Магічная Мапа Мінска ад Антона Рудака

06.11.2013 - Новости

Магічная Мапа Мінска ад Антона Рудака

Кожны горад мае сваю душу. І яе не пабачыш у рэкламных буклетах, даведніках ці постарах. Душа горада — гэта мясціны з асаблівай энергетыкай і гісторыяй, а то і містыкай. Яны часцей не навідавоку: схаваныя на гарадскіх ускрайках, у прамзонах, «спальных» кварталах, а калі і заўважныя, то «нераскрытыя», недаацэненыя большасцю. Але менавіта такія мясціны, прыватныя гарадскія таямніцы, ствараюць адметнасць горада. І сёння такія месцы называе паэт Антон Рудак

Катэдра

Марыінскі касцёл на плошчы Свабоды заўжды быў адным з самых выбітных будынкаў горада. У сярэдзіне мінулага стагоддзя лёс гэтага храма дзіўным чынам злучыўся з гісторыяй маёй сям’і: мой дзед нарадзіўся акурат у двары за музычнай школай, у даўнім будынку езуіцкага калегіума, і ўсё ягонае паваеннае дзяцінства прайшло ў катэдры і яе ваколіцах. У 1951-м, з пачаткам “рэканструкцыі”, калі быў знявечаны галоўны фасад будынка, а сам ён перададзены таварыству “Спартак”, катэдра, нібыта развітваючыся, дзялілася сваімі таямніцамі з суседзямі-мінчукамі: дзед і ягоныя сябры знайшлі сярод друзу пры сценах касцёла скарб з залатых манет, якіх хапіла і на так неабходную ў тыя гады новую вопратку, і на прыхамаці малых шчасліўчыкаў, кшталту недасяжных раней новых лыжаў. Дзед любіў касцёл і моцна перажываў праз тыя здзекі з гэтага будынка, якія ўчынілі савецкія архітэктары. Тым большае здзіўленне і нечаканую радасць ён перажыў у 1995 годзе, калі, нічога і блізка не ведаючы аб нядаўняй рэстаўрацыі будынка, выпадкова завітаў на плошчу Свабоды…

Таму сёння і мне падаецца цудам кожны прыклад удалага аднаўлення архітэктурнай спадчыны Мінска. Шкада, што такіх прыкладаў вобмаль.

Магіла SederHaDoroth

Сярод габрэяў – выхадцаў з Мінска трывала паданне аб незвычайнай магіле на юдэйскіх могілках, што знаходзіліся пры сучаснай вуліцы Кірава, на месцы стадыёна “Дынама”. Тут у 1746 годзе быў пахаваны галоўны рабін Мінска Ехіэль Гальперын, празваны SederHaDoroth (“Хроніка пакаленняў”), па назве свайго галоўнага твора, адной з базавых кніг юдаізму, дзе апісаныя падзеі ад стварэння свету і да 1696 года. Падчас будаўніцтва стадыёна надмагілле Ехіэля Гальперына знішчыць нібыта не ўдалося: усе, хто спрабаваў гэта зрабіць, гінулі.

На жаль, усякі след гэтага незвычайнага помніка знікае ў гады ваеннага ліхалецця, якога не перажыла і большасць габрэйскага насельніцтва Мінска. Цуду не здарылася.

 Оперка

Як ні дзіўна, шэраг даследчыкаў лічыць, што гандлёва-рамесніцкі цэнтр сярэднявечнага Мінска месціўся не на правым, а на левым беразе Свіслачы, на Траецкай гары, дзе сёння стаіць велічны будынак тэатра оперы і балета. Сёння ваколіцы Оперкі – папулярнае месца збору моладзі, а асабіста я лічу яе ці не самым прыгожым будынкам Мінска. Непадалёк, з лініі праезду за 2-м гарадскім шпіталем, быў створаны ў 1919 годзе адзін з самых вядомых і пазнавальных вобразаў нашага горада ў выяўленчым мастацтве: графічны малюнак Язэпа Драздовіча “Менск. Выгляд са Шпітальна-Траецкага завулка”. Канструктывісцкі будынак Оперкі мне падаецца сугучным з драздовічаўскімі сатурніянскімі краявідамі.

Кажуць, што бел-чырвона-белы сцяг у Мінску ўпершыню ад часоў вайны быў узняты менавіта над Оперкай, у 1984 годзе. Хто ведае, якія яшчэ цуды ў гісторыі горада рыхтуе гэтае месца.

Рубрики: Эксклюзив


Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах