14 лютага ў Мінску стартуе бясплатны гарадскі квест — «Шукай.BY». У Дзень усiх закаханых мiнчукi выйдуць на шпацыр па гістарычным сэрцы сталiцы, каб, разгадваючы цiкавыя заданнi, даведацца пра легенды і паданні, якімі поўнiцца наш старажытны горад. Гульня, у цэнтры сюжэта якой будзе каханне, стане выдатным падарункам на Дзень Святога Валянцiна!

Сутнасць гульні: у пэўны час апынуцца ў месцы старта, выйсці на сайт квеста http://shukaj.by, націснуць на кнопку «Пачаць» і, разгадваючы загадкі, ісці па маршруце. Можна затрымлівацца ля славутасцяў ці зрабіць перапынак на кубачак кавы — значэнне маюць не час і хуткасць, а горад, каханне і задавальненне.

Арганізатары паклапаціліся і пра парачкі, і пра тых, хто яшчэ не знайшоў спадарожніка. Тэксты заданняў у хлопцаў і дзяўчат будуць крыху адрознівацца. Таму, каб прайсці квест, ім давядзецца аб'ядноўвацца. Вось вам і добрая нагода пашукаць сабе пару — ці з сабой бярыце, ці цягам гульні прыглядзіце.

I наперад — адкрываць для сябе таямніцы старога горада! За пару гадзінаў мiнчукі і госці сталiцы даведаюцца пра закаханага лешага Пана, як Свіслач накарміла Менеска каменнымі пiрагамі, пра русалку ў рацэ і Цмока, што скрадае дзяўчын.

Каб прыняць удзел ў гульні, трэба зарэгістравацца на сайце shukaj.by. Але будзе магчымасць прайсці квест i ў мiнакоў, што вырашаць далучыцца пасля пачатку. Праўда, падарункі і пачастункі на фінішы атрымаюць толькі тыя, хто папярэдне зарэгістраваўся.

Адмыслова рыхтавацца да гульні не трэба. Арганізатары ладзяць для вас не спаборніцтва на час, а прыемную прагулку ў добрай кампаніі.

Час i месца старту:

Прыгоды пачынаюцца на Плошчы 8 сакавіка з 12 гадзін 14 лютага.

Экіпіроўка:

Паклапаціцеся пра цёплую вопратку і абутак. Усё ж такі люты — не травень! Таксама загадзя падумайце пра тое, каб у самы цiкавы момант у вашых гаджэтах не села батарэйка.

Пытанні з нагоды квеста «Шукай.BY» вы можаце задаць яго ідэйнаму натхняльніку і арганізатару Яраславу Ліхачэўскаму. Тэлефон: +375 29 7724273.