<p><strong>Умовы гульні вельмі простыя: камандай (ад аднаго да трох чалавек) за тры гадзіны неабходна разгадаць заданні ў межах горада. Прыкладна 17 пытанняў для «веласіпеднай» каманды і 15 – для «пешай». Пляцоўкай для старту гульні стане мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей.</strong></p>

Пра гэта паведамляе сайт газеты «Астравецкая праўда». Чатыры энергічныя дзяўчыны — Ганна Самаль (дызайнер квэста), Ганна Агафонава і Кацярына Луцэвіч («мазгавы дуэт»), Вольга Трубач (каардынатар) — вырашылі, што трэба неяк прыцягнуць увагу да маленькіх гарадоў Беларусі, і арганізавалі першы «Тутэйшы квэст» у Маладзечне ў ліпені гэтага года.

– Тады прыйшло няшмат людзей, але ўдзельнікі былі настолькі задаволены, што мы яшчэ больш загарэліся ідэяй паказаць прыгажосць і непаўторнасць правінцыйных гарадоў. Праз два месяцы рушылі ў Вілейку. Колькасць каманд значна павялічылася. Паўдзельнічаць у квэсце ужо можна было не толькі пешшу, але і на веласіпедзе. Цікава, што 7 з 11 каманд «падарожнічалі» за адказамі на веласіпедах! Пакуль гарады мы выбіраем па прынцыпу «чым бліжэй да чыгункі» – зручней даехаць. У планах  выбірацца далей, а напярэданні арганізоўваць велапаход ад чыгункі бліжэйшага гарадка да месца правядзення квэста, – расказвае Вольга.

Умовы гульні вельмі простыя: камандай (ад аднаго да трох чалавек) за тры гадзіны неабходна разгадаць заданні ў межах горада. Прыкладна 17 пытанняў для «веласіпеднай» каманды і 15 – для «пешай». Хто хутчэй знойдзе правільныя адказы, той, зразумела, перамог. А заданні дзяўчаты прыдумваюць складаныя, інтэрнэт тут не падкажа! Напрыклад, у вілейскім радзільным аддзяленні ёсць адмысловая традыцыя: пры з’яўленні на свет немаўляткі ўрач звоніць у звон. Адкажыце, на чым замацаваны звон. Аказваецца, на крыжы. Бачым, што без ведання мясцовай гісторыі і культуры, без дапамогі жыхароў, без лагічнага мыслення – нікуды!

– Падчас правядзення апошняга квэсту адна з удзельніц расказала, як мясцовая бабуля дапамагала знайсці адказы на пытанні і нават падзялілася гісторыяй пэўнага месца, – з усмешкай гаворыць Вольга. – Вось так і адбываецца ўзаемадзеянне мясцовых з «турыстамі».

Арганізатары ўжо рыхтуюцца да чарговага квэста ў Смаргоні. Пляцоўкай для старту гульні стане мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей. Аб гэтым ужо ёсць дамова з дырэктарам музея Марынай Валер’еўнай Кіроўскай. А ў групе гульні «УКантакце» амаль кожны дзень з’яўляюцца новыя невялічкія артыкулы пра Смаргоншчыну, каб хоць крыху падрыхтаваць каманды.

Изображение 1

– Хочацца, каб у нашых квэстах удзельнічалі як людзі з іншых гарадоў і вёсак, так і жыхары той мясцовасці, дзе праходзіць гульня-экскурсія, – працягвае размову Вольга. – Трэба ўзнімаць рэйтынг малых гарадоў, бо там ёсць на што паглядзець: рэлігійныя ўстановы, арт-аб’екты, помнікі і проста з густам аформленыя будынкі. Да сустрэчы на квэсце!

Паводле сайта газеты «Астравецкая праўда»