Еўрарадыё: Як сітуацыя ў Крыме адаб'ецца на курортным сезоне?

Лілія Кобзік: Цяжка сказаць дакладна, бо сітуацыя мяняецца і пакуль мяняецца ў дрэнны бок. На сённяшні момант можна сказаць, што турыстычная супольнасць у шоку. Асабліва тыя, хто займаецца гэтым напрамкам і не толькі Украінай і Крымам, бо шмат якія ланцужкі аўтобусныя ідуць праз Украіну: аўтобусныя туры ў Балгарыю, Румынію. Ва Украіне не спакойна, і турфірмы прадчуваюць, што продажу не будзе. Тут мы бачым сітуацыю, якая нечым нагадвае паўночны бок Кіпра. Нагадаю, што цяпер гэта турэцкі бок і турызму цяпер там няма, нягледзячы на шыкоўную прыроду, гатэлі. Але гэты бок вострава лічыцца акупаваным, і турызму там няма. Тое ж можа адбыцца ў Крыме, калі расійскія войскі застануцца. Цяжка ўявіць, што нехта паедзе туды, калі там стаяць вайскоўцы.

Еўрарадыё: У Расіі назіраюцца адмовы ад пуцёвак у Крым. А ў нас як?

Лілія Кобзік: А ў нас ніхто яшчэ не купляў. Ранняе браніраванне больш тычыцца іншых напрамкаў. Шмат хто ў Крым едзе дзікуном, шмат хто сам набывае квіткі на цягнік, едзе на сваёй машыне. Асноўныя продажы праз турфірмы пачынаюцца пазней. Там кошты невялікія, у Крым можна з'ездзіць за некалькі сотняў далараў. Таму яны купляюцца бліжэй да траўня. Турфірмы чакаюць станоўчага павароту сітуацыі, калі можна будзе прадаваць. Але рыхтуюцца да горшага, як аб'ехаць Украіну. Трэба будзе ісці праз Польшчу, а гэта ўжо віза. Лішні начлег у транзітным гатэлі.

Еўрарадыё: Варта чакаць падаражання гэтых пуцёвак?

Лілія Кобзік: Мы назіралі крызіс на егіпецкім напрамку, так гэта кветачкі ў параўнанні з тым, што адбываецца цяпер. Тут мы павінны сказаць, што дарма мы думаем, што мы знаходзімся на востраве спакою. Гэта нас зачэпіць. Усе тыя людзі, якія б маглі адпачыць, яны не змогуць, дзякуючы расійскаму ўмяшанню. У Беларусі мы адпачываць не можам, бо інфраструктура не гатовая.

Еўрарадыё: Якія варыянты застаюцца?

Лілія Кобзік: Кажуць, што ёсць Сочы і Краснадарскі край. Але ж мы не ездзілі ў Сочы, як у гэты няшчасны Крым. Казалі, што няма сервісу, але ездзілі з задавальненнем адпачываць. Дзякуючы агульнай атмасферы, нейкай роднаснасці. У Сочы да братоў расіян не ездзілі чамусьці, а яны да нас едуць. Фірмы прадугледжваюць, што ўсе ламануцца ў Сочы. Хутчэй за ўсё некаторыя зусім не паедуць, некаторыя дзікунамі будуць адпачываць у Беларусі ў намётах. Хтосьці здолее паляцець у Балгарыю. Кошты цяпер не высокія. І тут «Белавія» ёсць над чым задумацца. Можна больш бартоў ставіць на недарагія напрамкі, як Балгарыя і Румынія, калі нам лагістыка не дазволіць ехаць праз Украіну. Вельмі шкада. Турфірмы ў паніцы і шкадуюць, што такі напрамак можа адпасці. Спадзяемся на лепшае.

Еўрарадыё: Колькі ў такім разе будзе каштаваць Балгарыя?

Лілія Кобзік: Цяпер 300 з чымсьці еўра, у сезон стане 500 еўра. Ёсць рэзон купляць на этапе ранняга браніравання. Але ў Крыме адпачывае шмат людзей, і усім не хопіць, таму я думаю, што многія застануцца без адпачынку. Але ўсе спадзяюцца на лепшае, што Бог абразуміць Расію і сітуацыя неяк выправіцца.