Фальклорны фестываль у Ліншопінгу – гэта адна з найбуйнейшых падзей такога плану ў Швецыі. Штогод адбываецца ў сярэдзіне кастрычніка, у пятніцу–суботу. У нядзелю дысцыплінаваныя шведы, мабыць, рыхтуюцца ўжо да працоўнага тыдня. Ці дабіраюцца да дому: у Ліншопінг з’язджаюцца гурты і гледачы, танцоры з усёй Швецыі і не толькі. А краіна вельмі выцягнутая па мерыдыяне. Калі на мапе паставіць іголку цыркуля на Стакгольм і радыусам абраць адлегласць да Мінска, то самая паўночная кропка Швецыі застанецца па-за абмаляваным колам.

Краіну традыцыйна падзяляюць на 3 часткі. На поўначы – Норланд («Паўночная зямля», складаецца з Лапландыі і яшчэ некалькіх правінцый). На Поўдні – Ётланд («Зямля готаў», не блытаць з Готландам – востравам ля ўсходняга ўзбярэжжа Швецыі, таксама адносіцца да Ётланда). Назву гэта частка краіны атрымала ад племя готаў (у шведскай фанетыцы – ётаў), якія жылі тут у старажытнасці і з’яўляюцца наўпрост продкамі сучасных шведаў у гэтай частцы краіны. Адсюль готы рассяліліся ў І ст. да н. э. па кантынентальнай Еўропе, у III ст. н. э. прымусілі выплочваць даніну Рымскую імперыю, а ў 410 г. разрабавалі сам Рым. Сляды готаў знаходзяць і ў Паўднёва-Заходняй Беларусі – з гэтым племем звязваюць артэфакты вельбарскай археалагічнай культуры жалезнага веку (ІІ–ІV стст. н. э.). Менавіта дзякуючы колішняй прысутнасці гэтага германскага племені ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны па плане «Ост» планавалася вынішчыць ці выселіць не ўсё беларускае насельніцтва, а толькі 75%. Больш пра беларуска-шведскія гістарычныя сувязі раю пачытаць у працах Андрэя Катлярчука. Гэта беларускі гісторык, што цяпер працуе ў Стакгольме, аднак друкуецца і па-беларуску.

Што цікава, у сучаснай шведскай гістарыяграфіі тэзіс, што кантынентальныя готы паходзяць са Швецыі, выклікае вострыя дэбаты. Ва ўсёй астатняй Еўропе пытанне стаіць не так востра, «востраў Скандза», названы Іарданам у трактаце «Аб паходжанні і дзеях готаў» прарадзімай племя, прынята асацыяваць са Скандынавіяй.

Паміж Ётландам і Норландам знаходзіцца Свеаланд – «зямля свеяў». Гэта германскае племя, што каля 1000 г. далучыла шведскіх готаў і стварыла адзінае каралеўства. Ад іх этноніма паходзіць і сучасная назва ўсёй краіны – Sverige.

Свеаланд, Ётланд і Норланд не маюць статусу афіцыйных адміністрацыйных адзінак, але іх назвы шырока выкарыстоўваюцца ў грамадскім жыцці, напрыклад, у назвах спартыўных каманд, у прагнозах надвор’я. Практычна ў кожнай правінцыі Ётланда і Свеаланда ёсць грамадскае аб’яднанне, што займаецца фальклорам: ладзіць канцэрты, танцавальныя вечарыны, некаторыя нават маюць свае фестывалі, як у Ліншопінгу.

Што да Норланда, то значную частку тэрыторыі засяляюць саамы, ці лапландцы. Дарэчы, этнонім лапі (у рускім вымаўленні лопары, лапляне, лоп) для саама абразлівы, як джыпсі для цыгана ці негр для афрашведа. Лічыцца, што такая назва паходзіць ад кавалачкаў тканіны (узгадаем беларускі лапік), з якіх складалася адзенне саамаў на вока «цывілізаванага» назіральніка. Таму і тапонім Лапландыя, прыняты ў рускай мове, у карэктнай Швецыі не выкарыстоўваецца. Замест яго – Саміланд, «зямля саамаў».

Саамы, ці самі, як іх завуць па-шведску, займаюць паўночную тэрыторыю Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі і Кольскі паўвостраў Расіі. Традыцыйна саамы займаліся рыбалоўствам, паляваннем (у тым ліку марскім, на цюленяў) і аленегадоўляй. Земляробства на іх тэрыторыі не развітае праз суровы паўночны клімат. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі фіна-ўгорскай моўнай групы, таму фальклор Лапландыі значна адрозніваецца ад фальклору Ётланда і Свеаланда, заселеных індаеўрапейцамі. Звычайна, калі гэта не фестываль культуры самі, лапландскія песні ўспрымаюцца шведамі як world music нароўні з музыкай «новых» этнічных меншасцяў: індусаў, паўднёвых славян, афрыканцаў. Без саамаў праграма шведскага фольк-фестывалю не лічыцца няпоўнай. Напрыклад, сёлета саамская культура ў Ліншопінгу прадстаўлена не была. А калі я наведвала гэты фестываль 5 год таму – была.

Праносіць ежу і пітво на фестываль гэтым разам забаронена, бо на тэрыторыі працуе 2 бары і рэстаран. Тым жа часам ніхто ў сумку не лезе з праверкай, тут прынята верыць людзям на слова. Кажаш «Я вучуся» – і атрымліваеш студэнцкую зніжку, білет абыходзіцца ўжо ў 400 крон (троху больш за 40 еўра), а не 500. На маю спробу на ўсялякі выпадак паказаць студэнцкі білет міжнароднага ўзору ISIC касірка робіць круглыя вочы і кажа: «Што вы, схавайце, дзякуй!»

Дарэчы, ISIC вельмі раю зрабіць, ён дае розныя зніжкі: на ўваходныя і транспартныя білеты, у хостэлах, кавярнях па ўсім свеце. Гэта афіцыйная міжнародная студэнцкая картка, выпускаецца пад эгідай UNESCO. Атрымаць ISIC можна, паказаўшы свой беларускі студэнцкі і пашпарт і заплаціўшы 6 даляраў беларускімі па актуальным курсе. З сабой трэба прынесці фота памерам 3х4. Я раблю звычайна ў Цэнтры мола­дзевых вандровак у Мінску на Машэрава, 17. Істотна, што ISIC дзейнічае з пачатку навучальнага года да канца наступнага каляндарнага года. Так што, скончыўшы вучыцца ў чэрвені, вы яшчэ паўгода можаце карыстацца льготамі.

Гадзінную праграму гурты на фестывалі часта выбудоўваюць цалкам на танцавальных мелодыях, адразу папярэджваючы публіку, што можна таньчыць, калі дазваляе памяшканне. У Швецыі фалькларыстамі запісана 100 тысяч народных мелодый, з іх 70% – гэта варыяцыі танца «Польска». Паходжанне яго цьмянае, у Швецыю трапіў у XVII ст. з Еўропы, магчыма, з Польшчы, пра што сведчыць і назва, і тое, што ў гэты час шведская дынастыя Вазаў каралявала ў Рэчы Паспалітай.

Найбольш вядомым і асаблівым традыцыйным шведскім музычным інструментам лічыцца нікельхарпа (арфа з ключамі). Традыцыйную музыку граюць таксама на скрыпках, колавых лірах і дудах.

Дабірацца ў Ліншопінг танней за ўсё самалётам кампаніі Ryanair праз Варшаву. Яны лётаюць паміж маленькімі аэрапортамі Варшава – Модлін і Стакгольм – Скавста. Да іх зручна дабірацца спецыяльнымі аэрапортнымі аўтобусамі, у Варшаве – ад Палаца культуры і навукі (33 злотыя, трохі больш за 100 тысяч рублёў), у Ліншопінгу – ад вакзала (139 крон, каля 200 тысяч рублёў, калі купляць праз інтэрнэт). З аэрапорта Скавста можна аэрапортным аўтобусам даехаць і да Стакгольма. Пералёт з аэрапорта Модлін да Скавсты і назад абышоўся мне ў 25 еўра.