https://www.traditionrolex.com/8
<p>Цікавасць да нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў свеце ўсё больш узрастае. А калі пачынаеш гаварыць аб традыцыйнай беларускай культуры, то здаецца, што ўсё даўно вывучана і нічога новага ды цікавага не засталося.</p>

Але на самой справе ўсё не так. Засталіся яшчэ куточкі ў нашай краіне, дзе людзі маюць свае цікавыя традыцыі і абрады. Так, у вёсцы Папшычы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці абраду «Насіць намётку» надалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Штогод жыхары вёскі нясуць на могілкі адрэз палатна, які загадзя набывае ўся вёска. Павінны несці яго дзеткі, каб яны былі моцнымі і здаровымі. Палатно, якое ўсе вяскоўцы называюць «намётка», асвячае ксёндз, і пасля яно ахвяруецца на патрэбы парафіяльнага касцёла. На намётку кладуць яшчэ і грашовыя ахвяраванні. Пасля гэтага працэсія са спевам накіроўваецца на могілкі, дзе адбываецца Святая імша. Усе вяскоўцы вераць у моц намёткі, у тое, што яна засцерагае ад хваробаў і рознай бяды іх родную вёску. Гэта не толькі цікавая традыцыя ці прыгожы звычай, гісторыя «намёткі» сваімі каранямі сягае глыбока ў мінулае. На працягу ХІХ і ў першай палове ХХ ст., асабліва падчас Другой сусветнай вайны, гэты абрад быў даволі распаўсюджаны. Але паступова ён адыходзіць у нябыт і застаецца толькі ў памяці людзей. У Папшычах абыдзённы абрад захаваўся да цяперашняга часу і ператварыўся ў штогадовую практыку.

Сталыя жыхары вёскі сцвярджаюць, што яны яшчэ маленькія з бацькамі насілі намётку. Лічыцца, што абрад з’явіўся ў Папшычах пасля эпідэміі халеры. Калі хвароба падыходзіла да іх вёскі – за ноч выткалі жыхары палатно і панеслі па дарогах з малітвамі да Бога, каб ён абараніў ад халеры. У суседняй вёсцы людзі паміралі, а у Папшычах ніхто больш не памёр. З таго часу пачалі жыхары ткаць гэту намётку кожны год, каб сцярог Бог вёску і яе людзей ад усялякага ліха. Абрад, які здзяйсняюць жыхары вёскі, у навуковай літаратуры называецца абыдзённым, а палатно – абыдзённікам. Назва абрада паходзіць ад словазлучэння «аб адзін дзень». Сама гэта назва і падказвае, што нешта павінна было адбыцца за адзін дзень. Менавіта за адзін дзень ці за адну ноч вяскоўцам неабходна было выткаць адрэз палатна. Здзяйснялася гэта, каб абараніць вёску ад небяспекі: хваробы, пажару, засухі ці нават вайны. У адрозненне ад месца пачатку абрада, якое захавалася нязменным, месца прызначэння і маршрут працэсіі з цягам часу змяняліся. Спачатку палатно абносілі вакол вёскі, а пасля пачалі насіць на могілкі і ў парафіяльны касцёл.

Беларускія святы, звычаі, абрады, песні, фальклор з’яўляюцца невычэрпнай крыніцай нацыянальнай культуры, якая вылучае нас сярод іншых народаў і робіць нас адметнымі. Таму трэба любіць і шанаваць нашы традыцыі, а таксама ганарыцца людзьмі, якія захоўваюць нашу нематэрыяльную спадчыну!

https://www.traditionrolex.com/8