https://www.traditionrolex.com/8

Такога вялікага шаленства ў нацыянальным стылі я не бачыла даўно! Шмат спеваў і танцаў, шмат вышыванак і беларускай мовы, народныя традыцыі, нацыянальныя строі… І галоўнае – адчуванне вялікага адзінства, вялікага «Мы»! У клубе «Ры:Паблік» шырока адсвяткавалі Каляды.

У канцэрце ўзялі ўдзел чатыры вядомыя беларускія музычныя гурты: ІRDORATH, СТАРЫ ОЛЬСА, ZNІCH, LІTVІNTROLL. Таксама гасцей забаўлялі ўдзельнікі танцавальнага калектыву «ГІСТРЫЁН» і гурту «ГАРЫНЬ», якія арганізавалі народныя гульні і нават невялікую тэатральную пастаноўку – як святкавалі Каляды нашыя продкі. Увогуле, як і мусіць быць на Каляды, свята атрымалася поўнае цудаў i сюрпрызаў. Але пра ўсё па парадку.

Сюрпрыз першы: чатыры гадзіны самай лепшай беларускай музыкі.

Зміцер Сасноўскі – нязменны лідар гурта «Стары Ольса» і вядоўца на фэсце. Зміцера я злавіла ў грымёрцы акурат пасля выступу «Ольсаў», калі на сцэне ўжо працаваў іншы гурт. І канешне ж, задала некалькі пытанняў.

 – Чым адметны гэты «Калядны фэст» у параўнанні з іншымі?

 – Чым адметны? Усе дарослымі становяцца, усё змяняецца, людзі ўспрымаюць гэты фэст ужо як традыцыйны. Мы бачым, што сюды прыходзяць сем’ямі. Прыходзяць у вышываных кашулях, масак шмат. Гурты тыя ж самыя, адно і тое ж кола, але з новым рэпертуарам.

 – Што на гэты фэст прынёс гурт «Стары Ольса»?

 – Песню «Франкфурт» пра паход князя Давыда Гарадзенскага на Франкфурт. Астатняе ўсё з мінулых альбомаў.

 – Як ты прагназуеш развіццё фэсту? Што з ім будзе далей?

 – Гэта форма адпачынку. Думаем, вырашым арганізацыйныя пытанні, будзем прыцягваць новыя гурты. Напрыклад, ІRDORATH пачыналі з гэтага фэсту, і вось з года ў год яны растуць, развіваюцца. ZNІCH пасталеў, змяніў склад, але гучыць цудоўна і прафесійна. Новы альбом сёння сюды выносіць LІTVІNTROLL... Мы пачыналі фэсты з вялікай колькасці ўдзельнікаў, іх было пад 20. Гэта быў прынцып фэсту. І маладым давалі пайграць. Зараз змянілася канцэпцыя: чатыры гурты, але ім даюць па цэлай гадзіне, каб яны гралі. Спрагназаваць можна вось што: калі з'яўляюцца цікавыя гурты, мы іх адразу запрашаем. І магчыма прысвецім нейкі фэст маладым гуртам. А хэдлайнерам будзе нейкі адзін вядомы гурт. Ці то мы сыйдзем у нейкі фольк-мадэрн і паспрабуем зрабіць фэст у мадэрновым стылі. Сёння ў нас адбылося калядаванне. Гэта было абсалютна традыцыйнае калядаванне, зразумелае людзям, якія «у тэме». Але з гэтага не было шоу. Таму, калі тых самых людзей падрыхтаваць, каб яны выконвалі менавіта шоў – прыгожае, яркае, тэатралізаванае, – гэта быў бы вельмі цудоўны лаў-фэст. Я б хацеў, каб так і адбылося налета.

 – Асабіста для цябе Каляды – гэта што?

 – У Калядах вельмі шмат пластоў з'яднана: і хрысціянскі, і высакародны, і вельмі дзікі. Цяжкі рок вельмі пасуе да Калядаў. Каляды – гэта адначасна і руйнаванне старога, і стварэнне новага. Зараджэнне новага году, таму што менавіта з гэтага моманту ён пачынаўся ў нашых продкаў. Таму для мяне Каляды – гэта вельмі багатае свята. Свята для тых людзей, якія паважаюць традыцыі хрысціянскія, астранамічныя падзеі, якія на нас уплываюць – і на паводзіны, і на псіхіку. Гэта і светлае свята хрысціянскае – нараджэнне Хрыстова. Гэта свята, якое гістарычна злучае нас з усёй Еўропай. Менавіта Каляды, якія мы, дарэчы, згубілі. У масавай культуры Каляды адсутнічаюць. Усе святкуюць Новы год. І вось зараз святкаванне Калядаў паступова вяртаецца. І ўсе гэтыя слаі я адчуваю, таму што ведаю пра іх і ўдзельнічаю ў розных абрадах.

Гледзячы на моладзь, якая тут сабралася, я падумаў, што незалежна ні ад якіх вонкавых абставін, адбываюцца працэсы абсалютна непадуладныя. Вельмі прыемныя працэсы, калі нашыя традыцыі адраджаюцца. Гэта такі некіруемы, хаатычны, спантанны рух, які вельмі цешыць усіх тых, хто непакоіцца за сваю гісторыю і за гістарычныя веды.

Сюрпрыз другі: «Ірдараты» заспявалі па-беларуску.

Не ведаю, як для каго, а для мяне асабіста вялікім адкрыццём стала тое, што гурт ІRDORATH… заспяваў па-беларуску. Пасля выступу музыкантаў мне давялося запісаць кароткае інтэв’ю з удзельнікам калектыву Уладзімірам Калачом, сцэнічнае імя якога – Оdо.

 – Уладзімір, тое, што «Ірдараты» заспявалі па-беларуску, нейкая прынцыповая пазіцыя?
– Гэтак жа сама ў свой час мы заспявалі на ангельскай, на рускай і іншых мовах, калі гэта было патрэбна. Ад нас гэтага даўно чакалі, пыталіся, чаму мы не спяваем па-беларуску, але ўсяму свой час. І вось зараз гэты час надышоў, і мы будзем гэта рабіць.
Тыя песні, якія мы спяваем па-беларуску, мы не ўяўляем сабе на нейкіх іншых мовах. Напрыклад, песню «Крылы» Надзея напісала адразу на беларускай мове. І яна нават уявіць не магла, што гэта можа быць нейкая іншая мова. Гэтак сама мы не будзем перакладаць вершы Караткевіча на іншую мову. Усе песні ў нашым рэпертуары – на тых мовах, на якіх яны павінны быць.

 – У вас амаль падрыхтаваны новы альбом. Чым ён адрозніваецца ад папярэдняга? Чым ён адметны?

– Ён увогуле іншы. Ён адрозніваецца двума гадамі канцэртнай дзейнасці і двума гадамі жыцця, творчасці. За гэты час шмат чаго змянілася. Змянілася нашае ўспрыманне таго, што мы робім. Змяніліся інструменты, якія мы выкарыстоўваем. Першы альбом – гэта ўсё тое, што мы змаглі прыдумаць за некалькі год фарміравання нашага гурту. Мы нешта прыдумлялі з аднымі людзьмі, пасля – з іншымі. У выніку, запісалі ўсё ўтрох у гэтым першым альбоме. І вось нешта атрымалася. А зараз мы больш сур’ёзна падышлі да працэсу. Усё лепш прапрацавана, больш музычна. І там, у новым альбоме, будзе шмат чаго цікавага. Нават, на наш погляд.

Зараз у нас ідзе апошняя стадыя яго падрыхтоўкі. І на працягу ўсіх чатырох месяцаў да прэзентацыі мы будзем выкладаць у сацсеткі, у вольны доступ, нашыя новыя кампазіцыі. Таксама мы знялі кліп, будзем яго прэзентаваць у студзені, і гэта будзе першым сюрпрызам ад нас у новым годзе. Так што, як кажуць, сачыце за рэкламай.

– Дарэчы, хто для вас робіць музыку, песні?

– Музыку мы робім разам, усім гуртом на рэпетыцыях. Гэта калектыўная творчасць. Тэксты песень у асноўным піша Надзея. Альбо нехта з нас знаходзіць цікавы тэкст ці, нават, саму песню, якую мы пасля аранжыруем. Гэта калектыўная творчасць.
– Вы проста сядаеце і імправізуеце?

– Даволі часта бывае, што песні нараджаюцца ў імправізацыі, як, дарэчы, і ў шмат якіх іншых гуртоў. І гэта нармальна. Час ад часу нехта з нас прыносіць распрацоўкі, якія мы развіваем, прыводзім іх да нейкага скончанага выгляду. З вялікай колькасці такіх распрацовак можа атрымацца адна-дзве песні. Ці ўвогуле ніводнай.
– Асабіста для вас што такое Каляды?

– Насамрэч, у Калядах мы сталі прымаць удзел ужо дарослымі, ужо гуртом ІRDОRATH. Нават удзельнічалі ў нейкіх абрадах, і калядавалі. Гэта было цікава і самабытна. І вельмі… класна! Каляды – гэта нешта сакральнае, так што не будзем у гэта надта паглыбляцца.

Сюрпрыз трэці: беларускія традыцыі ў трэндзе

Яшчэ адзін цікавы суразмоўца – Алесь Таболіч, лідар гурта ZNІCH, аднаго са старэйшых на беларускай сцэне. Алесь разважае наконт творчасці, камерцыі і святкавання Калядаў.

 – «Калядны фэст» – гэта адно са старажытных святаў. Прычым, як на сучаснай фестывальнай сцэне, так і самі Каляды былі заўжды вельмі важнай часткай жыцця нашых продкаў. Такой самай велічыні як Купалле, напрыклад. Я лічу, што штогадовы аншлаг на «Калядным фэсце» – гэта паказальнік вялікай прыхільнасці нашай моладзі да традыцыйнай культуры. Мне прыемна бачыць тут столькі людзей.
 – Вашая музыка – гэта аб’яднанне язычніцкай традыцыі і сучаснасці. Што для вас гэтыя язычніцкія карані? Унутранае адчуванне? Ці проста камерцыя?

 – Я заўсёды лічыў, што рок-н-рол – гэта зусім некамерцыйны падыход. Я думаю, што на Захадзе, у Еўропе гэта ёсць, я маю на ўвазе камерцыю. У тым сэнсе, што гуртамі займаюцца нейкія прамоўтары, лейблы. А ў нас музыку робяць тыя людзі, хто яе пасля грае. Тут я лічу, што гэта не камерцыя, а ўсе ж духоўнае жыццё музыканта, творцы. Наконт таго, што я ўкладаю ў сваю творчасць… Калі музыкай я займаюся ўжо 20 год, а па жыцці так атрымалася, што сувязь з продкамі, з Палессем у мяне вельмі моцная (напрыклад, мае бабулі спявалі і трымаліся народных традыцый), – дык вось я думаю, што для мяне гэта, нават… сэнс жыцця.
 – Хто піша для вас музыку, тэксты?

– Музыку – музыканты, тэксты – я. Але апошнім часам хачу ўзяць класіку за аснову і народныя тэксты – таксама.

 – А цяпер што ў планах?

Алесь задумваецца і адказвае не адразу:

 – Ведаеце што… вы правільна сказалі. У нас самая галоўная праблема – гэта камерцыя. Але ўжо ў іншым, не заходнім сэнсе. Калі людзі ў нас жывуць і працуюць на заводах ці праграмістамі. Яшчэ недзе. Кім заўгодна. У іх часу не стае на музычную дзейнасць. А я лічу, што, калі ты творца, ты павінен знайсці магчымасць быць творцам, а не кімсьці яшчэ.

Я жадаю, каб людзі, гэта я ўжо пра гледачоў, звярталі вялікую ўвагу на сваю музыку. На традыцыі. На святы. Каб яны ўдзельнічалі ў гэтых святах. Ездзілі на фестывалі. Чалавек становіцца шырэй у нейкім духоўным сэнсе. І я думаю, што гэта лепшае, што можа быць у нас у Беларусі – калі чалавек ведае свае традыцыі. І я бачу, што ўсе ж такі паціху, патроху – але людзі імкнуцца да свайго.

Такім атрымаўся «Калядны фэст-2014». Гучны, імклівы, апантаны, чароўны, шалёны і такі свой… Так што застаецца яшчэ раз павіншаваць і гледачоў, і ўдзельнікаў з Калядамі і пачынаць чакаць новага «Каляднага фэсту-2015», які абавязкова адбудзецца і будзе не менш цудоўным.

https://www.traditionrolex.com/8