https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Нацыянальная кухня Беларусі развівалася стагоддзямі. Многія старадаўнія рэцэпты беларускай кухні захаваліся да нашых дзён, і інтарэс да іх у наш час расце. Маштабны  праект па адраджэнні  нацыянальных кулінарных традыцый рэалізуе эксперт беларускай кухні, член «Суполкі кухараў», аўтар цэлага шэрагу кулінарных кніг  Алена Мікульчык.</strong></p>

Для рэалізацыі праекта даследчыца ўжо на працягу амаль чатырох гадоў праводзіць кулінарныя экспедыцыі па самых разнастайных рэгіёнах Беларусі. Зусім нядаўна Алена Мікульчык пабывала на Піншчыне, дзе пазнаёмілася з кулінарнымі адметнасцямі мясцовасці.

Крышаны, таўканіца, дранікі з кабачкоў, бабка, бульбяныя галушкі, пызы, квас з грыбамі, каўбаса «пальцам пханая» – вось такімі разнастайнымі і смачнымі стравамі сустракалі даследчыцу на Піншчыне. Кулінарны майстар-клас для госці з Мінска правялі ў вёсках Крыўчыцы, Лемяшэвічы, Церабень пры дапамозе арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама.

У Крыўчыцах даследчыцу сутракалі ўдзельнікі фальклорнага калектыва «Крынічанька» з мясцовага сельскага клуба. Руплівыя жанчыны прыгатавалі тое, што здаўна вядома на іх малой радзіме, з сакрэтамі і адметнасцямі прыгатавання сваіх страў дзяліліся ахвотна. На стале былі пызы, таўканіца з салам, каша з ячневай крупы з фасоляю, кіслая капуста з грыбамі. Частавалі таксама бярозавым квасам з бочкі, які гатуецца з ячменем.

Гаспадары з Крыўчыц сустракаюць гасцей

– Гэтыя рэцэпты даўнішнія, перайшлі ад старэйшага пакалення, а цяпер мы перадаём іх сваім дзецям. Адна з самых незвычайных нашых мясцовых страў, якая падаецца ў выглядзе супу,  – квас з бярозавага соку, звараны з грыбамі, бульбай і ячневай крупой. Гэта вельмі смачна, –  расказала гаспадыня Соф’я Пятроўна Шкутовіч.

Далей Алена Мікульчык накіравалася ў Лемяшэвічы. Удзельніцы фальклорнага калектыву «Прасніца» таксама нашлі чым здзівіць – запрасілі пакаштаваць квасок (шчаўевы суп з рыбай), крышаны, бабку з печы, дранікі, рыбу, тушаную з цыбуляю, морквай і смятанай, бульбяныя галушкі з малаком, бліны з грыбамі. Па старажытным рэцэпце жанчыны спяклі ў печы хлеб.

Калектыў «Прасніца» Лемяшэвіцкага СДК

Насычанай і цікавай была і сутрэча ў вёсцы Церабень. Мясцовыя жыхаркі М.А. Саўчук, В.М. Салагуб  і К.А. Рыбчынская не толькі расказалі даследчыцы цікавыя рэцэпты, але і распавялі мясцовыя легенды і байкі, праспявалі старадаўнія песні, пазнаёмілі з народнай творчасцю.

Алена Мікульчык з жыхаркай в. Церабень М.А. Саўчук

– Калі я стала ездзіць па рэгіёнах, я зразумела, наколькі багатая і разнастайная наша кухня. А многім, на жаль, падаецца, што гэта толькі дранікі ды шкваркі. Нават немагчыма назваць пэўную колькасць беларускіх страў. Кожны раз у сваіх экспедыцыях я знаходжу нешта новае. Калі пра французскую кухню можна сказаць, што яна вытанчаная, то пра нашу – што яна вельмі разнастайная.

Дарэчы, ў адзін са сваіх апошніх візітаў у Францыю я прыняла ўдзел у высокім прыёме рэстарана «Мішлен». Для таго каб самым найлепшым чынам прэзентаваць беларускую кухню на такім аўтарытэтным мерапрыемстве, я вырашыла прыгатаваць «тукмачы» –  гэта страва з бульбы, якая гатуецца на Кобрыншчыне. У вас на Піншчыне яна называецца таўканіца – звычайная бульбяная каша, якая потым запякаецца ў печы. Мы падалі яе з салёным тварагом, грудзінкай, гуркамі, квашанай капустай і грыбочкамі. І ў выніку французы былі ў захапленні! Для іх наша ежа была незвычайнай, новай і аказалася вельмі смачнай, –  расказала Алена Мікульчык.

Даследчыца ўпэўнена: традыцыі старадаўняй беларускай кухні трэба захоўваць і развіваць. Мы разбіраемся ў італьянскай, японскай, рускай кухнях, але амаль нічога не ведаем пра сваю. Самыя цікавыя рэцэпты з кулінарных экспедыцый Алены Мікульчык, у тым ліку і з Пінскага  раёна, будуць сабраны ў кнізе «Рэгіянальная беларуская кухня».

Наталля МІЛЕЎСКАЯ, фота аўтара

www.pinsknews.by

https://www.traditionrolex.com/8