https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>У гэтым годзе, як і мінулыя гады, Фэст экскурсаводаў будзе прымеркаваны да Міжнароднага для помнікаў і мясцінаў і пройдзе 18-19 красавіка.</strong></p>

Арганізатары паспрабуюць правесці яшчэ больш экскурсій па Мінску, чым у мінулыя гады (а ў апошні раз іх было больш за 70), знайсці новыя, цікавыя тэмы, прыцягнуць як маладых, крэатыўных экскурсаводаў, так і ветэранаў экскурсійнай справы. Магчыма, ў гэтым годзе да Фэста актыўна падключацца рэгіёны.

Мэты Фэста застаюцца такія ж, як і ўсе папярэднія 5 год: праз бясплатныя экскурсіі ўдзельнікі спрабуюць прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў да  гістарычных помнікаў, каля якіх яны жывуць, а таксама актывізаваць творчую “жылку” экскурсійнай справы ў Беларусі.

Аднак “Фэст” робіць не аргкамітэт, “Фэст” робяць дзесяткі краязнаўцаў і экскурсаводаў па ўсёй Беларусі, а таму арганізатары звяртаюцца да ўсіх жадаючых далучыцца:

Шаноўныя краязнаўцы і экскурсаводы Мінска, Гомеля, Пухавіч, Вілейкі, Вішнева, Буда-Кашалёва, Лынтупаў, Азярычыны, хутара Падцерабы і ўсіх-усіх населеных пунктаў Беларусі! Запрашаем вас далучыцца да “Фэста экскурсаводаў-2015” і 18-19 красавіка правесці ў сваёй мясцовасці адну бясплатную экскурсію.

Экскурсія, зразумела, мусіць быць пешаходная (варыянт ровараў, плытоў, канькоў і гандолаў таксама прымаюцца). Тэма пажадана новенькая. У кожнага актыўнага экскурсавода заўсёды ёсць нейкая тэма, якая ляжыць у шуфлядцы, бо на яе наўрадці збярэцца камерцыйная група. Дык вось менавіта цяпер у вас ёсць шанец паспрабаваць яе ў дзеянні.

Дасылайце інфармацыю пра сябе і вашу экскурсію на е-мэйл festguides@gmail.com. Поўны спіс экскурсій з’явіцца ў буйнейшых СМІ краіны за тыдзень да “Фэста” і ўсе жадаючыя змогуць прыйсці вас паслухаць.

Шаноўныя турфірмы! Вы таксама можаце выставіць сваю экскурсію ў спіс. Толькі вось банальная аглядная па Мінску тут не падыйдзе. Чакаем вашага крэатыву! Мы ўпэўненыя, што бясплатны крэатыў цяпер адгукнецца вам пасля павышэннем якасці вашага асноўнага прадукта.

Моладзь і не толькі! Усе тыя, хто хоча стаць экскурсаводам, але баіцца зрабіць першы крок. У межах “Фэста” традыцыйна будзе блок “вучнёўскіх экскурсій”. Мы гатовыя дапамагчы вам падртыхтаваць і правесці вашу першую самастойную экскурсію.  Звяртайцеся. Гэта ваш шанс!

Актывісты і студэнты! Падчас Фэсту, 18-19 красавіка, нам вельмі патрэбная будзе дапамога валанцераў. Валанцер на Фэсце - гэта кіраўнік экскурсіі. Менавіта ён сачыць за парадкам, пералічвае колькасць удзельнікаў экскурсіі, фатаграфуе яе, раздае матэрыялы і валодае інфармацыяй пра месца і час правядзення іншых экскурсій. Праявіце свае арганізацыйныя здольнасці!

Шаноўныя экскурсаводы, краязнаўцы і актывісты ў рэгіёнах! Мы гатовыя аказаць вам максімальную падтрымку, каб у вашай мясцовасці “Фэст” прайшоў не горш, чым у сталіцы. Пішыце нам!

Мы адкрытыя да любых прапаноў!

Па ўсіх пытаннях пішыце на пошту festguides@gmail.com

https://www.traditionrolex.com/8