<p><strong>Дзе і як яны могуць купіць турпакет, экскурсію, забраніраваць месцы размяшчэння? Як гасцініцы, аграсядзібы, рэстараны прымаюць турыстаў? Што мы робім для таго, каб па вяртанні дадому турысты сталі «пасламі добрай волі» нашага рэгіёна? На гэтыя і многія іншыя пытанні паспрабавалі адказаць удзельнікі першага семінара ў рамках міжнароднага праекта «Падтрымка ўстойлівага развіцця турызму ў Беларусі».</strong></p>

Адкрыў семінар намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама і старшыня рабочай групы Вячаслаў Зубко. Затым слова ўзяў Янэз Сіршэ – міжнародны эксперт са Славеніі, які адзначыў, што роўнае партнёрства і кансультацыі неабходны для дасягнення мэтаў праекта і намечаных вынікаў.

Які від турызму мы рэальна можам прасоўваць у Белавежскай пушчы? Часткова – элітарны з прадастаўленнем усіх магчымасцей для адпачынку супрацоўнікам дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у рэспубліцы. Магчымы транзітны турызм – уздымалася пытанне аб функцыянальнасці аб’язной дарогі. Распрацаваць бы гэты турысцкі маршрут, стварыць адпаведную інфраструктуру, далучыўшы да сістэмы сэрвісу помнікі прыроды, гісторыі і культуры. Стварыць на трасе шэраг прыпыначных пунктаў – ад кемпінга да запраўкі. Усталяваць нейкія арыенціры: рэліктавыя дрэвы, сядзібы, крыніцы (напрыклад, в. Вежнае), да якіх рукой падаць, дзе можна і крынічнай вады выпіць, і жаданне загадаць, — і транзітны турыст атрымае хоць нейкае ўяўленне аб раёне, які наогул і не правінцыя нейкая. Палякі цікавяцца аб’язной дарогай у якасці незаменнай пляцоўкі для правядзення міжнародных спаборніцкіх велатураў. 

Удзельнікі семінара адзначылі дэфіцыт месцаў для правядзення камфортнага і разнастайнага 2-3-дзённага адпачынку, наведванне культурна-гістарычных славутасцяў, які цяпер можа доўжыцца не больш за адзін дзень. Адна з прычын – вельмі нізкія тэмпы развіцця інфраструктуры вакол аб’ектаў турысцкага паказу. Бо, акрамя відовішчаў, турысту патрэбна і адпаведнае харчаванне (вельмі вялікая праблема Белавежскай пушчы), і наяўнасць абсталяваных па еўрапейскіх стандартах месцаў агульнага карыстання. Вельмі важна правільна ўвесці турысцкія аб’екты ў лагічныя ланцужкі і на іх аснове распрацаваць маршруты, якія б уключалі ў сябе ўсё неабходнае  ад месцаў пражывання да сувенірнага кіёска.

Янэз Сірше заўважыў, што гістарычны патэнцыял раёна, які склаўся ўжо ў Сярэднявеччы, можна выкарыстоўваць па правераных у Еўропе схемах – прыцягваць турыстаў легендамі, рамантычнымі альбо трагічнымі гісторыямі, звязанымі, напрыклад, з Бонай Сфорца і г.д.

Таксама ўдзельнікі семінара адзначылі, што некаторыя аб’екты турысцкага паказу, тая ж вёска Стойлы, якая захоўвае спадчыну шырока вядомага за мяжой народнага майстра Міколы Тарасюка, і «ядлоўцавая даліна» непадалёк ад вёскі Чабахі, дзе ні адно дрэва не расце. 

Для базы адпачынку «Гута» параілі асаблівую ўвагу надаць трасіроўцы прагулачных маршрутаў. Для наведвальнікаў неабходна ўладкоўваць прыстанішчы ад непагадзі, назіральныя пляцоўкі, інфармацыйныя ўказальнікі, прыбіральні, смеццезборнікі, месцы для распальвання вогнішча і прылады для пікнікоў.

 Але, як адзначылі шматлікія ўдзельнікі семінара, для больш актыўнага прасоўвання белавежскага турыстычнага прадукту неабходна наяўнасць адзінага інфармацыйнага цэнтра, які б рабіў маніторынг, збіраў, апрацоўваў інфармацыю ад асноўных пастаўшчыкоў турыстычных паслуг у рэгіёне і падаваў яе на розных замежных мовах. Уратавалі б сітуацыю вулічныя інфармацыйныя банеры і турыстычныя інфакіёскі (пачынаючы перш за ўсё з вакзалаў і цэнтраў аўта- і велапракату), а таксама наяўнасць QR-кодаў на кожным турыстычным аб’екце.

Падводзячы вынікі семінара, замежныя партнёры адзначылі, што толькі мы, жыхары рэгіёна, можам падтрымаць каманду праекта ў зборы аб’ектыўнай інфармацыі, забяспечыць лагістычную падтрымку для арганізацыі наступных семінараў, рабочых сустрэч з зацікаўленымі бакамі і выездаў на месцы экспертаў.

Наш бок можа ўносіць або разглядаць прапановы адносна мерапрыемстваў, звязаных з трэнінгамі і навучальнымі паездкамі, рэкамендаваць, што і як варта прасоўваць, каб павялічыць колькасць турыстаў у рэгіёне, інфармаваць мясцовыя, абласныя і рэспубліканскія СМІ аб выніках праведзеных мерапрыемстваў у рамках рэалізацыі праекта.

Будзем спадзявацца, што мясцовым зацікаўленым арганізацыям будзе аказана неабходная падтрымка для авалодання сучаснымі турыстычнымі тэхналогіямі і Белавежская пушча зможа заняць дастойную нішу на рынку турыстычных паслуг у краіне.

Нагадаем, што праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам, які паставіў перад сабой задачу падзяліцца сваімі дасягненнямі і каштоўнасцямі з краінамі і народамі, якія знаходзяцца за яго межамі.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота аўтара

puszcza.urest.org