Чацвёртая «Ружанская брама»: склад мяняецца. Матарызаваных наведнікаў большае, рамеснікаў усё менш

17.06.2014 - Новости

Чацвёртая «Ружанская брама»: склад мяняецца. Матарызаваных наведнікаў большае, рамеснікаў усё менш

На сёлетнім фэсце ў Палацавым комплексе Сапегаў у мястэчку Ружаны праграма мала адрознівалася ад папярэдніх гадоў. Пленэр разьбяроў, канцэрты творчых калектываў, якія прыехалі з ваколіц Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны...

Былі на фэсце і заўсёдныя шляхціцы ды шляхцянкі (адмысловыя строі  ў музеі напагатове). І нават дзве рускія барзыя выклікалі эфект дэжавю. Распытаўся: і сапраўды, памяць не падвяла. Гаспадары прывезлі іх з Бярозы не ўпершыню, паведамляе «Брестский Курьер».

Пародзістым сабакам сёлета давялося пастаяць за сябе: іх праверылі на шчытнасць два мясцовых «двараніны», якія туляліся дваром без прывязі, намордніка і гаспадара. Апынулася, што ў барзых характар даволі завадны і сварлівы – сцярвозны. Доўга не маглі супакоіцца.

Прыемным сюрпрызам можна назваць выступ гурта «Стары Ольса», які грае аўтэнтычную сярэднявечную музыку ды спявае стылізаваныя песні. Хлопцы і дзяўчына карыстаюцца традыцыйнымі «ліцвінскімі» інструментамі.

Невялікую і бадай што правільную навацыю  зрабілі арганізатары, выставіўшы  «харчблок» фэста з дзядзінца на футбольнае поле справа ад палацавага комплекса. Асабіста мне атрымалася заўважыць унутры перыметра толькі аднаго п’янага, які мірна драмаў у крэсле перад сцэнай. Раней піва і шашлыкі спажывалі ўнутры перыметра, так што «чорная костка» фестывалю тырчэла ўнутры.

Не было сёлета дэльтапланаў. Што і чакалася, пры паветраных раскладках сёлетняй вясны.

На «Ружанскай браме» значна паменшала рамеснікаў. Як патлумачыў майстар пляцення  з лазы Мікола, які нудзьгаваў у адным з шапікаў: «Працы багата, менш за сто тысяч апусціцца цяжка, а гэта для нашага пакупніка ўжо грошы. Я вось прыехаў, а калегі, хто раней быў, дык не – цяжка прадаць што».

Аздобілі фэст кніжнікі. Былі і з Мінска, і нават брэсцкія. «Чым мы не народны промысел?» – дапытваўся па дарозе Сяргей Амяльчук. І на месцы атрымаў пацвярджэнне народа: ёсць кантакт!

Народнае прызнанне часам набывала самабытныя формы. Прыкладам, падышоў лейтэнант МНС. Распытваўся пра вершы. Потым пашкадаваў, што няма кніжак па псіхалогіі. Працягнуў 50 тысяч і кажа, што... кніжак не трэба. Пераканалі яго, што не па-беларуску гэта, не па-гаспадарску. «Бо ж можна не адну, нават  дзве кніжкі ўзяць і падараваць. Адну жонцы, другую  каханцы».  Падумаў і ўзяў адну. Акурат кішэннага фармату. Мы доўга абмяркоўвалі псіхалогію яго ўчынка. «Гэта ж літаратурная фабула. Мужчына адведзеную гадзіну гутарыць з жанчынай пра высокамаральныя розныя рэчы, потым плаціць належную пяцідзясятку і сыходзіць. Яны сябры». – «А фармат чаму такі? Каб калегі не ўбачылі, не смяяліся, што змарнаваў грошы?» Яшчэ нейкая версія пачала плясціся. Але не вытрымаў, пайшоў і наўпрост спытаў лейтэнанта пра матывацыю ахвярнасці на карысць літаратуры. Адказ быў: «Афіцэрскі гонар».

Гонар гонарам, а паркаваць аўтамабілі многім давялося далёка ад палаца Сапегаў. Дзесьці мо на пятай вуліцы. Прыкідачна, з’ехалася ў Ружаны каля паўтысячы аўто. Адмысловыя госці былі з Ваўкавыска, Гродна, Мінска. Так што свае тры тысячы фэст сабраў, нягледзячы на не надта спрыяльнае, бо халаднаватае і з перыядычнымі пырскамі зверху, надвор’е.

Увечары былі папсаваты, як на мой густ, гурт «J:Морс» і феерверк.

Напрыканцы  крыху важнага будзённага, пра якое не прамінуў даведацца з нагодаю.

Адзін з мясцовых экспертаў сказаў,  што цэнтральны будынак палацавага комплекса найверагодней злучаўся з флігелямі падземнымі пераходамі. Выдае на тое, што народны праект «Падзямеллі Беларусі» з часам  можа прырасці Ружанамі. Па-другое, ад дырэктара музея Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў Руслана Кнігі  даведаўся, што сёлета вылучаны грошы на далейшую рэстаўрацыю  комплексу (тры мільярды рублёў).  Палова з іх пойдзе на правы флігель. Значыць, датрываў  і ўжо не ўпадзе.

Яўген БЯЛАСІН (фота аўтара) 

Рубрики: Фестивали

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах