<p><strong>Беларусы — людзі цікаўныя. Прага зведваць свет, вандраваць, глядзець, асэнсоўваць, як людзі жывуць у далёкіх «палестынах», і дзяліцца сваімі ўражаннямі з іншымі — характарыстыка ці не генэтычнага ўзроўню. Ва ўсялякім разе, ужо з XV стагоддзя беларусы пачалі падарожнічаць. Працяг размовы пра беларусаў як нацыю турыстаў з сучасным падарожнікам, гісторыкам мастацтва, выкладчыкам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Сяргеем Харэўскім.</strong></p>

Вячаслаў Ракіцкі: У 1773–1774 гадах Тэафілія Мараўская, дачка Уршулі Радзівіл і сястра Радзівіла «Рыбанькі» здзейсніла падарожжа па Еўропе і свае ўражанні апісала ў найцікавейшым дыярыюшы. Сяргей, дзе яна пабывала? Што цікавіла яе? Якой Еўропу ўбачыла Мараўская?

Сяргей Харэўскі: Яна цікавілася медыцынай. Але апрача таго, яна падрабязна апісвае свае ўражанні ад наведвання Гданьска, дзе яна захаплялася архітэктурай храмаў і слухала арганы. Апісвае яна і Бярлін, які лічыла найпрыгажэйшым горадам, дзе турыстам тады паказвалі ў медыцынскай акадэміі чалавечыя шкілеты і эмбрыёны, пра што яна піша таксама. Гэта мяне моцна здзіўляе, бо Бярлін тады яшчэ быў малым горадам, толькі пачынаўся яго росквіт. Таксама Мараўская занатавала свае ўражанні ад Патсдама, дзе яна бачыла караля Фрыдрыха ІІ Вялікага, ягоны палац Сан-Сусі, у якім агледзела карцінную галерэю, назірала за навюткімі тады фантанамі. У Страсбургу яна з братам гасцявала ў Сапегаў, была ў тэатры, зноў зацікавілася медыцынскай школай. Затым апісала ўражанні ад Швейцарыі:

«Цюрых слаўны тым, што ў ім шмат высокаадукаваных людзей. Вельмі добрая бібліятэка ў горадзе. Чытаць кнігі і выпісваць тэксты ў ёй дазволена кожнаму мясцоваму жыхару».

Тэафілія Канстанцыя Мараўская (1738–1807). Медзярыт Гірша Ляйбовіча, 1758, Нясьвіж
Тэафілія Канстанцыя Мараўская (1738–1807). Медзярыт Гірша Ляйбовіча, 1758, Нясвіж

Ну і, вядома ж, яна прыйшла ў захапленне ад Парыжа. У францзскай сталіцы Тэафілія Мараўская жыла два месяцы, пра што і напісала так:

«Назіраць з пакоя за горадам было адным з маіх улюбёных заняткаў, асабліва ўвечары. Таму што Парыж не толькі цэлую ноч напоўнены ліхтарамі, і нават у кожнай краме вялікія і празрыстыя вокны, якія павялічваюць усю прыгажосьць тавараў, якія там прадаюцца. Купцы ў крамах сядзяць за поўнач, бо ўначы яны прадаюць нават больш тавараў, чым удзень».

А пасля разам з мужам яна падарожнічала па Італіі, вельмі жыва і цікава апісаўшы ў сваім дзённіку тамтэйшыя гарады, медыцынскія школы, храмы, палацы і нават археалагічныя раскопкі.

Ракіцкі: Цэлае сузор?е падарожнікаў! Надзвычай важна тут адзначыць і тое, што яны пакінулі пасля сябе найцікавейшыя літаратурныя творы, якія ўяўляюць сабой цэлы пласт літаратуры. Сёння цяжка ўявіць сабе, як можна было тады перасякаць дзяржаўныя межы. Беларусы прызвычаіліся да візаў. Патрэбен быў дазвол на ўезд, выезд з краіны?

Харэўскі: Дазволу тады не патрабавалі. Але ў падарожнікаў павінны былі быць нейкія суправаджальныя лісты. Тыя, хто легальна перасякаў мяжу, павінны былі прайсці мінімальную памежную варту, заплаціць мыта за перасячэнне мяжы, а таксама паказаць дакумент з гербавай пячаткай, які б пацвярджаў, хто ён такі. А ўвогуле тады пераважна верылі на слова. Нікому ў галаву не магло прыйсці, што чалавек у карэце можа падрабляць дакументы. Гэты дакумент сёння мы маглі б назваць страхоўкай — з людзьмі маглі ж здарыцца і няшчасці, і хваробы. А каб узяць крэдыт на лячэнне і звярнуцца да лекара, банкір мусіў мець нейкі дакумент ад падарожніка, які б пацвярджаў ягоную асобу. То бок і тады нейкія паперы трэба было браць у дарогу.

Ракіцкі: Зноў жа пра транспарт, на якім падарожнікі выпраўляліся з беларускіх земляў у далёкі свет. Як без самалётаў, цягнікоў, аўтамабіляў можна было трапіць у Егіпет, Палестыну ці аж у Амерыку? Гадамі доўжыліся вандроўкі?

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

Харэўскі: Менавіта. І калі, напрыклад, казаць пра выправу Варсанофія, дык трэба сказаць, што не мэтафарычна, а насамрэч ён здзейсніў яе пешшу. Гэты манах падрабязна апісаў, як праз Малдову ішоў ад манастыра да манастыра, недзе пераплываў на плытах — па Дняпры, Паўднёвым Бугу, па Днястры спусціўся да Чорнага мора. Гэта насамрэч было вельмі цяжкое падарожжа. Мужчыны часцяком ездзілі конна. Па моры да месца прызначэння дабіраліся караблямі. Канечне, сёння нават страшна глядзець на макеты ці выявы гэтых суднаў XVI–XVII стагоддзяў. А па Еўропе беларуская арыстакратыя падарожнічала ў добрых, камфартабельных карэтах. Але якая б камфартабельная карэта ні была, у ёй усё ж не было звыклых для сучаснага чалавека кандыцыянераў ці падагрэваў, а гэта вымагала ад падарожнікаў жалезнага здароўя.

Лёгкі падарожны транспарт — тарадайка, 1773
Лёгкі падарожны транспарт — тарадайка, 1773

Ракіцкі: Трэба разумець так, што і мужчыны, і жанчыны, якія выпраўляліся ў падарожжы з Беларусі, трыста гадоў таму, а мо і больш, валодалі рознымі мовамі. З вашых словаў вынікае, што сама меней — лацінскаю і нямецкаю. А Русецкая-Пільштынова яшчэ і турэцкую мову ведала... Толькі з веданнем замежных моў можна было тады падарожнічаць?

Харэўскі: Канечне, толькі з мовамі. Прычым гэта было вядома беларусам цягам стагоддзяў. Калі ж мы гаворым пра XIV ці XV стагоддзе, то пілігрым, які гадамі ішоў па свеце, вучыў мовы ў дарозе. І мінімальнага ведання мовы дасягаў. Натуральна, Варсанофій ведаў грэчаскую мову як праваслаўны манах, ведаў і лацінскую, бо гэта на той час было прынята. І ўжо ў дарозе ён вучыў і арабскую, і турэцкую мовы. Для падарожнікаў, якія жылі бліжэй да ХІХ стагоддзя, для беларускіх пілігрымаў у Меку, нашы мусульмане складалі спецыяльныя слоўнікі ці размоўнікі — беларуска-турэцкія, беларуска-арабскія. То бок без мовы, «нямому» чалавеку ў такіх вандроўках не было чаго рабіць.

Ракіцкі: Вось жа цікава, што ў нашы часы за мяжой звычайна бачыш беларусаў, якія двух слоў не могуць прамовіць па-англійску ці на іншай нейкай мове, кантактуюць з мясцовымі жыхарамі, як кажуць, на мігі...

Харэўскі: Гэта праўда, і гэта вельмі часта бачыш. І я хачу параіць нашым слухачам не разлічваць толькі на рускую мову і нават на англійскую, калі на ёй некалькі фраз ведаюць, хоць гэта і нядрэнна. Калі ў якую краіну выбіраецеся, бярыце з сабою размоўнік, а яшчэ лепей — вывучыце перад дарогай сказаў дваццаць-трыццаць на мове той краіны. Мяне гэта не раз выручала, адразу выклікала прыязнае стаўленне мясцовых людзей.

Ракіцкі: Да няведання моў спрычынілася савецкая ўлада, пры якой людзі нікуды не выязджалі?

Харэўскі: Так, гэта была палітыка самаізаляцыі ад свету. Але цікава, што ў першай палове ХХ стагоддзя інтэлігенцыя ў Беларусі яшчэ валодала мовамі таксама, можа, нават аж да 1960–1970-х гадоў. Пераважна гэта былі людзі, народжаныя ў Заходняй Беларусі. Польскай мовай, бадай, валодалі ўсе адукаваныя асобы. А Якуб Колас, нагадаю, напрыклад, перакладаў з французскай. Ягоныя пераклады казак Шарля Пяро ўвогуле можна назваць класікай перакладу.

Ракіцкі: Нікуды прытым не выязджаючы?..

Харэўскі: А вось жа выязджалі часам нашы творцы. Той самы Якуб Колас браў удзел у міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры ў 1935 годзе ў Парыжы, дзе ён выступіў з дакладам. Тады малады і гарэзлівы Кандрат Крапіва нават накрапаў з гэтае нагоды эпіграму:

«Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
То ў Загібельцы, браце, лепш:
Няма грыбоў у Булонскім лесе,
А ў Сене — хоць бы адзін лешч».

А Якуб Колас тады адказаў паэту-гумарысту вершыкам «Загібелька»:

«Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжай,
Збіраючы баравікі, —
То вывад я раблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа».

Бывалі за мяжою і Максім Танк, і Пятрусь Броўка, і Максім Лужанін ды многія іншыя пісьменнікі. Бывалі шматкроць за мяжою і мастакі — скульптары Селіханаў і Анікейчык, Паплаўскі і Кашкурэвіч. У аўтабіяграфічнай аповесці «Ніжнія Байдуны» Янкі Брыля ёсць такі пасаж:

«Цераспалосіца, палосы і палоскі... Зверху бачыў я іх у Францыі, у Пакістане, у Канадзе, у іншых краінах. І ўжо не памятаю, дзе, у якім падарожжы, над чыімі палямі згадаў яшчэ аднаго вясёлага земляка...»

Якуб Колас выступае ў Парыжы, 1935 год
Якуб Колас выступае ў Парыжы, 1935 год

Ракіцкі: Але «творчыя камандзіроўкі» савецкай інтэлігенцыі ўсё ж былі вялікім выключэннем, як і паездкі нашай арыстакратыі ў Сярэднявеччы. Цяпер насамрэч можна гаварыць пра сотні тысяч беларусаў, якія часта бываюць за мяжою. Ці вылучаюцца яны сярод іншых постсавецкіх людзей? Ці пазнавалі беларусаў за мяжой у аддаленыя часы і ці пазнаюць іх сёння? Па якіх рысах наогул можна пазнаць беларуса за мяжою?

Харэўскі: Скажу так: чужыя людзі не пазнаюць нас. Але беларусы сярод людзей іншых нацый адразу пазнаюць сваіх. Беларусы, як хамелеоны, здатныя мімікраваць абсалютна пад любую абстаноўку. Чалавек, які за мяжой зліваецца з асяроддзем, нічым з яго не вылучаецца, гэта абавязкова беларус. Беларусы ад, напрыклад, нашых усходніх суседзяў адрозніваюцца большай цікаўнасцю. Людзі з Масквы ці Пецярбурга ўсім сваім выглядам заяўляюць, што іх ужо нічым не здзівіш. Асабліва ў краінах кшталту Турцыі ці Тунісу. А беларусы разглядаюць кожнае дрэўца, кожную траўку, запісваюцца на пазапланавыя экскурсіі. Прыкладна так сябе паводзяць і палякі, літоўцы, чэхі. Паводле паводзін беларусы блізкія да гэтых народаў.

Чалавек, які за мяжою зліваецца з асяроддзем, нічым з яго не вылучаецца, гэта абавязкова беларус.

Ракіцкі: А можна сказаць, што гэтая цікаўнасць уласцівая беларусам спрадвеку, з часоў першых беларускіх падарожнікаў?

Харэўскі: Думаю, што так. Але, з другога боку, варта адзначыць, што беларусы бяднейшыя, чым тыя ж усходнія суседзі. У сярэдняга беларуса за мяжой не так шмат грошай, як у расіян, каб бавіць час у рэстарацыях. Яны не едуць у Егіпет, каб піць гарэлку пад пальмамі. І беларусы, як людзі прыжымістыя, хочуць за свае грошы атрымаць як найболей уражанняў, інфармацыі, эфектыўна выкарыстаць гэты час.

Вячаслаў Ракіцкі і Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё Свабода
Вячаслаў Ракіцкі і Сяргей Харэўскі ў студыі Радыё «Свабода»

Ракіцкі: Але вельмі часта аж да сёння беларусаў за мяжой атаясамліваюць з расіянамі. Як зрабіць, каб у гатэлях не даводзілася тлумачыць, што ты з Беларусі, а не з Расіі? Калі ж гэта скончыцца? Што беларусы могуць дзеля гэтага зрабіць?

Харэўскі: Па-першае, павінна спрацаваць мова. Паводле маіх назіранняў, беларусы нашмат часцей успамінаюць родную мову, калі апынаюцца за мяжой. І вось апошнія два гады пасля расійскай інвазіі ва Украіну гэта стала добрым тонам. Беларусы сталі вельмі баяцца, каб іх не прызналі за расіян, бо гэта можа выклікаць неадэкватнае стаўленне да іх замежнікаў. Каб не атаясамлівалі з расіянамі, таксама трэба часцей усміхацца. Усмешка адчыняе любыя дзверы, здымае палову пытанняў. Я параіў бы і больш актыўна падаваць рукі людзям. Беларусы дарэмна баяцца тактыльных кантактаў. Павітайцеся з людзьмі за руку, і гэта вас вылучыць сярод іншых. І, паўтаруся, вывучыце хоць бы некалькі сказаў, павітайцеся ў турэцкім гатэлі па-турэцку, і вы ўбачыце, як расплывуцца ў добразычлівых усмешках твары туркаў. Натуральна, не трэба сабе на грудзі вешаць розныя гербы, бо гэта проста дрэнны густ. І тады цябе будуць прымаць як беларуса — чалавека, роўнага іншым. Паводзіць сябе трэба так, як сто, дзвесце гадоў таму паводзілі сябе за мяжой нашы славутыя суайчыннікі.

www.svaboda.org