"Расія - краіна бандытаў", "Маскалі - ва ўсім вінаватыя", "Ох, ужо мне гэтыя рускія турысты!", "Рускія - гэта варвары, якім мы прынеслі цывілізацыю", - гэта далёка не поўны набор клішэ, распаўсюджаных сёння сярод маіх суайчыннікаў. Ах, ну як жа я забыў і пра іншы полюс: "Браты-славяне", "Кіеў - калыска трох братніх народаў", "Праваслаўная цывілізацыя" і г.д. і г.д. Мяне ўжо даўно цікавіў феномен рускіх, а асабліва - якое дачыненне маем мы, жыхары "сінявокай", да гэтага феномену

Я і рускія: спроба знасйсці сваё і паставіць іншых на іхняе месца

 

"Расія - краіна бандытаў", "Маскалі - ва ўсім вінаватыя", "Ох, ужо мне гэтыя рускія турысты!", "Рускія - гэта варвары, якім мы прынеслі цывілізацыю", - гэта далёка не поўны набор клішэ, распаўсюджаных сёння сярод маіх суайчыннікаў. Ах, ну як жа я забыў і пра іншы полюс: "Браты-славяне", "Кіеў - калыска трох братніх народаў", "Праваслаўная цывілізацыя" і г.д., і г.д. Мяне ўжо даўно цікавіў феномен рускіх, а асабліва - якое дачыненне маем мы, жыхары "сінявокай", да гэтага феномену. Але на развагі на гэтую тэму мяне натхніў апошні калядны турыстычны сезон, падчас якога нашая беларуская зямелька аказалася літаральна "пад акупацыяй" гэтай слаўнай нацыі (няхай толькі чытач не будзе адразу шукаць чагось кепскага ў гэтым слове!). І я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра свае асабістыя адносіны з нашымі ўсходнімі суседзямі.

Чытач ужо зразумеў, што аўтар гэтага артыкула адчувае нейкую дыстанцыю паміж сабой і названым народам. Адкуль адчуванне гэтай дыстанцыі? Бо, як вядома, значная частка маіх суайчыннікаў у прынцыпе не адрознівае белых, малых, вялікіх... Ну, прызнаюся шчыра, пачалося ўсё на тэарэтычным узроўні: кнігі пра "войны з Масковіяй", экскурсіі па Беларусі, дзе ледзь не кожны помнік пацярпеў ад "маскоўскага войска" ў XV-XVII ст., захапленне сучаснымі кнігамі па гісторыі Беларусі, дзе пастаянна падкрэслівалася, што спакою нам ад Усходу ніколі не было, ні ў 1650-х, ані ў 1930-х... Усе гэтыя пасажы былі ўсмактаны ў студэнцкія гады, разам з песнямі Н.Р.М., "Крамы" і "Народнага альбома". Але затым настаў час і практыкі па прадмеце "антырасейшчына". Некалькі вандровак па Расіі, новыя прыяцелі-рускія, руская музыка, кіно, кнігі... Усё гэта пачало паціху ўступаць у канфлікт з многім з таго, што было так даверліва прынята ў залаты студэнцкі час. У нейкі час хацелася нават разам з Дастаеўскім крыкнуць: "Эй вы! зламыснікі Расіі! Славянскія плямёны, якія толькі і ўмеюць, што фанабэрыцца сваёй еўрапейшчынай! Не будзе вам шчасця, пакуль не вернецеся пад крыло Расіі-матухны!" (прыкладана так ускрыкваў Фёдар Міхайлавіч у адным са сваіх артыкулаў, прысвечаных "польскаму пытанню"). Але, нягледзячы на сваё захапленне "загадкавай рускай душой", "рускай ідэяй" і ўсім лепшым, што магло патрапіць у мае рукі з Усходу (ад касет "ДДТ" да шакалада "Бабаеўскі"), я так і застаўся з адчуваннем вялікай адлегласці, што пралегла паміж мной і гэтым слаўным народам. Адпраўны пункт маіх развагаў па гэтай тэме быў і застаўся такім жа: ёсць мы, а ёсць яны, іншыя, якіх яшчэ мая бабуля з Палесся называла каларытным словам "васточныя". Для мяне гэта было ўжо не вельмі важным і вызначальным, - але таксама многія мае сябры з заходне-еўрапейскіх краінаў потым мне не аднаразова казалі: "усё-такі вы іншыя, і звычкі, і паводзіны... не падобныя да рускіх..."

Акрамя таго, маё гісторыка-інтэлектуальнае любазнаўства таксама дала свае вынікі: аказалася, што гэта нават не мы самі аддзяліліся ад "рускага народа". Самі рускія, жыхары Маскоўскага царства, ужо ў XVI ст. называлі нас беларусцамі, каб адрозніць ад  сябе.

Мае сумненні адносна таго, што доктар Скарына друкаваў сваю Біблію "рускай" мовай рассейваліся звесткамі аб існаванні ўжо ў той час перакладных слоўнікаў з "рускай" на "маскоўскую" мову. Але як і калі сталася, што плямёны адной, непадзельнай Русі - раптам сталі не проста народнасцямі, а асобнымі нацыямі?

Прыйшлося праштудзіраваць не адну кніжачку. Урэшце рэшт мне стала ясна: можа, гаварыць пра "беларускі народ" у часы Полацкага княства, пра "беларускага князя Рагвалода" - гэта ўжо занадта, непраўдзіва. Але і Русь - як аказалася - ужо ў тыя старажытныя часы была населена рознымі народнасцямі, з адрознымі звычаямі, гаворкамі, традыцыямі. Тыя, што пазаходней - у Сярэднія вякі збудавалі разам з літоўцамі Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае (зразумела, што Рускае - гэта найперш і тычыцца нашых далёкіх продкаў). Тыя, што паўсходней - былі аб'яднаны маскоўскімі правадырамі, ад чаго і пайшла назва новаспечанага царства - Масковія.

Ну, ясная справа, ваявалі. За землі, за ўплыў. І "літоўскія феадалы", якія "парабацілі" бедных сялян-беларусаў, як аказалася, былі не пры чым, аказаліся фантомам савецкіх гісторыкаў-міфатворцаў. Вось у гэтых новых умовах, у ВКЛ і Масковіі, і ўтварылася з мясцовых дыялектаў старабеларуская мова (якую, вядома ж, тады называлі рускай), а народнасць заходняй часткі Русі, якую ўсё часцей сталі называць "Белай", ўсё болей і болей ператварался ў асобны самабытны народ па ўсіх прыкметах і параметрах: свая мова, свае традыцыі і звычаі, свая дзяржава (а значыць, магчымасць прымаць самастойныя рашэнні). Адзінае, што яшчэ яднала гэтых два розных космаса - русінаў з ВКЛ і маскоўцаў - гэта праваслаўная вера. Ды і тая (о, людзішкі грэшныя!) - была скарыстана для палітычных амбіцый: маскоўскія ваенныя паходы на ВКЛ здзяйсняліся пад прыкрыццем "святой місіі" аб'яднання праваслаўных зямель (першым актыўнічаць у гэтым пачаў цар Іван IV Жахлівы). Толькі вось саміх гэтых праваслаўных русінаў з Вялікіага княства "дабрадзеі" з Масквы чамусьці не запыталі - ці хочуць яны таго аб'яднання?

"Упаси, Господи, от такой любви!": маскоўскае войска выпальвала вёскі і гарады, уводзячы мясцовае насельніцтва ў палон. Праўда, некаторыя ўсходнія гарады Беларусі напачатку нават падтрымлівалі маскоўскую ініцыятыву: так, напрыклад, жыхары Магілёва самі адчынілі гарадскую браму ў 1654 г. і сустрэлі "вызваліцеляў" з Усходу хлебам-соллю (гэта была рэакцыя праваслаўных магілеўчан на дзяржаўную пра-каталіцкую палітыку). Але хапіла шасці гадоў, каб зразумець памылку. Магілеўчане, пабачыўшы, чым абярнулася "вызваленне Белай Русі", 9 лютага 1661 г. уласнаручна, па умоўнаму сігналу бурмістра, выразалі шматтысячны гарнізон рускіх салдат (выжылі адзінкі). Пасля гэтага гараджане былі апраўданы дзяржаўнай уладай ВКЛ за здраду шасцігадовай даўнасці, атрымалі назад магдэбургскае права і новы герб (гэты ж герб мае сучасны Магілёў). Але ў тыя гады рускіх "братоў" прыйшлося выганяць ужо з-пад самай Вільні-Гародні. Зрэшты, ужо тады на Беларусі ўзнік партызанскі рух - самаарганізаваныя атрады абароны, якія ачышчалі родныя вёскі і лясы ад прыхадняў...

Ды ладна з ёй, з гісторыяй. Кніжак да канца жыцця не перачытаеш. І ці ёсць сэнс у тым, каб выхаваць у сабе непрыязнь да нашых усходніх суседзяў сёння? Каму ад гэтага будзе лепш? Усе гэтыя гістарычныя знаходкі служылі мне не болей чым толькі доказам, што ніякага "адзінага праваслаўнага народа" (у сэнсе рускага) - не існавала. Ды зрэшты, калі Гасподзь ствараў зямлю, - Ён адразу падумаў пра разнастайнасць, унікальнасць ледзь не кожнай травінкі. Дык што ўжо казаць пра народы і культуры? І таму для мяне ідэя нацыянальных дзяржаў, багацце разнастайных культур - не менш "сакральная", чым для кагосьці ідэя аб'яднання "святой Русі".

Што ж, сам для сябе я ўсвядоміў: хто мы і адкуль. Але як мне было патлумачыць чым адрозніваецца Беларусь ад Расіі сваім замежным сябрам, знаёмым, ды й проста турыстам з далёкага замежжа, якім мне даводзілася праводзіць экскурсіі? Бо напачатку мяне дужа закраналі розныя іх "Вайс-рюсланд", "Лефко-росія", "Уайт-раша" (так нашую краіну часцяком неафіцыйна называць немцы, грэкі, англамоўныя народы). І раней я, практыкуючыся ў "антырасейшчыне", зацята даказваў, што мы, маўляў, не маем ніякага дачынення да рускіх, што мы - Літва, а літоўцы ў нас скралі нашую назву, а заадно і Вільню з  гісторыяй... Але такі аповед заканамерна прыводзіць да сумневу: а можа гэтыя беларусы - увогуле марсіяне, якіх Пан Бог спусціў з неба, насадзіўшы паміж літоўцамі, украінцамі, рускімі, палякамі, - і ад таго яны такія унікальныя? Урэшце рэшт, жарсці ўва мне пасціхалі, я стаў болей спакойна ставіцца да таго, што калісьці і мы называліся рускімі, і што мы маем шмат агульнага (ад паходжання - да сучасных праблем) з нашымі ўсходнімі суседзямі. І тады я стаў тлумачыць адрозненне рускіх, беларусаў і украінцаў на прыкладзе Скандынавіі. Як вядома, у старажытнасці ў гэтым рэгіёне таксама існавалі розныя плямёны з падобнай культурай, мовай, міфалогіяй. Але з цягам часу вылучылася шведская, датская, нарвежская культура і мова. Цікава, што і там некалькі разоў узнікалі палітычныя праекты "саюзаў" гэтых народаў, звычайна пад уладай найбольш агрэсіўнага і моцнага (датчанаў). Але кожны раз падобныя захады натыкаліся на крывавыя вызваленчыя паўстанні іншых народаў. Блізка нам і тое, што ў Скандынавіі таксама да нашых дзён засталіся нявырашаныя моўныя праблемы: напрыклад, нарвежцы сёння размаўляюць на дацка-нарвежскай мяшанцы, а неабыякавая моладзь змагаецца за вяртанне "праўдзівай", старажытнай нарвежскай мовы.

Але апошнім часам, па шчырасці, мяне ўжо не раздражняе нават тое, што нас так хочуць назваць "Белай Расіяй" нашыя заходне-еўрапейскія і іншыя далёкія сябры. Называй як хош - толькі ў гаршчок не саджай! Мне важней, што госць у рэшце рэшт з'едзе з Беларусі з прыемнымі ўражаннямі ад людзей, ад самой краіны, будзе прыемна здзіўлены якасцю і коштамі тавараў, і такім чынам, палюбіць гэты край, захоча вярнуцца, распавядзе іншым пра Беларусь. А назвы... ну так, і мы рускія ў нейкім сэнсе, ды не тыя, што ў Маскве, такі вось парадокс гісторыі. Ды зрэшты, як я ўжо казаў, адрозненне замежныя госці заўважаюць і без маіх "ідэалагічных падгрузак", на інтуітыўным узроўні: "не падобныя да рускіх..."

Калі распавядаеш пра Беларусь гасцям з Расіі, рускім (у сучасным сэнсе гэтай шматпакутнай назвы), то тут варта таксама правільна расставіць акцэнты, каб адстаяць сваё і адначасова не прыніжаць чужога.

... Выпадкова "падсеў" у турыстычны аўтобус з маскоўскай групай, дзе беларускі экскурсавод распавядае пра Сярэднявечную Беларусь, нашыя Статуты ВКЛ, шляхту-магнатэрыю, палацы і замкі... "Ну, канешне, у Расіі дваранства было ўсяго 2 %, у параўнанні з нашымі 15%!.. Ну, зразумела, што ўся культура ў Маскву шла з нашых зямель" і г.д. Я спаўзаю пад крэсла, мне сорамна перад гасцямі з Масквы. Я бачу сябе. Я разумею, што так нельга. Я чую незадаволеныя перашэптванні ў аўтобусе. Прыніжэнне можа выклікаць у адказ толькі пратэст і прыніжэнне. І гэтая куралесіца, пачаўшыся з войнаў XVI стагоддзя так і не спынінцца ні ў XXI, ані ў XXII-м.

Цяпер я вельмі акуратна падбіраю выразы, каб распавесці рускім пра, напрыклад, разбураны іх продкамі Нясвіжскі замак. Але ўсё роўна кажу дзеля гістарычнай праўды. "All we need is love" (Усё, што нам трэба - гэта любоў), - сказаў Джон Ленан, і навошта мне з ім спрачацца? Лепш я пастараюся гэтых рускіх турыстаў зачараваць у прамым сэнсе Беларуссю, яе атмасферай, культурай, людзьмі, каб, калі не дай Бог, у Маскве зноў пачнецца падрыхтоўка кампанні па "вызваленню" Беларусі ад якой-небудзь там экспансіі, - самі ж рускія, пабываўшы на такой экскурсіі, не падтрымалі гэтай кампаніі.

Але нажаль, далёка не ўсе турысты з Масквы, і ўвогуле - жыхары гэтай сусветнай сталіцы, - гатовы пранікнуцца прыгажосцю мясцовага быцця, нашым своеасаблівым ладам жыцця, "дзіўнаватай" мовай. Некаторыя госці гатовыя ўсур'ёз папраўляць памылкі ў надпісах "Вакзал", "Выхад у горад", "Дзверы на сябе" і г.д. А словы "часопіс", "крама" і "кавярня" - дык гэта, на іх думку, увогуле недарэчнасць нейкая (хтосьці з такіх турыстаў увогуле "звярнуў": "Ну и язык идиотский! Это кто его, Лукашенко чё ли придумал?"). Зразумела, што ў такія моманты ўсе гэтыя ліберальныя "кліент заўжды правы" хочацца выгравіраваць на арматуры і засунуць турысту ў адно месца. Але ў такіх выпадках (праўда, даволі рэдкіх) дастаткова бывае проста паставіць чалавека на сваё месца, стрымана і нешматслоўна.

Дарэчы, у тым канкрэтным выпадку мяне здзівіла, што вадзіцель нашага аўтобуса, звычайны мужычок-беларус, абразіўся за мову і пачаў яе абараняць, калі я яшчэ толькі адыходзіў ад шоку. І пакуль такой гатоўнасці пастаяць за сваё ў нас не з'явіцца, - прадчувае мая душа - будзе, будзе яшчэ не адзін паход на Беларусь, каб павыпраўляць нашыя "каракулі", а за адно і языкі - якія так і не навучыліся за 300 гадоў правільна вымаўляць "ч" і "г". Дазволім вось так беспакарана гадзіць турыстам, - яны пойдуць і далей, і не толькі турысты.

Ёсць і такія рускія, што па-інтэлігенцку спрачаюцца з маімі "беларуса-цэнтрычнымі" экскурсіямі, ставяць пад пытанне ледзь не кожнае маё слова аб незалежнасці Беларусі, аб самабытнасці тутэйшай культуры. Але калі мне ўдаецца "захаваць пазіцыі", - яны пачынаюць яшчэ з большай павагай ставіцца да мяне напрыканцы экскурсіі, як да роўнага. І мне гэта больш прыемна, чым калі б багатыя дзядзі-турысты абдымалі мяне як "малодшанькага", "беларусіка", трапалі па валасах, як малпачку, якая з усім згаджаецца, ківае галавой, смяецца з усіх жартаў, а потым атрымлівае заслужаную стотысячную паперку "чаевых" у зубы. Але, насамрэч, не раз было і так, што дадатковыя грошы я атрымліваў менавіта пасля "канфліктных" экскурсій. Можа быць не столькі з-за гэтага, а таму што мая галава здагадалася паставіць групу ў цень - у час санцапёку, або завесці ў цяпло - падчас марозу, - незалежна ад таго, хто там каго выразаў у XVI ст.?

Але ёсць у мяне і іншыя выпадкі. Праўда, зусім рэдкія. Гэта калі для рускага ўжо вырашана, што беларуская культура, якой бы блізкай яна яму не падавалася - іншая, самабытная, і ад гэтага каштоўная сама па сабе... Адна турыстка (у Дудутках я распавядаў групе пра беларускія народныя рамёствы) пачынае жаліцца: чаму ж гэта я не распавёў пра беларускую выцінанку, такую унікальную беларускую тэхніку, якая ў Расіі не была так развіта?

Такія людзі звычайна самі просяць распавесці ім штосьці пра нашыя лясы ды балоты, партызанскі менталітэт і нацыянальную карціну свету. І тады, пранікаючыся такім даверам, расплываюся я культуралагічным словам пра адрозненні нашага светаўспрымання, якое вынікае з геаграфічных адрозненняў і выражаецца ў гутарковай мове: пра бяскрайнія рускія прасторы і беларускі краявід, заўжды абмежаваны хоць нейкай хаткай на даляглядзе; пра іхнія казачныя багацці (прыродныя рэсурсы) і нашую неўрадлівую глебу, адсутнасць нафты і золата; пра заканамерную іх велікадушнасць і нашую прагматычную скупасць, пра іхняе глытанне галосных ("глава") і нашыя распеўныя "га-а-ла-а-ва", а ад гэтага пераходжу да іхняй рашучасці і нашай цягучай разважлівасці, памяркоўнасці, а потым яшчэ - пра іхняе жаданне асвойваць новыя і новыя землі і пра нашае жаданне апрацоўваць да пасінення малы кавалачак зямлі, пра іхнія "авось" і "разгуляй" і нашую працавітасць, якая часам ператвараецца ў працагалізм і няўменне адпачываць...

І калі мой рускі суразмоўца вытрымлівае да канца, то тады і я ўжо супакойваюся і перастаю нерваваца ад словаў пра "братнія народы", пра "адзін корань усходне-славянскіх культур". Але гэта ўжо ніяк не тычыцца розных там Саюзных дзяржаваў і геапалітычных пражэктаў. Над намі лунае цень іншай краіны, якой на зямлі ўсё адно не знойдзецца месца. Краіны, дзе людзі не разглядаюць адзін аднога як сродак для сваёй спажывы або як пагрозу для свайго камфорту. І тады мяне захоплівае жаданне ўтварыць на Беларусі "рускі клуб", удзельнікі якога б спазнавалі культуру суседняга народа без жадання вызначыць, хто ж там усё-такі "круцей" і "цывілізаваней". Бо на такім падмурку, як мне падаецца, толькі й можна збудаваць здаровыя, плённыя зносіны з іншым, з не такім як ты.