https://www.traditionrolex.com/8

Краязнаўцы набылі на нямецкім сеціўным аўкцыёне ebay.de чатыры фотаздымкі, зробленыя ў Глыбокім у перыяд Другой сусветнай вайны. Гэта стала магчымым дзякуючы ахвяраванням людзей з розных гарадоў Беларусі.

Пра гэта паведамляюць 7 верасня «Весткі».

На першым здымку, які зроблены ў ліпені 1941 года, бачым царкву Раства Багародзіцы. Фота зроблена з Копцеўскай вуліцы (Горкага). Царква мае купал пасярэдзіне, які быў збудаваны ў 1908 годзе, а згарэў пры невядомых абставінах летам 1944 года, калі Глыбокае ўжо было занята савецкімі войскамі. Перад царквой – драўляны будынак школы, дзе ў канцы ХІХ стагоддзя настаўнічаў Восіп Сухі, бацька слыннага канструктара самалётаў Паўла Сухога. Верагодна, будынак школы быў знішчаны ў канцы Другой сусветнай вайны.

Другі здымак, зроблены ў снежні 1941 года, – касцёл Святой Тройцы з боку Беразвецкай вуліцы (Савецкай). Бачым на ім драўляную забудову цэнтральнай часткі Глыбокага. У 1920-я і 1930-я гады на ўскраінах горада будаваліся кварталы новых дыхтоўных дамоў, аднак цэнтральныя вуліцы, з нізкімі, падкошанымі хатамі, якія туліліся адна каля адной, выглядалі вельмі бедна. Усю гэтую забудову знішчылі летам 1944 года пажары, якія пачаліся ад падпалаў нямецкімі войскамі, якія адступалі, а таксама бамбардзіровак і абстрэлу савецкімі войскамі.

Будынкі на Беразвецкай вуліцы, паводле ўспамінаў краязнаўцы Антона Сабалеўскага, падпальвала каманда нямецкіх вайскоўцаў пры дапамозе адмысловай машыны. З 1124 жылых дамоў, што былі перад вайной у Глыбокім, засталося 357. Калі мураваныя будынкі маглі быць адбудаваныя пасля пажару, то драўляныя не аднаўляліся.

Трэці і чацвёрты здымкі прадстаўляюць царкву Раства Багародзіцы. На царкоўным дзядзінцы шэрагам стаяць вайсковыя грузавікі. Салдаты вермахта пачуваюць сябе гаспадарамі ў святым для глыбачан месцы. Калі прыгледзецца да царкоўнай брамы, то видаць, што яе сярэдняя частка, якая з XVIII стагоддзя мела прыгожы барокавы дэкор, адбіта. Гэта маглі зрабіць немцы, каб забяспечыць праезд для буйнагабарытных машын. Ранейшы выгляд брамы так і не быў адноўлены.

Будынак на плошчы перад царквой, крыты дахоўкай, – гэта пабудаваны пры Польшчы гарадскі пастарунак паліцыі. Цяпер у ім месціцца раённы аддзел міліцыі.

«Фотаздымкі даюць нам уяўленне пра невядомыя раней дэталі выгляду даўнейшага Глыбокага. Напрыклад, мы не ведалі пра пашкоджанне брамы кляштара кармелітаў, верагодна, нямецкімі вайскоўцамі. Не мелі і выяў забудовы Беразвецкай вуліцы перад яе пажарам у ліпені 1944 года. Здымкі, зробленыя ў Глыбокім у розныя гістарычныя эпохі, – гэта частка нашай спадчыны. Важна, каб яны паволі вярталіся ў наш горад», – кажа адзін з ініцыятараў набыцця фотаздымкаў, краязнаўца Кастусь Шыталь.

Здымкі знайшоў і арганізаваў іх набыццё Давід Алег Лісоўскі, калекцыянер і перакладчык родам з Магілёва, які жыве ў Германіі. Грошы на набыццё фотаздымкаў – агулам яны каштавалі 55 еўра – ахвяравалі Яўген Бабіч (Глыбокае), Андрэй Вашкевіч (Гродна), Алесь Гелагаеў (Мінск), Юры Калбасіч (Глыбокае), Наста Малатоўнік (Глыбокае), Таццяна Міхайлоўская (Мінск), Андрусь і Надзея Храпавіцкія (Вільня), Генадзь Шарыпкін (Мінск).

Фотаздымкі перададуць у фонды Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Якасныя лічбавыя копіі змогуць атрымаць усе асобы, зацікаўленыя ў вывучэнні гісторыі Глыбокага.

Паводле «Вестак»

kraj.by

https://www.traditionrolex.com/8