<p>Сваімі ўражаннямі <strong>Віталь Нікановіч</strong>, грамадскі актывіст з Гародні, падзяліўся са слухачамі гарадзенскіх курсаў «Мова нанова». У нататніку вандроўніка ўжо больш за 200 гарадоў, якія ён адзначае кропкамі на адмысловым сайце, паведамляе <a href="http://www.racyja.com/vandrouki/garadzenets-navedau-bolsh-za-40-krain-sve/"><strong>Беларускае Радыё Рацыя.</strong></a></p>

Віталь распавёў пра самую, на яго думку, экзатычную краіну ў свеце, у якой ён нядаўна пабываў:

– Апошняя мая вандроўка – гэта на Кіпр. Кошт квітка з Коўна на Кіпр у адзін бок зараз складае каля 30 еўра, 4 гадзіны пералёту. Чаму Кіпр? Таму што да гэтага часу Кіпр падзелены на дзве розныя краіны – гэта Кіпр, які ўваходзіць у Еўрапейскі Звяз, са сталіцай у Нікасіі, і Кіпр са сталіцай у Нікасіі, які называецца Рэспубліка Паўночнага Кіпру. Вось Нікасія зараз адзіны горад у свеце, які з’яўляецца сталіцай дзвюх дзяржаў адначасова.  

Акрамя гэтага экзатычнага падарожжа, Віталь наведаў і такія непрызнаныя тэрыторыі, як Прыднястроўе і Крым, а таксама Абхазію. На думку вандроўніка, галоўнай перашкодай для падарожжаў з’яўляюцца візы, але галоўным чыннікам з’яўляецца жаданне і вольны час.