Чыкагская дызайнерка стварыла серыю лялек: няшчасная беларусачка за 24 даляры

14.11.2013 - Новости

Чыкагская дызайнерка стварыла серыю лялек: няшчасная беларусачка за 24 даляры

Чыкагская дызайнерка Джына Біб стварыла серыю лялек Hearts4heartsgirls. Кожная лялька ў ёй прадстаўляе адну з самых няшчасных краін свету: Індыю, Лаос, Эфіопію, Бразілію, Мексіку, ЗША і, вядома, Беларусь, піша 34mag.net

 

«Hello, my name is Lilian and I live in Belarus»

На сайце hearts4heartsgirls.com можна купіць беларускую «дзяўчынку», блакітнавокую і светлавалосую, з нацыянальным касцюмам і тапачкамі ў якасці прыемнага бонусу. І ўсяго за 24 даляры.

«Hello, my name is Lilian and I live in Belarus. Welcome to my page!» – тоненькім галаском пад звонкую балалаечку вітае наведнікаў сайта лялька-беларуска з не зусім беларускім імем Ліліян. Чыкагскую дызайнерку Джыну Біб на яе стварэнне натхнілі гісторыі беларускіх дзяцей, многія з якіх, на думку амерыканкі, пазбаўленыя шчаслівага дзяцінства. Частка сумы ад продажу лялек праз партнёраў – гуманітарную кампанію «World Vision» – Джына пералічвае ў Беларусь. Дарэчы, сама дызайнерка ў лялечнай індустрыі занятая даўно – з 1979 года, а да стварэння філантрапічнай лініі Hearts4heartsgirls яна прыйшла ў 2010 годзе. Тады ж былі створаны першыя шэсць лялек, сярод якіх і беларуска Ліліян.

«Выбіраючы краіны-прататыпы, мы прыслухоўваліся да меркавання “World Vision”. Высветлілася, што Беларусь – адна з тых краін, з якімі супрацоўнічае арганізацыя, – распавяла 34mag Джына Біб. – Мы пачалі вывучаць Беларусь і былі ўражаныя яе прыгажосцю і прыгажосцю саміх беларусаў». Акрамя жадання дапамагчы беларускім дзецям, стваральнікі лялек кіраваліся яшчэ і выключна дызайнерскім імкненнем «стварыць нешта прыгожае на аснове элементаў беларускага касцюма».

Белая кашуля з элементамі нацыянальнага арнаменту на рукавах, камізэлька, чырвоныя легінсы – і вось амерыканскія дзеці ўяўляюць беларуску хоць і няшчаснай, але па-чартоўску стыльнай. Урэшце, Ліліян – адна з нешматлікіх бландзінак у серыі лялек, а гэта заўсёды перспектыўна. «Перш чым прыступіць да стварэння лялькі, мы прагледзелі фатаграфіі многіх беларускіх дзяўчатак, а пасля заняліся вывучэннем найбольш распаўсюджанага колеру вачэй і валасоў жыхароў вашай краіны. Нам спадабаўся варыянт блакітнавокай бландзінкі Ліліян – надта кранальна», – амаль з замілаваннем кажа Джына.

 

 

«Амерыканскія дзеці ўяўляюць беларуску хоць і няшчаснай, але па-чартоўску стыльнай»

 

Дарэчы, каманда Джыны шмат часу прысвяціла стварэнню твараў лялек, на якіх не павінна было быць шаблонных усмешак. Нават вочы кожнай лялькі дызайнеры перараблялі некалькі разоў, пакуль яны не пачалі глядзець на іх «па-чалавечы». «Наша дызайнерка Роўз Радасевіч вельмі скрупулёзна вывучала вашы народныя касцюмы і паспрабавала адаптаваць іх элементы да сучаснай моды, ствараючы сукенку для Ліліян. Дарэчы, калі мы прыдумлялі біяграфію лялькі-беларускі, мы вырашылі адзначыць, што вышыўку на яе сукенках рабіла бабуля», – дадае Джына.

Зрэшты, у адных легінсах у Беларусі не выжывеш. Не, дызайнеры не абулі Ліліян у валёнкі, толькі ў акуратныя белыя угі. Бо, па-першае, у Беларусі толькі 175 сонечных дзён у годзе, а па-другое, аддзел продажу параіў стваральнікам серыі звярнуць увагу на аксэсуары.

Дарэчы, голасам Ліліян на галоўнай старонцы сайта hearts4heartsgirls.com гаворыць сапраўдная беларуска, дзяўчынка, чыя сям’я пераехала ў прыгарад Чыкага. «Яна прыйшла ў студыю, і мы запісалі прывітальнае слова Ліліян, – успамінае Джына. – А яшчэ яна праспявала для нас песню і наогул аказалася вельмі мілай дзяўчынкай».

«Палітычна актыўная бландзінка»

Heart for heart girls – гэта спроба прыцягнуць увагу не да бедных, а да няшчасных краін, падкрэсліваюць стваральнікі праекта. Таму яны двойчы ўключылі ў спіс амерыканскую «дзяўчынку», што наогул цягне на маніфест: дызайнеры хоць і ўпэўненыя, што «God bless America», але не ўсю і не кожны яе штат. Другі раз, напрыклад, лялька-амерыканка з’явілася ў калекцыі пасля ўрагану Катрына. Дарэчы, сама дызайнерка кажа, што яе каманда спрабавала зрабіць так, каб лялькі і краіны, якія яны рэпрэзентуюць, не выглядалі ахвярамі. Іх мэта, наадварот, натхняць дзяўчат з усяго свету.

У барацьбе за чыстую карму стваральнікі серыі на працягу года вялі он-лайн-дзённікі ад імя кожнай з лялек – сапраўды маштабная праца. Не, сур’ёзна: рэдкі расіянін, напрыклад, ведае, што такое Дзяды, і тым больш – як іх адзначаць. А вось дызайнеры з Чыкага ведаюць і, больш за тое, хочуць, каб пра гэта даведаўся ўвесь свет. Стварэннем дзённікаў усіх лялек займалася літаратарка Сіндзі Рынке: «Яна спачатку вывучала гісторыю краіны, а пасля прадумвала біяграфію лялькі, дарэчы, у нас ёсць дыстрыб’ютары ў Расіі, яны праглядалі дзённік Ліліян, перш чым мы публікавалі яго ў сеціве, і дадавалі некаторыя дэталі». Дарэчы, на тэрыторыі Расіі Ліліян прадаецца пад імем «Алеся» – дзякуй за клопат, расійскія дыстрыб’ютары!

З дзённіка Ліліян мы высвятляем, што беларуска, чыстая, як горны крышталь, аказваецца яшчэ і катэгарычна таленавітай – захапляецца фатаграфіяй і арганізоўвае ўласныя выставы: «Дзённік Ліліян мы пісалі ў рэжыме “рэальнага часу”. Мы планавалі стварыць вельмі асабістую гісторыю з вялікай колькасцю адсылак да сацыяльнай і палітычнай сітуацыі ў краіне». Увогуле, палітыкі ў дзённіку Ліліян няшмат – яна з’яўляецца толькі ў снежні 2010-га – самі-ведаеце-чаму. У асноўным гісторыя Ліліян круціцца вакол яе захаплення фатаграфіяй і беднасці бацькоў, якія вымушаныя адправіцца ў Менск на заробкі. Ліліян жыве з бабуляй, сумуе па бацьках і адзначае нацыянальныя святы, якімі асабліва зацікавіліся стваральнікі серыі. За год існавання дзённіка Ліліян адсвяткавала і Дзяды, і Новы Год, і нават паспела пакалядаваць.

 

 

«Шмат якія нашы пакупнікі ўпершыню пачулі пра Беларусь дзякуючы нашым лялькам»

 

 

«Wanna play Belarus?»

Для тых дзяцей, каму не цікава, ці былі бацькі Ліліян на Плошчы і ад чаго церпяць дзеці ў Эфіопіі, распрацоўшчыкі прадумалі он-лайн-гульні. Сур’ёзна, завязвайце з покерам, лепш дапамажыце мексіканцы Кансуэле пячы булачкі на сямейнай фабрыцы, а амерыканцы Дэл – прывезці піражкі сваім сябрам, якія працуюць у гарах. На жаль, пагуляць з Ліліян у рэжыме он-лайн не атрымаецца – для яе гульню не распрацавалі. Яно і зразумела: гуляць беларусам няма калі, трэба працаваць.

Колькі ўжо прадалі лялек, Джына не кажа. Аднак адзначае, што «больш за ўсё мы прадаем у ЗША і Канадзе, але ў нас ёсць дыстрыб’ютары па ўсім свеце».

«Шмат якія нашы пакупнікі ўпершыню пачулі пра Беларусь дзякуючы нашым лялькам, – прызнаецца Джына. – Я чула ад шматлікіх жанчын, што з дапамогай нашых лялек яны распавядаюць дзецям пра традыцыі і культуры іншых краін. А якраз на гэтым тыдні я атрымала э-мэйл ад універсітэцкага прафесара – ён выкарыстоўвае “Hearts for hearts girls” на лекцыях па канфлікталогіі».

 


гісторыі лялек Hearts4heartsgirls

 

Рахэль,
Эфіопія

 

«Сезон дажджоў нарэшце скончыўся, маскіты зніклі і ўсе жыхары Эфіопіі могуць уздыхнуць вальней», – піша Рахэль у сваім он-лайн-дзённіку. Яе маленькі брат Асэфа памёр ад малярыі, калі яму не было яшчэ і года. Калі Рахэль падрасце, яна зробіцца доктарам і пастараецца, каб больш ні адно дзіця не стала ахвярай гэтай хваробы.

 

Зэлія,
Бразілія

 

Раніцай Зэлія заплятае свае прыгожыя доўгія валасы ў касу – кажа, гэта зручна, калі ў цябе наперадзе доўгі працоўны дзень. А калі ты жывеш на ферме, сярод кававых плантацый, гэты дзень яшчэ і цяжкі. Першае заданне – сабраць курыныя яйкі, а потым адправіцца па гародніну.

 
 

Дэл,
ЗША

 

Бацькі Дэл пераехалі ў раён Green Lake і аддалі дзяўчынку ў новую школу. Мама працуе ў школьным кафетэрыі і запэўнівае Дэл, што плацяць там нядрэнна – прынамсі, яна змагла адкласці грошы на новую зімовую вопратку для дачкі. Праблемы ў сям’і пачаліся, калі зачынілася вугальная шахта ў мястэчку, дзе доўгі час працаваў бацька Дэл – цяпер ён беспрацоўны. Сама юная амерыканка страшна любіць спевы, а яе брат грае на гітары.

 

Тыпі,
Лаос

 

Бацька Тыпі стварае лялек для тэатра ценяў, дзяўчынка шмат часу праводзіць у яго майстэрні. Яна спрабуе асвоіць яго рамяство, але прызнае, што гэта няпростая праца. Калі маленькі брацік Тыпі перавярнуў талерку з ежай, яна моцна раззлавалася на яго: «Я разумею, што рыбны соус быў салёны, а ён зусім маленькі, але ён павінен усведамляць, як яму пашанцавала, што сёння на сняданак у нас была гэтая ежа!».

 
 

Кансуэла, Мексіка

 

Бацькі Кансуэлы – пекары, яе маленькі пакойчык размешчаны на верхнім паверсе пякарні.«Мне падабаецца адчуваць пах печыва скрозь сон», – піша мексіканка, і ёй сніцца, што яна з’ядае самае вялізнае пірожнае ў свеце. Калі пачынаюцца заняткі ў школе, робіцца складаней дапамагаць бацькам у пякарні. І хоць дапамога сапраўды патрэбная, мама пераконвае Кансуэлу, што дзяўчынка павінна атрымаць добрую адукацыю, каб пасля выбраць прафесію па душы.

 

Ларыс,
ЗША

 

Ларыс жыве ў Луізіяне. Яна часта распытвае сваю цётку Юджын пра ўраган Катрына. І тая распавядае зноў і зноў пра тое, як вуліцы і першыя паверхі дамоў запаўняліся вадой, як даводзілася ўзбірацца на дах, як ім удалося выратавацца, і пра тое, як пакутавалі і гінулі пакінутыя ў дамах сабакі, кошкі і птушкі ў клетках. Ларыс і яе сябры ствараюць клуб тых, хто гатовы дапамагаць жывёле ў Луізіяне.

 
 

Наджы,
Індыя

 

Наджы ўсяго дзесяць гадоў, яна з мамай прыходзіць на чайную плантацыю раніцай, калі вакол яшчэ цёмна. Разам з маці ды іншымі жанчынамі маленькая Наджы збірае чайнае лісце. Добра, што з сабой у яе ёсць кошык з ланчам: рыс, гарчыца, лук, чылі і бамбукавыя сцябліны. Маці Наджы – сапраўдны прафесіянал, яна ўмее выбіраць найлепшае лісце і працуе на плантацыі з васьмі гадоў. Сама Наджы, калі не бывае на плантацыі, разам з сястрой працуе пакаёўкай. Ужо цяпер дзяўчынка дакладна ведае: яна ніколі не пойдзе маміным шляхам, не будзе збіраць чайнае лісце ўсё жыццё. У яе ёсць план: яна пойдзе ў школу, вывучыцца, адкрые свой бізнес і дапаможа ўсёй сям’і!

Рубрики: Калейдоскоп

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах