Глыбоччына: тры элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўзяты пад ахову

17.02.2014 - Новости

Автор: Дзяніс Філіпчык


Глыбоччына: тры элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўзяты пад ахову

Сучасны турыст паўсюль шукае аўтэнтыку. Што можа прапанаваць Беларусь? Строчыцы, Калядныя цары, дранікі, Палессе… Аказваецца, беларуская зямля хавае безліч таямніц, якія могуць быць цікавымі не толькі навукоўцам, але і турыстам.

Яскравым прыкладам таямнічасці і разнастайнасці нашай традыцыйнай культуры з’яўляецца Глыбоччына. Глыбоцкі раён – унікальнае месца: на яго тэрыторыі выяўлена, даследавана і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь тры элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны! Калі ўлічыць, што ва ўсёй Віцебскай вобласці ў вышэй згаданы спіс уключана ўсяго сем элементаў, то глыбоцкая лічба «тры» становіцца яшчэ больш значнай.

Напрыклад, у 2013 г. у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей унесена традыцыйная тэхналогія выпякання жытнёвага хлеба Лупач Сцепанідай Аляксандраўнай з вёскі Дзеркаўшчына і тэхналогія прыгатавання традыцыйнай стравы «Масляны баран» Марынай Іванаўнай Хрол з вёскі Мацюкова. Навіна аб іх уключэнні ў спіс абляцела не толькі ўвесь Глыбоцкі раён, але і з’явілася на галоўных інфармацыйных парталах краіны.

У гэтым жа годзе Глыбоцкі раён таксама аказаўся на вышыні. 22 студзеня адбылося пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. На ім адзінагалосна рашэннем сяброў Рады падтрымана прапанова аб наданні статусаў нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь дзевяці элементам нематэрыяльнай культуры, а сярод іх і абраду «Насіць намётку» жыхароў в. Папшычы Глыбоцкага раёна.

Цікава і тое, што ініцыятыва па ўключэнні абрада ў Дзяржаўны спіс ішла не «зверху», як у нас часта бывае, а збоку звычайных людзей. Аўтар гэтых строк выявіў, даследаваў гэты абрад і падрыхтаваў усю неабходную дакументацыю для надання яму статуса нематэрыяльнай каштоўнасці. Абрад, які здзяйсняюць жыхары вёскі, у навуковай літаратуры называецца абыдзённым, а палатно – абыдзённікам. Назва абрада паходзіць ад словазлучэння «аб адзін дзень». Сама гэта назва і падказвае, што нешта павінна было адбыцца за адзін дзень. Менавіта за адзін дзень ці за адну ноч вяскоўцам неабходна было выткаць адрэз палатна. Здзяйснялася гэта, каб абараніць вёску ад небяспекі: хваробы, пажару, засухі ці нават вайны.

Напрацягу ўсяго ХІХ ст. выраб абыдзённага палатна быў даволі пашыранай практыкай. Выраблялі абыдзённік яшчэ і ў першай палове ХХ ст., асабліва падчас Другой сусветнай вайны. Паступова абрад гэты адыходзіць у нябыт і застаецца пераважна ў пасіўнай форме – у памяці людзей. У в. Папшычы абыдзённы абрад захаваўся да цяперашняга часу і ператварыўся ў сталую штогадовую практыку.

Штогод на свята Спаслання Духа Святога на апосталаў (па календары каталіцкай канфесіі) усе вяскоўцы збіраюцца ля прыдарожнага крыжа. Пасля выканання непрацяглага спеву людзі разгортваюць палатно, якое папярэдне набыла ўся вёска. На палатно, ці, як яго называюць у Папшычах, «намётку», кладуць грашовыя ахвяраванні. Пасля гэтага працэсія са спевам накіроўваецца на могілкі, дзе адбываецца Святая імша. Несці намётку павінны самыя маладыя жыхары вёскі, а найлепш, каб гэта рабілі дзеткі. Пасля Святой імшы палатно ахвяруюць на патрэбы парафіяльнага касцёла ў в. Удзела.

«Намётку» могуць праносіць над маленькімі дзецьмі, каб яны былі моцнымі і здаровымі. Усе вяскоўцы вераць у моц намёткі, у тое, што яна засцерагае ад хваробаў і рознай бяды іх родную вёску. І ўсё гэта адбываецца ў ХХІ ст.  Калі Беларусь у войнах страціла значную частку сваёй культурнай спадчыны, мы  можам скарыстаць для развіцця турызму нашы жывыя скарбы: звычаі, традыцыі, тэхналогіі і абрады.  Уключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей з’яўляецца толькі першым этапам. Мы вывучаем і бяром элемент пад ахову. А вось пасля і наступае зручны момант скарыстаць жывую спадчыну ў турыстычных мэтах. Ці стане ў Год гасціннасці  «Масляны баран» кулінарным брэндам Глыбоччыны? Ці прыме наведвальнікаў інтэрактыўны музей хлеба? Ці будуць турысты прыязджаць, каб пабачыць «Папшыцкую намётку»? Час  пакажа!

Рубрики: В Беларуси

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах