Музей Быкава – у чаканні наведнікаў

10.08.2014 - Новости

Музей Быкава – у чаканні наведнікаў

Ужо больш за паўтара месяца дзейнічае ў Ждановічах пад Мінскам Дзяржаўны музей-лецішча Васіля Быкава, паведамляе Радыё Свабода. Ці знаходзяць да яго дарогу беларусы? Якія экспанаты яны могуць там пабачыць? Чаму на адкрыцці музея адсутнічалі ўдава пісьменніка Ірына Міхайлаўна і ягоныя найбліжэйшыя сябры?

Госцем перадачы – загадчык Быкаўскай мэмарыяльная сядзібы Алесь Гібкоўскі.

– Алесь, да вас няпроста трапіць, асабліва калі ехаць па кружной дарозе з боку Ждановічаў. Ці шмат наведнікаў бывае ў вашым музеі?

– За гэты час, як мы працуем, на дзіва, наведнікаў было нямала. Зусім нядаўна два старшакласнікі адмыслова шукалі сюды дарогу. Ехалі па кружной, аўтобусам № 44, не заблукалі ў лясочку і былі вельмі задаволеныя, што нас знайшлі. Людзі тут бываюць амаль кожны дзень. Хоць сапраўды трапіць да нас няпроста. Мы хочам зрабіць паказальнікі ўздоўж кружной дарогі, пазначыць з'езд, на канцавым прыпынку прыгараднага аўтобуса таксама трэба ўсталяваць паказальнікі. Думаю, у бліжэйшы час гэта будзе зроблена. Але найперш нам трэба працаваць са СМІ. Часта людзі проста не ведаюць, што ёсць, існуе на свеце такі музей. Не ведаюць, што мы – філія Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Лецішча будавалася адмыслова для таго, каб пісаць, але Васіль Быкаў пазней прызнаваўся ў мемуарах: «Думаў, буду пісаць на лецішчы, але тут перашкаджаюць то брэх сабак, то размовы жанчын, то шум дзяцей, то радыё нехта ўключыць гучна». Гэта яму перашкаджала засяродзіцца. Бываў ён тут усё ж нячаста.

– А што ўваходзіць у сам панятак «музей»? Скажам, гэтыя гонкія бярозы на падворку – яны таксама музейныя і знаходзяцца пад вашай аховай?

– Сапраўды так. Нават у навуковай канцэпцыі музея закладзена: усе пабудовы, увесь участак – гэта мэмарыяльны комплекс. Тут да ўсяго прыклаў сваю руку Васіль Уладзіміравіч. Усе прадметы, якія тут знаходзяцца, усе рэчы, якія з добрай ласкі Ірыны Міхайлаўны Быкавай мы атрымалі, уся мэбля... Увогуле, найперш гэта музей побыту пісьменніка сярэдзіны 80-х гадоў. Нядаўна я бачыў па тэле Белую дачу Антона Паўлавіча Чэхава ў Крыме, дык там раскоша, дом вельмі багаты. А ў Васіля Быкава ўсё вельмі проста, вельмі сціпла. У нас ёсць задума рабіць тут навуковыя канферэнцыі, можа, нават гэтай восенню пачнем, запросім быкавазнаўцаў. Гэта адна з галоўных нашых задач. Тут не павінен быць мёртвы мэмарыял, тут мусіць ісці жыццё. Экспазіцыя рэчаў павінна быць пераважна захаваная, але гэта не перашкаджае нам знаходзіць нейкія новыя рэчы, нехта з сяброў, са знаёмых можа штосьці падараваць. Мы і новыя рэчы будзем з задавальненнем экспанаваць.

– Лаўлю вас на слове і перадаю ў музей кнігу Быкава «Паяжджане», дзе сабраныя прыпавесці (гэтаму жанру пісьменнік аддаваў перавагу ў апошнія гады). Кніга выйшла ў недзяржаўным выдавецтве, ды і змест там... Вы яе схаваеце ў запаснікі?

– Адкажу на ваша пытанне адназначна – не. Усё тое, што прыносіцца ў Дом Быкава, мы не будзем хаваць па закуточках, усё будзе стаяць на паліцах. У нас няма такой лініі, каб нешта схаваць. Быкаў – такі, які ён ёсць. Яго нельга змяніць ці перапісаць.

– У музейны комплекс уваходзіць і гараж. На жаль, ён пустуе. А дзе падзелася знакамітая быкаўская «Волга»?

– Аўто знаходзіцца ў старэйшага сына пісьменніка, з ім вядуцца перамовы. У нас у канцэпцыі пазначана, што мы збіраемся экспанаваць знакамітую «Волгу» Васіля Уладзіміравіча. Ён вельмі любіў сваю машыну, на сваіх малюнках падпісваў яе ласкавымі мянушкамі. Суседзі часта заставалі пісьменніка за тым, што ён нешта рабіў у машыне, корпаўся пад капотам. Дарэчы, ён шмат падарожнічаў за стырном – па Прыбалтыцы, Расіі, Украіне, па Беларусі. Беларусь ён амаль усю аб’ездзіў. І без машыны ён шмат дзе пабываў. У гаражы мы нават экспануем мапу дарог Васіля Уладзіміравіча. Дыяпазон велізарны – ад расійскага Далёкага Усходу да ЗША і Канады. Усе гэтыя кропачкі мы пазначылі на мапе.

– А што за гісторыя была з адкрыццём музея? Чаму на ўрачыстасці не было ні Ірыны Міхайлаўны Быкавай, ні сяброў пісьменніка?

– Вы не маеце рацыі. У дзень адкрыцця сюды прыяжджалі і Ірына Міхайлаўна, і блізкі сябра Быкава Анатоль Вярцінскі, і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Проста яны не дачакаліся самой урачыстасці. Зайшлі наверх, паглядзелі экспанаты. Чаму з'ехалі – я не ведаю, на гэты конт у мяне з імі размовы не было. На маю думку, Быкаў павінен нас аб’ядноўваць. Быкаўская проза сёння становіцца надзвычай актуальнай – у звязку з падзеямі ва Украіне. Быкаў паказвае, як чалавек мусіць выжываць у нялюдзкіх умовах. Сёння для беларусаў Быкаў – адзін з нямногіх чыннікаў, які нас аб’ядноўвае. Нягледзячы на палітычную, ідэалагічную раз'яднанасць многіх з нас, Быкаў застаецца сцягам еднасці. Яго творчасць цікавая і левым, і правым, і чырвоным, і белым. Мастацкі ўзровень прозы Быкава прызнаны ва ўсім свеце, яна застаецца для ўсіх актуальнай. У Быкава няма часовых, кан’юнктурных тэм, няма часовых вобразаў. Усё тое, што ім напісана, сёння можа быць запатрабавана.

– Перад нашай гутаркай я патэлефанаваў Анатолю Вярцінскаму, каб пачуць ягоныя ўражанні ад музеі. Вось ягоныя словы.

А. Вярцінскі: Памятаю, як адною раніцай мне патэлефанаваў Васіль і прапанаваў: «Давай з'ездзім у Ждановічы, хачу паказаць табе сваё лецішча». Я пагадзіўся. Дарэчы, я тады ўпершыню ўбачыў Васіля за стырном...  А апошні раз я быў на быкаўскім лецішчы зусім нядаўна, у чэрвені – разам з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай і кіраўнікамі нашага пісьменніцкага саюза Барысам Пятровічам і Алесем Пашкевічам. І ў мяне было незвычайнае адчуванне адсутнасці Быкава, якая адначасова сумяшчалася з ягонай прысутнасцю, бо пра яго гаварылі ўсе рэчы, самі сцены пакойчыкаў. Я хацеў бы аддаць належнае Ірыне Міхайлаўне за яе мудрае рашэнне перадаць лецішча дзяржаве. Быў жа іншы варыянт – прадаць лецішча і скарыстаць сродкі для ўсталявання іншага, больш значнага помніка на магіле Васіля Уладзіміравіча. Ірына Міхайлаўна пасля пэўнага роздуму вырашыла, што для ўшанавання памяці пісьменніка лепш за ўсё ператварыць іх лецішча ў музей. І яна, безумоўна, не памылілася... Неяк беларусіст з Вялікай Брытаніі Джым Дынглі сказаў мне пры сустрэчы ў Мінску, што Васіль Быкаў з'яўляецца «ўвасабленнем беларускага менталітэту, беларускага нацыянальнага характару». Я б дадаў – і драматычнага лёсу Беларусі. У мяне ёсць спадзяванне, што Музей-лецішча Быкава паступова стане такой жа духоўна прыцягальнай для кожнага беларуса мясцінай, як Вязынка Янкі Купалы, як Зэльва Ларысы Геніюш, як Новы Двор Цёткі.

– Дзякуй Анатолю Вярцінскаму за ўдзел у перадачы. Алесь, лецішча – гэта сапраўды найперш побыт. І мы бачым у гасцёўні шырокі стол, камін, прайгравальнік з кружэлкамі... А на што вы найперш звяртаеце ўвагу экскурсантаў?

– Мы пастараліся ўсё захаваць так, як было пры жыцці Быкава. Адзіную новую экспазіцыю мы паставілі на балюстрадзе. Тут машынапіс аповесці «Знак бяды» з аўтарскімі праўкамі, фотаздымкі, некалькі малюнкаў пісьменніка з першай пастаноўкі «Знаку бяды» ў мінскім Рускім тэатры імя Горкага. У кабінеце Васіля Уладзіміравіча – невялічкая бібліятэка яго асабістых кніжак, многія з аўтографамі. Напрыклад, Уладзімір Караткевіч падпісаў свой двухтомавік так: «Дарагому майму другу Васілю Быкаву, якога я люблю не таму, што зараз яго ўсе любяць, а таму, што я любіў яго і быў за яго, калі лаяць яго лічылася добрым тонам. І так буду рабіць і надалей... І жонцы ягонай Ірыне, «свайму хлопцу», – каб ім яшчэ доўга, добра, светла, шчасліва, карысна для людзей жылося. Ул. Караткевіч. 19 студзеня 81 г. Дзень Вадохрышча». А яшчэ Караткевіч падпісаў адну з карцін, падараваную на дзень народзінаў: «Усё мінае – гонар не мінае. Васілю ад Уладзіміра ў дзень 19 чэрвеня 1984 года». На карціне – выява Мірскага замка.

– У Музеі-лецішчы няма ніякага агравання, апрача каміна. А што вы будзеце рабіць зімой – экспанаты ж могуць папсавацца?

– Сама назва «Музей-лецішча» паказвае на сезоннасць нашай працы. Мы будзем працаваць з траўня па верасень. Зрабіць тут аграванне – дарагая і няпростая справа. Для гэтага патрэбен новы праект, які дазволіў бы не парушыць мэмарыяльнасць комплексу. Магчыма, у будучыні знойдуцца нейкія сучасныя агравальныя прылады, якія не будуць закранаць архітэктуру памяшканняў. Але пакуль што мы будзем працаваць улетку, а на зіму зачынімся, паставім усё пад сыгналізацыю. Вядома ж, будзем наведвацца, наводзіць тут парадак. А пакуль лета – запрашаю. Наш кантактны тэлефон: 334-72-61.

Міхась Скобла

Рубрики: Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах