https://www.traditionrolex.com/8
<p>Калі рыцары Тэўтонскага ордэна падначалілі сабе балцкае племя прусаў, яны адразу рушылі на землі Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку на Беларускае Панямонне. Ужо ў 1284 годзе тэўтонцы з'явіліся пад Горадняй, штурмам здабылі замак і спалілі горад. У 1295-м напалі на Горадню і Новагародак, у 1305 і 1306 гадах ізноў прыходзілі ваяваць Горадню, а ў 1311-м – урываліся двойчы. Пад час сваіх рэйдаў рыцары пустошылі вялікія абшары, забіралі людзей і жывёлу.</p>

У адказ наша дзяржава арганізоўвала паходы на тэрыторыю Прусіі. Прыкладам, у 1311 годзе вялікі князь Віцень павёў палкі далёка ў глыбіню ордэнскіх уладанняў, але гэты паход скончыўся няўдала.

З пачаткам ХІV стагоддзя націск нямецкіх рыцараў на Вялікае княства нарастаў. Але наша Панямонне, якое цярпела ад іх асабліва часта, займела тады свайго абаронцу – гарадзенскага старасту Давыда.

Сын вядомага князя Даўмонта, які паспяхова ваяваў з крыжакамі, Давыд ад прыроды быў адораны незвычайным ваенным талентам і пагэтаму стаў адным з самых блізкіх паплечнікаў вялікага князя.


Крыжакi пад Новагародкам. Малюнак Вiктара Сташчанюка

Бацька Давыда Гарадзенскага князь Даўмонт пасля крывавай міжусобнай барацьбы з новагародскім князем Міндоўгам у 1266 годзе ад’ехаў разам з дваром і 300 баярамі з Крэва ў Пскоў. Прыняўшы праваслаўе і атрымаўшы хрысціянскае імя Цімафей, Даўмонт стаў са згоды веча пскоўскім князем. Ягонай жонкаю і Давыдавай маці была ўнучка Аляксандра Неўскага княгіня Марыя. Дарэчы, на свет наш герой з’явіўся каля 1283 года.

Пасля бацькавай смерці шастаццацігадовы Давыд пакінуў Пскоў і перайшоў у Горадню, дзе паступіў на службу да вялікага князя Гедзіміна. Неўзабаве ён ажаніўся з Гедзімінавай дачкой Бірутай і атрымаў пасаду гарадзенскага старасты.

Першага значнага вайсковага поспеху Давыд дасягнуў у 1305 годзе, калі разам з Гедзімінам разбіў пад Горадняй рыцараў на чале з камендантам Брандэнбурга комтурам Конрадам Ліхтэнхагенам. Праз год Давыд кіруе абаронай Гарадзенскага замка, які быў абкладзены 6-тысячным рыцарскім войскам комтура Эбэрхарда Вірнэнбурга. Гэтым раза­м немцам таксама засталося адно аблізнуцца. Наша цвярдыня з гонарам выстаяла.

Кіруючы Горадняй, Давыд шматкроць сустракаў пад мурамі гарадзен­скага замка нямецкіх рыцараў, неаднаразова граміў іх на сваёй зямлі і вадзіў дружыны ва ўладанні тэўтонцаў. Адну з найлепшых акцый супраць немцаў ён правёў у 1314 годзе.

Таго году тэўтонскія рыцары тройчы хадзілі на Вялікае княства Літоўскае. Першым разам яны дасягнулі Меднікаў і спыніліся там нанач. Раптоўна ў цемры на іхны лагер напала наша войска. За тую начную няўдачу рыцары жорстка помсцілі – палілі вёскі, хапалі лю­дзей і амаль тысячу чалавек павялі ў няволю.


Зброя беларускiх ваяроў ХII–XIII ст.

Нарэшце, у верасні 1314 года сам маршал Тэўтонскага ордэна ўзначаліў буйны атрад рыцараў, які рыхтаваўся ўварвацца ў Панямонне праз знаёмыя гарадзенскія мясціны. З чатырохтыднёвым запасам прадуктаў немцы рушылі на Горадню.

Сучасны даследчык беларускай ваеннай гісторыі Генадзь Сагановіч піша пра тыя падзеі:

«Паход ад пачатку быў надзвычай цяжкі. Ісці давялося праз балоты, шматлікія рэчкі і непралазныя лясы. Гарадзенцы ведалі пра набліжэнне рыцараў. Калі тыя прыйшлі, замак, які абараняла вой­ска Давыда, ужо быў непрыступным. Паваяваўшы ваколіцы, маршал вырашыў весці войска «ў край Крывічоў» – на Новагародчыну. Каб мець харч на зваротны шлях і не абцяжарваць рух аддзелу, ён загадаў скласці прадуктовыя запасы і ўсё нарабаванае ў двух месцах гарадзенскай пушчы. Ахоўваць гэтыя склады засталіся значныя сілы рыцараў.

Як толькі немцы адышлі на новагародскія землі, яны горка пашкадавалі, што пакінулі свае запасы ў пушчы. Край быў нібы вымерлы: мясцовыя жыхары пахаваліся ў лясах, не пакінуўшы ў вёсках нічога, чым рыцары маглі б пажывіцца».

Новагародак быў таксама малалюдны. Без асаблівых цяжкасцяў захапіўшы яго, раззлаваныя заваёўнікі выпалілі горад дазвання і спустошылі ваколіцы. Ад Новагародка маршал павёў рыцараў на замак Крывіч, што стаяў над Нёманам, аднак і там яны нічога не здабылі. Залога адважна адбівалася, а тэўтонцы неслі страты і цярпелі голад. Заставалася хутчэй вяртацца да схаваных запасаў.

Можна ўявіць, які жах апанаваў нямецкае рыцарства, калі на месцы і першага, і другога склада яны знайшлі толькі пабітую варту. У выніку дзеянняў Давыда Гарадзенскага ў ваколіцах таксама нельга было знайсці ніякага спажытку. Гэтак без бітваў вялікае ордэнскае вой­ска было пераможана. Мала хто з рыцараў зноў змог пабачыць Прусію.

Вялiкi рыцарскi шалом ?

Пад камандаваннем Давыда Гарадзенскага нашы продкі не толькі бараніліся, але і здзяйснялі пераможныя экспедыцыі ўглыб варожай тэрыторыі. У 1318 годзе гарадзенцы заваявалі ў Прусіі вобласць Вагэнштоф. Праз колькі гадоў Давыд дапамог гораду свайго маленства і юнацтва Пскову ў змаганні з Лівонскім ордэнам. У 1323-м – разбіў пад пскоўскімі сценамі дацкае войска і здзейсніў паход на Рэвель, цяперашні Талін. З энергіі і поспехаў гарадзенскага старасты можна толькі дзівіцца. 1324 годам датаваны паход Давыда ў Мазовію. Пад 1326-м хронікі паведамляюць пра кінжальны рэйд Давыда на чале 1200 коннікаў на Франкфурт-на-Одэры і Брандэнбург.

Але гэтаму пераможнаму паходу наканавана было стацца для нашага героя апошнім. Не здолеўшы разбіць Давыда Гарадзенскага ў адкрытым баі, немцы пастанавілі ўсё роўна звесці яго са свету. Мазавецкі рыцар Андрэй Гост, які ўдзельнічаў у Давыдавай экспедыцыі, спакусіўся на шчодра аплочаную прапанову крыжакоў і па-здрадніцку забіў свайго камандзіра.

Гарадзенцы з вялікай пашанаю пахавалі мужнага ваяводу каля Барысаглебаўскага манастыра.

Магілы аднаго з найталенавіцейшых бе­ла­рускіх палкаводцаў эпохі Сярэднявечча не захавалася. Але імя Давыда Гарадзенскага навечна засталося ў аналах айчыннай гісторыі. Ягоныя подзвігі і сёння натхняюць пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў. Сучасныя гарадзенцы мараць пра помнік свайму абаронцу, які мог бы паўстаць на высокім нёманскім беразе дзе-небудзь водбліз старажытнай Каложскай царквы.

https://www.traditionrolex.com/8