Макс Корж як гіганцкі будзільнік для санлівай рэспублікі

06.11.2013 - Новости

Автор: Раман Абрамчук


Макс Корж як гіганцкі будзільнік для санлівай рэспублікі

У мінулую суботу «Мінск-Арэну» накрыла ўдарнай хваляй у адурэць-колькі кілаграмаў трацілаў. Макс Корж не толькі сабраў найвялікшую ў рэспубліцы залу гледачоў, але і наглядна прадэманстраваў, як можна скокнуць вышэй сваёй галавы.

Юнак з лунінецкага ліцэя, якому абрыдлі «забытые Богом, убогие тралики», захацеў крутануць кола свайго лёсу па-свойму, што, зрэшты, заўжды сустракала непрыязнь ў закасцянелых грамадствах. І як паказала практыка - скокнеш абавязкова, калі на мапу сам, сваім уласным рашэннем, паставіш усё, што для цябе важна ў твае 20 з гакам – адукацыю, дабрабыт («В радиусе метра воцарился жесточайший хаос, когда всем понятно стало – сын остался без диплома»). А яшчэ – банальны камфорт і сытасць, за якія так чапляецца большасць з нас, хай сабе і таленавітых-перспектыўных. Хто хоча, каб у яго ў заплечніку былі толькі «пара маек, носки»? Хто сабе шчыра прызнаецца, што грошы – насамрэч, няважныя? З такіх пазіцый, сапраўды, будзеш пачынаць цяжка і доўга («И пускай начало оставляет желать лучшего»). Але рэч у тым, што там, зверху, менавіта такім шызікам скідваюць тросы з блаславёных верталётаў, устаўляюць турбіны куды трэба і толькі шэпчуць на вушка, каб не дрыгаўся, бо ўключаецца трэцяя касмічная. Менавіта на трэцяй касмічнай жарыла ўся «Мінск-Арэна» без астатку ў мінулую суботу, 3-га лістапада. Макс прабівае сцены ўпартым, пастаянным бітам, цвёрдым веданнем таго, што ён хоча ад жыцця, прастатой і непасрэднасцю, непадробнай жывой інтанацыяй. І пляваць ён хацеў на граматычныя памылкі ў тэкстах. Стартануць пад нябёсы – важней. А яшчэ – даць магчымасць іншым падсесці на блаславёны касмалёт. Узрост Максавага слухача – ад 10 да 35. Пераважная большасць – у радыюсе 16–18 гадоў. 31-гадоваму дзецюку было спачатку ніякавата з падлеткамі-юнакамі, што вішчаць ужо ад аднаго выхаду Макса на сцэну. Але праз колькі дзясяткаў хвілін  я ўжо таксама качаю рукой, як хлапчук у байцы на выраст побач са мной, скокаю вышэй крэслаў пад звышкайфовы біт максавых дыджэяў-акампаніятараў і... адводжу вочы ад позірку мамашы, што прывяла на канцэрт свайго школьнічка, ды сама – ні грама не ўязджае, што адбываецца на сцэне. А на сцэне Макс жарыць старымі і новымі хітамі, граючы некаторыя па два разы з-за таго, што ў свае 24 гады  песень у яго яшчэ не так і многа напісалася. Зайздросны інтэрнэт зубаскаліць пра адсутнасць слыху і мат у песнях. Але глыбіня дыхання і надрыўная інтанацыя Макса пераконваюць больш, чым правілы прыстойнасці. І ноты – такія высокія, на якія Максаў галасавы апарат, можа, і не быў разлічаны прыродай, самі вылятаюць з глоткі таго, хто пускае іх з самай глыбіні сваёй істоты, свайго жыццёвага досведу. І пасля расповеду артыста пра праведзеную на прыпынку ноч ў летніх «шмотках» – толькі б не прасіць міласціны – ужо іначай пра сітуацыю і не скажаш, як толькі  «этот еб...чий холод». А калі сышла тая, з якой збіраўся быць заўжды, - няўжо няпраўдай будзе тое Максава – "с..ка, не хочется жить"? І пакуль Макса ганьбяць на снабісцкіх форумах за пустыя тэксты, Макс скокае і падківае разам з сабой яшчэ 13 тысяч маладых людзей ў Арэне, «со старта заливая  им прямо в уши», што «друга невозможно не уважать», што «небо поможет нам» і што ні ў якім разе нельга станавіцца на калені. Максу за альбом, выкладзены Вконтакте, ставяць чарговы, 70-тысячны лайк, каб артыкул у Вікіпедыі пра яго чарговы раз выдалілі з-за «нязначнасці» яго дасягненняў. «Пусты і глупы рэпер» пяе пра людзей з «серых коробок, что забыли, кем хотели стать», пра тое, што лепш застацца на холадзе ўночы, чым прыніжацца просьбамі, пра тое, што ва ўсіх гэтых дзясятках тысяч яго прыхільнікаў  усё атрымаецца ў жыцці, як атрымалася і ў яго. «Жить в кайф», «толкать землю ногами», рабіць тое, да чаго ляжыць душа і дабівацца выніку, рыючы зямлю тварам. І маладое пакаленне, што ўжо паціху развучваецца пісаць, ляпаючы на клавіятуры дзень і ноч, качае рукой Максу ў адказ. У знак згоды. У знак павагі.  А што, калі гэтыя тысячы (сярэдні такі сабе райцэнтр Беларусі), сапраўды, скокнуць, як Макс? А што, калі  кожны з іх будзе «знать, где его ремесло», будзе «добиваться результата, оставаясь другом, братом», «не идя по головам»? А што, калі ўсе ўрэшце рэшт прачнуцца – для самастойных рашэнняў, барацьбы за поспехі, за сябе? Гэта будзе іншая краіна. А што, калі наш галоўны дырэктар...  Але пачакаем з гэтым. Максаў касмалёт сапраўды дае файны шанец санлівай рэспубліцы. Зрэшты, і пляцоўка для пуска ракеты – айчына Беларусь. Макс у расійскіх інтэрв'ю падкрэслівае, што ён – з Беларусі і хутка абрадуе ўсіх песнямі на «сваёй роднай беларускай мове» (зрэшты, ён пачынаў менавіта як беларускамоўны рэпер). «Minsk one love» – падхоплівае зала, ставячы цэнтрам свайго космасу не Берліны з Парыжамі, а скрыжаванне Нямігі, Пераможцаў і Незалежнасці. Гледзячы на хлапчукоў і дзяўчат, якіх ганьбяць як «сапсаванае пакаленне», за іх захапленне кампутарамі і распуснасць, мне становіцца прыемна. Прыемна ад таго, што я паступова навучаюся, як яны, качаць рукой, скокаць пад столь, з усёй непасрэднасцю называць «г..ном» тое, што г...ном з'яўляецца,  казаць «кру-у-уць» з адпаведнай інтанацыяй, калі штосьці або хтосьці таго сапраўды варты.

Біты Максавых песень пранікаюць адразу, як толькі ты сказаў «так» на ягонае «е!». Можаш яшчэ павагацца з-за цяжка ўспрымальнага напачатку слэнгу, можаш яшчэ падумаць, ці пускаць гэта ўсё унутр сябе – такое непрыглядна-дваровае, нікім непрычасанае. Згодны, што дзесьці Макс яшчэ капіруе інтанацыі іншых артыстаў, згодны, што не заўжды ён упэўнена трымаецца на сцэне, часта запытваючы, што рабіць, у тых, хто стаіць за яго спінай, згодны, што самі песні часам грашаць аднолькавасцю фішак. Але ці не даруецца яму гэта ўсё ў ягоныя 24? Ды зрэшты, няўжо ў музыцы калі-небудзь штосьці вырашалі падобныя дробязі? Жыццё і моц, непераможная дынаміка  б'юць з Максавай зоркі. Чаго яшчэ? Зрэшты, я шчаслівы, што і мяне зачапіла яе хвастом.

...Вось так я за пару дзён выслухаў без астатку ўсе свае бясплатныя гадзіны на інтэрнэт-плэеры. Хутчэй аплаціць трэкі, каб біт не спыняўся.

Рубрики: Общество


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах