https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Пілігрымкі па святых мясцінах Беларусі становяцца важнай формай вывучэння гісторыі роднага краю, дапамагаюць спалучаць адпачынак з духоўнай і фізічнай загартоўкай. </strong>Група вернікаў з розных парафій  пад кіраўніцтвам ксяндза Уладзіслава Завальнюка здзейсніла пілігрымку на радзіму продкаў Эдварда Вайніловіча – у Слуцкі раён. Аўтобусная вандроўка адбывалася падчаc  Адвэнту, з мэтай духоўнага ўмацавання і падрыхтоўкі да Свята Божага Нараджэння.</p>

У дарозе пробашч касцёла Св. Сымона і св. Алены, кандыдат гістарычных навук кс. Уладзіслаў Завальнюк  прысвяціў гутарку беларускаму шляхцічу, дзяржаўнаму дзеячу, вернаму мужу і цудоўнаму бацьке Эдварду Вайніловічу.

Эдвард Антоній Леанард Адамавіч Вайніловіч ( 1847-1928) належаў да сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля». Ён нарадзіўся ў Сляпянцы, што цяпер у межах Мінска, у маёнтку, які належаў бацькам яго маці, Эдварду і Міхаліне з роду Манюшкаў і Ваньковічаў.

Выхаванне ў радавым маёнтку Савічы Слуцкага павета ў традыцыйнай шляхецкай годнасці, якую Эдвард Вайніловіч засвоіў і пранёс у сваёй душы праз усё сваё жыццё, і якая заключалася ў высакароднай прастаце і сумленнасці, пабожнасці і шчырай веры, зычлівасці і гасціннасці, шанаванні продкаў і ахвярнай любові да айчыны, пачалося бацькамі і працягвалася настаўнікамі. Вялікім прыкладам для Эдварда заўсёды быў працавіты і мудры бацька, а таксама пакаленні памерлых продкаў.

У самым пачатку прадзеды Вайніловічаў былі праваслаўнымі, потым прынялі ўніяцтва, а пазней многія з іх сталі шчырымі каталікамі.У Макранах, Цімкавічах, што недалёка ад Клецка, Вайніловічы пабудавалі каталіцкі касцёл і праваслаўную царкву. Рэвалюцыя разбурыла касцёл, засталіся толькі фундамент і раскіданыя пахаваныя нішы.

Эдвард Вайніловіч хацеў бачыць свой край заможным і багатым. У 1876 годзе ён заснаваў Сельскагаспадарчае таварыства на беларускіх землях. Ён некалькі разоў абіраўся ў Думу ў Пецярбурзе і спрыяў эканамічным рэформам.

Вайніловічу было ўласціва экуменічнае мысленне, ён ахвяраваў сродкі на касцёлы і цэркві, клапаціўся аб атрыманні царскага дазволу на будаўніцтва сінагогі у г. Клецку. Ён быў па-над бар’ерамі дзякуючы высокай культуры духу.

Страціўшы сваіх дзяцей Сымона і Алену, Вайніловіч не ўпаў у роспач і крыўду, а збудаваў у 1910 годзе ў Мінску Чырвоны касцёл, які служыць многім пакаленням вернікаў.

У 1919 з пераходам Случчыны пад кантроль бальшавікоў Эдвард Вайніловіч быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Ён жыў у Любліне, а затым у Быдгашчы, дзе ён заснаваў дом для дзяцей-сірот і беспрытульных. За мяжой ён быў маральным святлом, пуцяводнай зоркай для рэпатрыянтаў, прымушаных пакінуць айчынныя землі.

Ксёндз –пробашч распавёў, як 18 гадоў таму ён знайшоў пахаванні бацькоў і дзядоў Эдварда Вайніловіча, могілкі яго дзяцей Алены і Сымонкі. У хуткім часе да даследчай працы далучылася педагог-гісторык Вольга Каляда, якая настаўнічала ў тых мясцінах. Яна дапамагае і да гэтага часу ў добраўпарадкаванні і захаванні гэтага месца. Ксяндзу ўдалося выратаваць надмагільныя камяні ад разбурэння і перавезці адзін з іх да Чырвонага касцёла ў Мінск.

Пазней кс.Уладзіслаў Завальнюк  са святарамі накіраваўся ў горад Быдгашч і адшукаў магілу самога Эдварда Вайніловіча. У 2006 годзе па блаславенню кардынала Казіміра Свёнтка парэшткі шаноўнага шляхціча былі вернуты на Беларусь і ўрачыста перазахаваны ля заснаванага ім касцёла св. Сымона і Алены. Сёлета  кс. Ул.Завальнюк наведаў усе мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Вайніловіча: Клецк, Слуцк, Копыль, Нясвіж, Савічы, Макраны, Раёўку.

Беатыфікацыйны працэс, які вядзе апостальская сталіца, патрабуе дэтальнага вывучэння ўсіх абставін жыцця Э. Вайніловіча і збора сведчанняў пра Божую дапамогу праз яго малітоўнае заступніцтва.

Пілігрымы першапачаткова наведалі горад Копыль. Там, у касцёле св. Пятра і Паўла адбылося ўрачыстае набажэнства на ўспамін  бацькоў, дзядоў, прадзедаў і дзяцей Эдварда Вайніловіча, якія пахаваны недалёка ад вёскі Савічы.

У прамове да вернікаў святар падкрэсліў неабходнасць вяртання сапраўднай гісторыі жыцця асобаў, якія былі рэпрэсаваныя, сталі выгнаннікамі са сваёй зямлі. Важна захоўваць памяць пра фундатара цэнтральнага касцёла беларускай сталіцы, шчырага ахвярадаўцы, моцнага духам, вернага сям’і і Радзіме, -- адзначыў святар.

У дарозе дырэктар краязнаўчага музея Валянціна Леанідаўна Шуракова распавяла пра гісторыю горада Копыля, які праз некалькі гадоў будзе адзначаць 1000-годдзе. Копыль і бліжэйшыя землі належалі князям Алелькавічам – продкам св.Сафіі Слуцкай. Пасля яе адыходу землі перайшлі да яе мужа Януша Радзівіла. Частка экспазіцыі краязнаўчага музея прысвечана Вайніловічам.

“Існуе некалькі турыстычных маршрутаў па мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Эдварда Вайніловіча,  -- адзначыла дырэктар краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. -- Яны праходзязць праз населеныя пункты Дунаева, Макраны, Савічы, Цімкавічы.

 У вёсцы Дунаева захаваліся гаспадарчыя забудовы, сродкі з продажу якіх пайшлі на будаўніцтва Чырвонага касцёла ў Мінску. У Макранах захаваўся бровар, царква, вадасховішча і капліца. У Цімкавічах знаходзіцца помнік драўлянага дойлідства – царква пачатку ХХ стагоддзя. У Савічах знаходзіцца курган, куды перанесены парэшткі бацькоў Эдварда Вайніловіча. Там усталяваны помнік у выглядзе скульптурнай кампазіцыі “Пьета”, копія той, што знаходзіцца ў Італіі.”

Гэта месца і наведалі пілігрымы разам са святарамі,гісторыкамі і прадстаўнікамі мясцовай улады. Нават асобы сталага веку адважна крочылі праз  заснежанае поле і слізкую дарогу каля кіламетра.

 Святары блаславілі праваслаўны і каталіцкі крыжы, усталяваныя там, акрапілі іх святой вадой. Прысутныя запалілі знічы і заспявалі малітоўныя спевы. У цырымоніі ўдзельнічалі госці з Мінска і іншых гарадоў, прадстаўнікі Капыльскага выканкама і мясцовыя жыхары.

На зваротным шляху пілігрымы наведалі Фарны касцёл ў Нясвіжы. Ён быў пабудаваны ў пачатку  ХVІІ стагоддзя Мікалаем Радзівілам Сіроткам па праекце архітэктара Джаванні Марыя Бернардоні ў стылі барока па ўзору касцёла ў Рыме.

Удзельнікі падарожжа падзякавалі святарам, гісторыкам, краязнаўцам за выдатна арганізаваную паездку і пажадалі ўсім добрага здароўя, цудоўных і шчаслівых свят.

Кс. Уладзіслаў Завальнюк і Валянціна Шуракова

Касцёл у Копылі

Жыхары Копыля сустракаюць гасцей, у тым ліку біскупа Юрыя Касабуцкага

Месца пахавання продкаў Эдварда Вайніловіча

 

https://www.traditionrolex.com/8