https://www.traditionrolex.com/8
<p><em> «Мы самі створаны са сноў, і наша маленькае жыццё сон акружае…»</em></p>

<p align="right"><em>Уільям Шэкспір</em></p>

Яна не можа дачакацца прыйсця ночы, Яго прыйсця. Паволі яе ахоплівае млявасць і стома, вочы заплюшчваюцца, цела слабее. Праз пару хвілін  надыходзіць сон.  А разам з ім прыходзіць Ён, Марфей. Ён  пакінуў каралёў і герояў без сваіх абдымкаў і прыляцеў да яе. Яна не можа схаваць замілавання  і прыхільнасці. І не можа адвясці вачэй ад  яго чорнага строя, на якім зіхацяць срэбныя зоркі, ад яго вянка  з макавых кветак, якія  палаюць на ім сваім вогненна-крывавым колерам. А  Ён  бярэ Яе за руку, і яны ўзлятаюць. Яна любіць гэтыя начныя рандэву з Ім. Бо кожны раз Ён паказвае ёй нешта новае, невядомае, тое, на што ў рэалі ёй не хапае грошай і часу. Куды яны адправяцца сёння? Яна на хвілінку заплюшчвае вочы, пракручваючы ў галаве розныя варыянты падарожжа, а калі адкрывае іх, то бачыць неверагоднай прыгажосці астравы, падобныя на жменьку раскіданых каштоўных каменняў.  Яна адразу іх пазнала: гэта Грэцыя.  Марфей вырашыў паказаць  Ёй сваю Радзіму, што ж, Яна даўно чакала гэтага знаёмства.

Вось яны пралятаюць востраў Дэлас. Марфей кажа ёй, што калісь ён быў плывучым востравам і ўвесь час перамяшчаўся па моры, да таго, пакуль на ім не знайшла прытулак Латона, багіня лета. А Яна слухала і захаплялася гісторыямі Марфея  і жыццём  яго родных. Ёй хацелася спыніцца і падыйсці да невялікага святога возера ў круглым катлаване, паглядзець на  Мінойскі фантан,  высечаны ў скале, прайсціся па рынкавым пляцы, сфатаграфаваца на фоне Дэласкага храма, разгледзець статую Дыёніса, пагуляць сярод Тэрасы львоў… Але Ён сказаў, што прыпынку не будзе, што трэба ляцець далей. Наперадзе Ён абяцаў  шмат цікавага. Цікавага… што гэта за скупое слова? Неверагоднага, таямнічага, сакавітага, дзіўнага… Вось гэтага Яна чакала, і яе задумы былі спраўджаны. А палёт працягваўся, і на гарызонце віднеліся Афіны.

 Яны зніжаюцца, каб увайсці ў горад багіні вайны і мудрасці. Вось віднеецца Акропаль. Велічныя калоны,  з аднаго боку яны нібы прыгнятаюць Яе, а з іншага –  уражваюць. Яна дзівіцца з гэтага ўзору сусветнага дойлідства. А вось тэатр, тэатр Дыёніса. У ім калісь паказвалі трагедыі Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда (некаторыя з іх Яна нават  чытала, рыхтуючыся да антычнай літаратуры). Крыху адляцелі, і Яна ўбачыла вялізную вежу. Гэта Вежа вятроў. Яна наблізіліся бліжэй і на мармуровых сценах  убачыла фігуркі багоў, а пад імі – цыферблат, на якім калісь вызначалі час зыходзячы з сонечнага святла. Сёння вежа з’яўляецца адным з самых  старажытных метэаралагічных помнікаў у свеце.

Колькі нязведанага! Ёй усё трэба пабачыць, але ж  часу ўсё менш і менш, і Яны пакідаюць Афіны. Яны ляцяць далей, у гэтым бязважкасным палёце, у далечыні, Яна заўважыла некранутую прыроду і надзвычай чыстае мора.

«Што ж гэта за востраў?»  –  думае Яна. А Марфей, бы пачуўшы Яе думкі, кажа, што гэты кавалачак зямлі завецца Наксас.  Гэта радзіма бога віна і весялосці Дыёніса. Яе ўвагу прыцягваюць  разваліны недабудаванага храма. Гэта вароты Партара. Вялізная мармуровая арка, што засталася ад будаўніцтва храма Апалона. Вароты павінны былі служыць уваходам у святыню, але храм так і недабудавалі. Яна ўбачыла толькі  каменныя прыступкі ды вароты ў нікуды. Яна б з задавальеннем прайшлася праз гэтыя вароты, але не, Марфей і не думае спыняцца. Яны ляцяць, толькі  вецер ахінае Іх .  Яна ўжо прадчувае, як пабачыць Радос, пройдзецца па Крыце, наведае Карынф…

«Трррррр, тррррр, тррррррр, тррррр» –  вібрыруе тэлефон, а на яго экране высвечваецца  «Добрай раніцы! Прачынайся».  Яна неахвотна расплюшчвае вочы і адключае будзільнік. Яна прачнулася ў сваім ложку,  у сваім невялікім пакойчыку. «А дзе ж мора, Грэцыя, Марфей? Які быў чароўны сон, які чароўны…» – думаецца Ёй. Там, па-за межамі рэальнасці, Яна – дзяўчына-вандроўніца, Яе мары здзяйсняюцца. Яна з імпэтам будзе чакаць сустрэчы  з Марфеем, бо падарожжа па Грэцыі яшчэ не завершана. Яна ведае: Ён прыляліць і падорыць Ёй шчасце, здзяйсняючы яе падарожныя мары.

От редакции

Напоминаем, что рассказы на тему «Греция – моя мечта» (Почему я хочу побывать в Греции) принимаются до 4 мая.

Организаторы конкурса: компания «Музенидис Трэвел» и туристический портал TIO.BY. С условиями конкурса можно познакомиться здесь.

Награда победителю конкурса – недельное проживание на двоих в отеле Alexander The Great, 4* в Греции в период с 10 мая по 31 мая!

https://www.traditionrolex.com/8