https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Замест экскурсійнай групы – свая каманда, замест насычаных падрабязнасцямі расказаў экскурсавода – загадкі  і таямнічыя гісторыі. У Мінску і другіх беларускіх гарадах з’явілася альтэрнатыва звычайным экскурсіям: гарадскія квэсты онлайн, згуляць у якія можна ў любы момант. Мы пагутарылі са стваральнікам праекта Shukaj.by Яраславам Ліхачэўскім, каб даведацца больш падрабязна, што сабой уяўляюць такія квэсты і чаму варта ў іх згуляць.</strong></p>

На вашым сайце прадстаўлена некалькі квэстаў на розныя тэмы. Як праходзяць такія онлайн гульні?

–  Трэба зарэгістравацца, выбраць квэст і ў любы зручны час адправіцца на месца старта, как прайсці гульню. Увогуле, што такое квэст? Гэта гульня ў рэальнай прасторы з пагружэннем у гісторыю. Гісторыі могуць быць абсалютна рознымі, іх тэму выбірае аўтар гульні. У нас ужо ёсць квэсты, прысвечаныя легендам пра каханне ў Мінску, гісторыі БНР, асноўным турыстычным месцам сталіцы і г.д.

Часцей за ўсё квэст ідзе крок за крокам. Гэта значыць, што ўдзельнікі атрымліваюць першае заданне, выконваюць яго, тады атрымліваюць наступнае, і так да фінішу.

Самы першы квэст, які мы правялі ў Мінску, адбыўся 14 лютага, у Дзень Святога Валянціна, і быў прысвечаны рамантычным легендам і паданням горада. Мы толькі пачыналі працу над праектам, было не вельмі цёпла, але згуляла каля 500 чалавек.

Як атрымалася сабраць столькі людзей ужо на першы квэст?

– Мы ўжо мелі досвед у стварэнні квэстаў, таму што доўгі час гулялі ў «Схватку». Другая справа, што мы зусім не ведалі, як рэкламаваць праект. Але калі ёсць цікавая ідэя, то людзі самі яе распаўсюджваюць. У нашым выпадку так і адбылося.

Але ў вашы квэсты можна гуляць не толькі ў канкрэтны час, калі вы збіраеце разам шмат каманд?

– Так, тое была азнаямляльная гульня. А зараз яна, як і астатнія, даступная на сайце. Наша мэта – ствараць квэсты, якія ў любы час могуць выкарыстаць турысты і жыхары горада, якія хочуць цікава правесці час.

Чым вашы квэсты адрозніваюцца ад прывычных гарадскіх гульняў, такіх як «Схватка» і  «Адрыў»?

– Па механіцы гульні насамрэч не моцна адрозніваюцца. Галоўнае іх адрозненне ў тым, што звычайныя гарадскія гульні – гэта перш за ўсё спаборніцтва паміж камандамі. Мы ж прапануем зусім іншы фармат, турыстычны квэст. Тут няма агульнага старту і агульнага фінішу. Нашы гульцы пачынаюць і заканчваюць гульню, калі ім зручна. То бок яны ў сваім рэжыме даследуюць горад, фатаграфуюцца, яны могуць дазволіць сабе пасярэдзіне квэста спыніцца і пасядзець у кавярні, потым працягнуць. Гэта актыўны адпачынак, але галоўнае, што адпачынак.

Яраслаў Ліхачэўскі, стваральнік праекта Shukaj.by

Заданні па складанасці больш арыентаваны на турыстаў або цікавыя і для тых, хто жыве ў горадзе, дзе праходзіць квэст?

– Я шмат хадзіў на экскурсіі па Мінску, і мне заўжды было вельмі цікава. Нягледзячы на тое, што я жыву тут усё жыццё, кожны раз я атрымліваў шмат новай інфармацыі. Калі нашы гульцы скончваюць квэст, яны часта дзеляцца ўражаннямі, што не ведалі нейкіх гісторый, фактаў. Таму квэсты цікавыя для ўсіх  і для жыхароў горада, і для турыстаў.

Насамрэч дастаткова складана знайсці баланс і зрабіць гульню не занадта цяжкай і не занадта простай. Але дапамагае наш вялікі досвед у стварэнні квэстаў.

Для турыстаў, якія прыехалі ў Мінск, ёсць які-небудзь базавы квэст,  для  таго каб паглядзець асноўнае ў горадзе?

– У нас ёсць квэст, які называецца «Мінск. Галоўнае». Гэта аглядальная экскурсія па Мінску. Яна пачынаецца ад вакзала, ідзе па праспекце Незалежнасці, вуліцы Леніна, плошчы Свабоды, Траецкім прадмесці. Атрымліваецца маршрут каля 4 км.

Тэатралізаваны квэст у Нясвіжы, арганізаваны камандай Shukaj.by

Вы таксама прапаноўваеце ўсім жадаючым ствараць квэсты на вашай пляцоўцы Shukaj.by?

– Якая б вялікая ў нас каманда ні была, мы самі ніколі нават Беларусь квэстамі не апішам. Акрамя таго, мы ўпэўнены, што жыхары Брэста ці Гродна пра свае месцы напішуць значна  лепш, чым тыя, хто прыязджае з Мінску. Таму наша мэта – паказаць людзям, што гульні – гэта клёвы запатрабаваны прадукт. А мы стварылі платформу, на якой можна зрабіць уласны квэст. Мы непасрэдна заціўкаўленыя ў тым, каб квэстаў станавілася больш. Урэшце мы плануем прыйсці да таго, каб людзі самі пісалі квэсты, а мы толькі дапамагалі, дзе гэта патрэбна. Зразумела, што напачатку ніхто, акрамя нас, гэтага не зробіць, таму нам трэба ісці наперадзе і рабіць добры прадукт.

Гэта значыць, што кожны можа напісаць уласны квэст і адаслаць вам? Што калі гульня будзе няякаснай?

– Напачатку мы не будзем прымаць любы квэст, таму што мусім клапаціцца пра якасць. З квэст-румамі, напрыклад, з’явілася такая праблема. Яны вельмі папулярныя зараз, іх у горадзе каля 50. І з’явілася шмат таннейшых, але няякасных квэст-румаў. Чалавек прыходзіць гуляць, а там нічога цікавага, трэба знайсці які-небудзь ключ пад батарэяй. І скардзіцца потым, што заплаціў грошы ні за што. У выніку ўся індустрыя губляе кліентаў. Таму зараз мы клапоцімся аб тым, каб квэсты былі якаснымі і цікавымі. Калі прысланы квэст не вельмі добра складзены, мы будзем спрабаваць палепшыць яго, а не адхіляць. З часам, мы спадзяемся, праектаў будзе шмат, іх усе мы не зможам рэдагаваць. Таму будзе дзейнічаць сістэма рэйтынгу, карыстальнікі самі будуць вырашаць, якія квэсты цікавыя і ў якія варта згуляць.

У вас нават была летняя школа для тых, хто хацеў навучыцца рабіць квэсты. Хто зацікавіўся навучаннем?

– На першую школу сабраліся ў асноўным выпускнікі гістфака, музейныя супрацоўнікі, студэнты БДУФК. У нас было каля 20 чалавек, усе яны працавалі над сваімі праектамі. Некаторыя з гэтых праектаў ужо зараз прадстаўлены на сайце.

Гэта была наша першая школа, зараз у нас ужо ёсць досвед у правядзенні такіх мерапрыемстваў. Наша задача – навучыць чалавека стварыць пэўны прадукт і прадаць яго.

– У такім выпадку чакаем яшчэ шмат новых гарадскіх квэстаў!

– Дзякуй!

https://www.traditionrolex.com/8