі гадоў Рагнеда здзейсніла няўдалы замах на жыццё Уладзіміра, пасля чаго была выслана з малым сынам Ізяславам на радзіму. Свае апошнія гады непакорлівая палачанка пражыла ў Заслаўі, дзе стала манашкаю, прыняўшы імя Анастасія.

Рагнеда памерла ў 1000 годзе. Яе сын Ізяслаў, які аднавіў полацкую княжацкую дынастыю, перажыў маці ўсяго на адзін год. Такое супадзенне дае падставы лічыць, што Уладзімір мог атруціць іх, каб не дазволіць Полацку ўзмацніцца.

Князь Брачыслаў быў сынам Ізяслава і ўнукам Рагнеды.

Пасля таямнічай бацькавай смерці Брачыслаў Ізяславіч заняў полацкі пасад. Яму было наканавана вярнуць княству незалежнасць.


Пячатка полацкага князя Iзяслава – сына Рагнеды i бацькi Брачыслава

Брачыслаў застаўся сіратою ў раннія гады. Бацька паспеў пасадзіць хлопчыка на каня, даў патрымаць меч, паслухаў, як, водзячы пальцам па пергаменце, княжыч расчытвае кніжныя радкі. Далей яго выхаваннем займаўся нехта з полацкіх баяраў. Брачыслаў застаўся апошнім жывым Рагвалодавічам. Палачане бераглі малалетняга князя як вока і глядзелі на яго з вялікімі спадзяваннямі.

У Кіеве яшчэ ўладарыў ненавісны Рагвалодаў забойца Уладзімір. Ён мусіў аднавіць Полацкае княства, але забраў у яго волакі на гандлёвых шляхах. Ключы ад іх – гарады Віцебск і Усвят – перайшлі пад уладу Ноўгарада, куды плыло цяпер багатае мыта з праезджых купцоў. Полацк марыў павярнуць гэты залаты ручай да сябе, аб’яднаць крыўскія землі і прырасціць да іх дрыгавіцкія.

Князь Брачыслаў, які ўзмужнеў і ўвабраўся ў сілу, спраўдзіў надзеі суайчыннікаў. Як тое адбывалася, апавядаюць летапісцы і скандынаўская «Сага пра Эймунда».

Памёр кіеўскі князь Уладзімір Краснае Сонейка, успыхнулі крывавыя ўсобіцы. Пераможцам з іх выйшаў князь Яраслаў, празваны Мудрым. Малады полацкі валадар у змаганне за дзедаву спадчыну не лез, рыхтаваўся да іншага. А тут як быццам само неба паспрыяла палачанам: у горад прыйшла з Кіева варажская дружына Эймунда. Яраслаў Мудры не заплаціў ёй за службу, і пакрыўджаныя варагі выбралі сабе новага гаспадара – Брачыслава. Гэта было красамоўным прызнаннем яго сілы.


Бiтва полацкага князя Брачаслава з дружынай Яраслава Уладзiмiравiча, князя кiеўскага, на рацэ Судоме. Пасля гэтай сечы Полацкае княства канчаткова аднавiла сваю незалежнасць

Эймунд прывёз крывіцкаму князю важную навіну: яго кіеўскі дзядзька рыхтуецца да паходу ў Прыдзвінне. Полацк вырашыў не шкадаваць варагам грошай. Тым больш што Эймундава папярэджанне хутка пацвердзілася: Яраслаў прыслаў ганцоў, вымагаючы памежныя з ягонымі ўладаннямі полацкія гарады. Правадыр варагаў за бяседным сталом сказаў Брачыславу: «Падобна, княжа, што будзе бойка з хіжым ваўком. Саступім цяпер – захоча ўрваць яшчэ болей».

Параіўшыся з баярамі, Брачыслаў Ізяславіч вырашыў не чакаць нападу, а самому ўдарыць на спадчыннае Яраславава ўладанне – Ноўгарад. У 1021 годзе палачане быццам з-пад зямлі выраслі перад магутнымі наўгародскімі сценамі і ўзялі горад прыступам.

Сярэднявечны польскі гісторык Ян Длугаш піша, што ўслед за сталіцаю Брачыслаў авалодаў усім суседнім княствам. У захопленых гарадах ён паставіў намеснікаў і з багатымі трафеямі рушыў дадому. Часам даводзіцца чытаць, што такім чынам Полацк адпомсціў за Рагвалода і Рагнеду. Не трэба блытаць помсту з палітыкай. Палачане не столькі помсцілі, як імкнуліся далучыць Наўгародскую зямлю, каб больш паспяхова змагацца з Кіевам.


Помсцячы за спалены Полацк i вынiшчаную сям'ю, Рагнеда спрабуе забiць мужа

На сёмы дзень вяртання з паходу крывіцкае войска ўбачыла перад сабою баявыя харугвы Яраслававай дружыны. Сеча адбылася на рацэ Судоме, і, калі верыць летапісам, разбіты Брачыслаў збег адтуль у родны горад. Аднак дзіўная гэта была перамога, бо кіеўскі князь не толькі не пайшоў ваяваць на Полацкую зямлю, а яшчэ і аддаў пляменніку Віцебск і Усвят – менавіта тыя гарады, якіх Полацку не хапала для моцных пазіцый на шляху «з вараг у грэкі». Зноў мусім шкадаваць, што знік у цемры стагоддзяў Полацкі летапіс: ён мог бы сказаць аб той бітве праўду.

«Сага пра Эймунда» падае іншую версію падзей на Судоме. Сечы нібыта наогул не было. Кіяне з палачанамі стаялі насупраць адзін аднаго сем дзён, і Яраслаў чакаў, пакуль ваяўнічы пляменнік прышле паслоў з паклонам. Брачыслаў ірваўся ў бой, ды хітрадумны вараг Эймунд прапанаваў яму таксама вырашыць спрэчку без крыві: выкрасці Яраслававу жонку, каб міру папрасілі самі кіяне. Варагава задума прыйшлася Брачыславу даспадобы. Эймунд з яшчэ адным супляменнікам зрабіў ў лесе за баявым кіеўскім станам засаду і ўрэшце захапіў княгіню ў палон, што і дапамагло атрымаць Віцебск і Усвят.

Як бы ні разгортваліся падзеі, Яраслаў Мудры прызнаў самастойнасць Полацка і ваяваць з Рагвалодавічамі болей не хацеў. Пасля сустрэчы на Судоме полацкі і кіеўскі князі дамовіліся быць «братанічамі». Брачыслаў назваў дзядзьку старэйшым, але абодва мелі на кіеўскую зямлю роўныя правы, і таму адзін сядзеў у Полацку, другі – у Ноўгарадзе, а Кіевам кіравалі праз намеснікаў. Летапісы кажуць пра існаванне ў Кіеве «Яраслававага» і «Брачыслававага» двароў. «Будзьма са мною заадно», – нібыта сказаў дзядзька пляменніку, замацоўваючы дамову, «і ваявалі Брачыслаў з Яра­славам разам усе дні жыцця свайго».


Захоп Полацка князем Уладзiмiрам Святаславiчам

Як Яраслаў Мудры і Брачыслаў Ізяславіч ваявалі супольна, з летапісаў невядома. Вядома іншае: пасля 1021 года Брачыславава дружына найчасцей выпраўлялася ў той бок, куды сядае сонца. Пра паспяховасць тых паходаў гавораць сёння ўтвораныя ад імя полацкага князя геаграфічныя назвы. На возеры Дрывяты стаіць горад Браслаў, што ў летапісах зваўся па імені заснавальніка – Брачыслаў. За пару дзясяткаў кіламетраў ад Краславы, на беларуска-латышскім памежжы, ёсць на востраве Сівер вёска Браслаў са старажытным гарадзішчам. Паселішча з такой назваю існуе і трохі на поўнач ад Воршы, якая разам з Копысем і часткаю Прыдняпроўя трапіла пад уладу Полацка зноў-такі за часам Брачыслава Ізяславіча.

Паспрабуем знайсці ў ранняй гісторыі ўсходніх славян (ды не толькі іх) прыклад, каб два князі – бацька і сын – трымалі дзяржаву пад сваёй рукой цэлае стагоддзе. Нехта скажа, што такога быць не магло: часам князь на сваім пасадзе і года не сядзеў – каго браты зарэжуць, каго пляменнікі ў магілу звядуць. Але факт ёсць факт.

З 1003 да 1044 года ў Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасля яго смерці, да 1101-га, – найславуцейшы з полацкіх князёў Усяслаў Брачыславіч, празваны Чарадзеем. Ён стане героем нашай наступнай публікацыі.

https://www.traditionrolex.com/8