<p><b>Традыцыйнае свята музея да Дня ведаў</b></p>

Штогод Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа 1 верасня ладзіць свята «Песняй вітаю я вас!», прымеркаванае да Дня ведаў.

Якуб Колас значную частку свайго жыцця, каля трыццаці гадоў, прысвяціў педагагічнай працы. Пачынаў ён так званым народным настаўнікам, выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме, чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы на настаўніцкіх педагагічных курсах у Слуцку, працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Шчаслівае спалучэнне таленту настаўніка і паэтычнага дару дало магчымасць праз кожны радок, кожнае слова перадаць свой запавет будучым пакаленням. Народны паэт апрацаваў звыш 40 народных казак, напісаў шмат твораў для дзяцей. У сваіх творах Якуб Колас – не толькі дзіцячы пісьменнік, а і педагог-выхавацель, які з замілаваннем расказвае пра прыгажосць роднай зямлі, раскрывае магчымасці сакавітага беларускага слова.

Таму невыпадкова ў гэты хвалюючы і запамінальны дзень музей Якуба Коласа падрыхтаваў разнастайную святочную праграму. Для ўсіх жадаючых будуць арганізаваны музейныя майстар-класы па вырабе паштовак, аглядныя экскурсіі па ўсіх залах музея, беларускія народныя гульні і лялечныя прадстаўленні.

Шчыра запрашаем прыняць удзел у свяце, якое адбудзецца 1 верасня ў 10.00 на сядзібе-музея песняра па адрасе: вул. Акадэмічная, 5.