Лешак Шарэпка: Будзем уводзіць біяметрыю, што запаволіць працэс выдачы віз

03.06.2014 - Новости

Лешак Шарэпка: Будзем уводзіць біяметрыю, што запаволіць працэс выдачы віз

Ці ўбачаць беларусы 5-гадовы шэнген, як зменяцца правілы выдачы віз, хто каго хоча заваяваць, распавядае пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка.
Не думаю, што ў нейкай іншай краіне Еўропы вы знойдзеце такую колькасць прыхільнікаў ЕС.

Еўрарадыё: Польшча ўжо 10 гадоў як сябра Еўрасаюза. Што змянілася ў краіне за гэты час?

Лешак Шарэпка: Думаю, што амаль усё змянілася: узровень жыцця, менталітэт крыху змяніўся, тое, як мы глядзім на навакольны свет, на эканамічныя пытанні… Ведаеце, цяпер каля 70 % польскіх законаў – гэта законы Еўрасаюза. А законы, як вядома, рэгулююць жыццё. Так што вялізная колькасць усяго ў нас змянілася!

Еўрарадыё: Кажуць, што гісторыя не дазваляе ўмоўнасці, але якой была б Польшча, калі б не стала сябрам Еўрасаюза?

Лешак Шарэпка: Цяжка параўнаць… Для гэтага трэба было б параўнаць з падобнай велічыні краінай, што знаходзіцца ў падобным рэгіёне Еўропы. Мне чамусьці адразу прыгадалася Украіна. Але на фоне падзей, што там цяпер адбываюцца, я не хачу далей гэту думку развіваць.

Еўрарадыё: Апошнім часам у Еўропе з’явілася шмат еўраскептыкаў, нават у новым Еўрапарламенце яны будуць. Ці хворая на еўраскептытызм Польшча?

Лешак Шарэпка: Магчыма, мы, як новыя сябры Еўрасаюза, яшчэ не паспелі захварэць на гэту хваробу. Па афіцыйных звестках, цяпер звыш 89 % палякаў падтрымліваюць сяброўства Польшчы ў Еўрасаюзе. Не думаю, што ў нейкай іншай краіне Еўропы вы знойдзеце такую колькасць прыхільнікаў ЕС. Сапраўды, падчас сёлетніх выбараў у Еўрапарламент адзін з польскіх палітыкаў, які атрымаў 70 % галасоў у сваю падтрымку, шчыра сказаў: «Мы ідзем у Еўрапарламент, у Еўропу для таго, каб разбурыць гэту інстытуцыю». Ёсць такія, але гэта значная меншасць.

Еўрарадыё: Днямі стала вядома, што польскі прэм’ер Дональд Туск прапаноўвае на пасаду Вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі цяперашняга міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага. Якое месца займае Польшча сярод 28 краін Еўрасаюза, якую ролю адыгрывае?

Лешак Шарэпка: Нельга сказаць, што Туск зрабіў такую прапанову. Як вы ведаеце, цяпер у Еўрасаюзе ідзе «гандаль» – хто якія пасады будзе займаць. Было там і пытанне, звязанае з Сікорскім. Вось Туск і сказаў, што гэта натуральны кандыдат на такую пасаду. Але гэта не было прапановай. Проста было сказана, што калі будзе «гандаль», то трэба мець на ўвазе, што ёсць такі чалавек, які можа заняць гэтую пасаду, бо ён падрыхтаваны, ведае пытанне і ў яго ёсць аўтарытэт у Еўропе. Што ж тычыцца месца і ролі Польшчы ў Еўрасаюзе, то, ведаеце, я заўсёды параўноўваю з тым, што было раней. Я думаю, што Польшча павінна заняць вартае яе месца. Месца, якое адпавядае і патэнцыялу, колькасці людзей і гэтак далей. Мы павінны дзесьці 7 месца заняць сярод краін ЕС. Калі мы ўваходзілі ў ЕС, у нас ВУП (валавы ўнутраны прадукт – Еўрарадыё) быў дзесьці на 15–16 месцы ў Еўропе. І цяпер мы паступова займаем тое месца, якое належыць нам па праву: па велічыні, па колькасці людзей, па патэнцыяле эканомікі. Відаць, што голас Польшчы ўсё лепш чуваць у Еўропе.

Тое, што творыцца ва Украіне, крыху адцягнула ўвагу ад Беларусі, але мы не забыліся пра Беларусь

Еўрарадыё: Як за гэтыя 10 гадоў змяніліся адносіны паміж Польшчай і Беларуссю?

Лешак Шарэпка: Я б не казаў у такім кантэксце: «Як сяброўства ў ЕС Польшчы паўплывала на яе ўзаемаадносіны з Беларуссю». Мы пачалі гаварыць з Беларуссю як частка еўрапейскага грамадства. У нас большы націск, больш падкрэсліваем пытанні, звязаныя з фундаментальнымі законамі і правамі, якія ў нас у ЕС агульныя. Але шмат што засталося нязменным: мы як былі суседзямі, так імі і засталіся, у вас як быў, так і застаўся той жа кіраўнік краіны, які не змяняе палітыку. Так што тут не грунтоўна паўплывала наша сяброўства. Нашы магчымасці як сябра Еўрасаюза выраслі, патэнцыял расце пастаянна – гэта ўплывае і будзе ўплываць. Але гэта павольны працэс.

Еўрарадыё: Ці можа Польшча, няхай і ў межах еўрапейскай палітыкі, але усё ж праводзіць сваю, нацыянальную палітыку адносна Беларусі?

Лешак Шарэпка: Разумееце, у Еўрасаюзе ніхто, апроч Германіі, не здольны весці маштабную, глабальную палітыку. Усе астатнія больш зацікаўленыя сваім блізкім суседствам, Еўропай. Калі мы, да прыкладу, кажам пра Марока, то мы ўлічваем найперш пункт гледжання Паўднёвай Еўропы – Іспаніі, Партугаліі, Францыі. Калі мы гаворым пра Усход – Беларусь, Украіну, то мы ўлічваем пазіцыю іншых суседзяў. Увогуле, мы з’яўляемся сапраўдным экспертам па пытаннях, звязаных з усходняй палітыкай. Мы гэта пастаянна падкрэсліваем і стараемся гэта выкарыстоўваць.

Еўрарадыё: Прайшлі выбары ў Еўрапарламент. Там больш не будзе добрага сябра Беларусі, прадстаўніка Польшчы Марэка Мігальскага. Як, на ваш погляд, зменіцца палітыка і пазіцыя Еўрапарламента ў адносінах да Беларусі?

Лешак Шарэпка: Я б не звязваў усю палітыку з асобнымі палітыкамі. Магчыма, зменіцца спосаб рэалізацыі палітыкі ЕС, але агульная палітыка абапіраецца на каштоўнасці, а яны засталіся нязменнымі. Мы павінны ўлічваць знешнія ўмовы, якія змяняюцца, але я не думаю, што зменіцца генеральная палітыка.

Еўрарадыё: Але ж у тым жа Еўрапарламенце, да прыкладу, даволі шмат правых, а яны, як вядома, падтрымліваюць Пуціна…

Лешак Шарэпка: Не абавязкова правыя падтрымліваюць Расію. Цяпер вы кажаце пра своеасаблівых правых: Нацыянальны фронт Францыі, які сапраўды атрымаў вялізную падтрымку. Але ж ёсць і іншыя правыя: нашы дзве галоўныя партыі таксама можна лічыць правымі, правацэнтрысцкімі, але яны Пуціна не падтрымліваюць. І я не думаю, што падтрымка нацыяналістычных партый такая вялікая, што яны здольныя паўплываць на агульную еўрапейскую палітыку. Усё ж вядучымі партыямі ў Еўрасаюзе засталіся тыя ж самыя – Еўрапейская народная партыя і Сацыялістычная партыя.

Еўрарадыё: Ці паўплывалі апошнія падзеі ва Украіне на ўзаемаадносіны паміж Польшчай і Беларуссю?

Лешак Шарэпка: Натуральна. Рэч у тым, што, калі мы глядзім на падзеі ва Украіне, мы можам па іншаму глядзець на свае прыярытэты. У гэтым ключы трэба глядзець, да прыкладу, на тое, што адбылася тэлефонная размова прэм’ера Польшчы і прэзідэнта Лукашэнкі. Зразумела, сёння на першы план у гэтай частцы Еўропы выходзяць праблемы, звязаныя з бяспекай.

Еўрарадыё: Украінскія падзеі адцягнулі ўвагу польскіх палітыкаў ад беларускіх падзей?

Лешак Шарэпка: Не мне вам расказваць, як працуюць СМІ. СМІ ідуць туды, дзе ёсць нешта новае, а палітыкі ідуць за СМІ. Бо такія правілы гульні: каб быць у СМІ, вы мусіце быць у трэндзе актуальных падзей, каб дабрацца да патэнцыйных выбаршчыкаў. Напэўна, тое, што творыцца ва Украіне, крыху адцягнула ўвагу ад Беларусі, але мы не забыліся пра Беларусь. Так не трэба ставіць пытанне.

У візавых пытаннях змяняюцца ўмовы гульні: мы будзем уводзіць біяметрыю, што запаволіць працэс выдачы віз

Еўрарадыё: Неаднаразова мы з вамі размаўлялі пра праблемы, звязаныя з электроннай чаргой па візы, пра рэгістрацыю на падачу дакументаў у консульства, пра хакераў, якія «крадуць» чаргу. Нешта змянілася ў гэтым пытанні?

Лешак Шарэпка: Крыху з’явілася пазітыву. У сакавіку былі першыя за апошнія 4 гады консульскія кансультацыі паміж Польшчай і Беларуссю. Мы перадалі нашы пажаданні, нашы чаканні, і я думаю, што беларускі бок пачуў гэтыя прапановы. І цяпер, дарэчы, крыху змяняюцца ўмовы гульні: мы будзем уводзіць біяметрыю. Гэта таксама адцягне нашы сілы і можа запаволіць працэс выдачы віз. Што да рэгістрацыі, то шчыра скажу: на дадзены момант я не бачу нейкага паляпшэння ў гэтым пытанні, нейкага пералому. Больш за тое, я хачу папярэдзіць: наперадзе нас чакае праблема з біяметрыяй.

Еўрарадыё: Так, значыцца, і не атрымалася вылавіць гэтых хакераў?

Лешак Шарэпка: Сістэма гэта склалася, і я ўжо неаднаразова казаў, што мы не ў стане паўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы можам толькі ўводзіць нейкія паляпшэнні ў працу сістэмы. Гэта ўплывае ў лепшы бок на працэс, але не ўплывае на ўмовы гульні.

Еўрарадыё: У адказ на такія вашы словы каментатары на форумах абвінавачваюць польскі бок у тым, што яны нібыта развялі карупцыю, гандлююць візамі…

Лешак Шарэпка: Я не ведаю ніводнага выпадку, звязанага з карупцыяй сярод нашых консульскіх служачых у Беларусі. І ў нас вельмі жорсткі кантроль – не толькі з майго боку, але і з боку Варшавы. Год таму ў нас была праверка з боку галоўнага кантрольнага органа Польшчы, і яны нічога не знайшлі ў нас незаконнага.

Еўрарадыё: Ідуць размовы пра тое, каб выдаваць шэнгенскія візы тэрмінам на 5 гадоў. У той жа час польскае консульства амаль не выдае нават двухгадовыя візы. У чым прычына і ці пабачаць беларусы тыя пяцігадовыя візы?

Лешак Шарэпка: Пабачаць. Усё залежыць ад таго, з кім мы маем справу. Гэта павінен быць чалавек, у якім мы ўпэўненыя, які цягам гэтых пяці гадоў  не зменіць сферу дзейнасці, працу. Я думаю, мы спакойна зможам рабіць такія візы дзецям, бо ў школьніка малодшых класаў цягам пяці гадоў наўрад ці нешта зменіцца. У кожным выпадку мы імкнёмся павялічваць тэрміны, а якія віза выдаецца – гэта можна праверыць па статыстычных звестках. І будзем працягваць гэта павелічэнне. Але не ўсё ад нас залежыць. Еўрасаюз – гэта асаблівая структура, дзе павінны быць агульныя правілы гульні. І трэба ўлічваць інтарэсы ўсіх краін. Мы за тое, каб увогуле з Беларуссю не было віз. І трэба да гэтага імкнуцца. Добрым першым крокам на гэтым шляху было б увядзенне малога памежнага руху, не патрэбныя б былі візы людзям, якія жывуць у памежнай зоне. А гэта значная колькасць людзей, у гэту зону трапляюць два такія буйныя гарады, як Брэст і Гродна. Агулам у бязвізавую зону трапляе каля 1 мільёна беларусаў.

Еўрарадыё: Наколькі я ведаю, цяпер дзецям ставяць візу такога ж тэрміна дзеяння, які ў візе яго бацькоў. Верагодна, што зараз мне будуць ставіць на год, а майму дзіцяці – на пяць?

Лешак Шарэпка: Я кажу пра крыху іншыя выпадкі паездак. Да прыкладу, у Беларусі ёсць школы, у якіх ёсць пагадненне з польскім бокам пра абмен вучнямі, і яны вандруюць арганізаванымі групамі. Гэтым дзецям мы можам даваць візы больш працяглага тэрміну дзеяння. Калі ж казаць пра ваш прыклад: які сэнс даваць візу дзецям на 5 гадоў, калі ў бацькоў віза на год – дзеці ж не могуць вандраваць самастойна! У кожным выпадку ўсё, што тычыцца візы, залежыць ад індывідуальнага рашэння консула. І менавіта ён адказвае за ўсё, што робіцца ў гэтай галіне. Каб консул пагадзіўся выдаць візу большага тэрміну дзеяння, яму неабходна прывесці аргументы.

Я не павінен у сваёй працы падыходзіць да ўсяго так, што нехта мяне пакрыўдзіў

Еўрарадыё: Ці складана быць амбасадарам у краіне, якая і вашу краіну, і вас асабіста лічыць ледзь не ворагам?

Лешак Шарэпка: Наша праца такая, што мы не павінны глядзець на ўсё, што адбываецца з асабістага пункту гледжання. Бо гэта не наша асабістая справа, а інтарэс нашых дзяржаў. І наша задача як дыпламатаў упэўніваць іншы бок, што ў яго будзе карысць ад развіцця адносін. Я не павінен падыходзіць да ўсяго так, што нехта мяне пакрыўдзіў.

Еўрарадыё: Як змянілася ваша стаўленне да беларусаў за гады працы ў нашай краіне?

Лешак Шарэпка: Мне шанцавала. Да прызначэння ў вашу краіну я шмат ведаў пра Беларусь. Як эксперт па ўсходніх пытаннях. Увогуле, мне падаецца, што ў беларусаў і палякаў вельмі шмат агульнага, у нас няма нейкай гістарычнай варожасці. Калі я думаю пра Расію, то адразу прыгадваю Першую сусветную вайну, Другую, дваццатыя гады мінулага стагоддзя, прыгадваю, што шмат маіх суайчыннікаў загінула з-за імперскіх амбіцый гэтай краіны. Калі мы кажам пра Украіну, то я прыгадваю паўстанне Хмяльніцкага, тое, што было на Валыні. Ёсць пэўныя негатыўныя адчуванні. А калі гаворым пра Беларусь, то я нічога такога негатыўнага не адчуваю. Мы працяглы час жылі ў сумеснай дзяржаве, у нас былі сумесныя інтарэсы, мы разумелі і дапамагалі адзін аднаму. Сёлета 500 гадавіна бітвы пад Оршай. Мы, і палякі, і беларусы, паклалі шмат сіл, баронячы ўсходнія межы не этнічнай Польшчы, але нашай супольнай дзяржавы Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Баронячы інтарэсы беларусаў, украінцаў, літоўцаў, мы гублялі свае сілы на ўсходзе. І вы таксама павінны пра гэта памятаць. Калі цяпер нам кажуць: «Нейкія польскія акупанты»… Мы нічога не акупавалі тут – мы прыйшлі як сябры канфедэрацыі, у нас быў шлюбны саюз з Ягайлам, сумесная дзяржава. Магчыма, казаць нешта такое можна было ў перыяд паміж Першай і Другой войнамі, але тады мы проста змагаліся за тое, каб займець межы дзяржавы, якая існавала раней. Але часам палітыкі не ўлічваюць, што змяніўся час, дэмаграфічныя ўмовы… Але атрымалася тое, што атрымалася – у нас таксама не было выбару ў той час.

Еўрарадыё: На еўрапікніку, які ваша і яшчэ 7 амбасад еўрапейскіх краін праводзілі ў Мінску, прысутнічала намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Ці можа гэта быць прыкметай хуткага пацяплення адносін паміж Беларуссю і ЕС?

Лешак Шарэпка: Я б казаў пра нармалізацыю адносін. На такіх мерапрыемствах, якія арганізоўваюць некалькі краін Еўрасаюза, павінен прысутнічаць міністр, які займаецца еўрапейскімі пытаннямі, гэта нармальная з’ява. А наша задача зрабіць усё, каб яна тут добра пабавіла час.

 

Рубрики: Визы

Страны: Польша Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах