Музей памяці святара-перакладчыка Уладзіслава Чарняўскага адкрылі і асвяцілі ў Вішневе

25.01.2016 - Новости

Музей памяці святара-перакладчыка Уладзіслава Чарняўскага адкрылі і асвяцілі ў Вішневе

Адкрыццё і асвячэнне музея асабістых рэчаў і рукапісаў святара-адраджэнца Уладзіслава Чарняўскага ў вёсцы Вішнева, дзе шмат гадоў аддана працаваў айцец-марыянін, адбылося 23 студзеня і стала падзеяй не толькі парафіяльнай, але і значнай для ўсёй Беларусі.

Асвяціў музей Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі супольнасці марыянаў: Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а. Аляксандр Шамрыцкі MIC. На ўрачыстую падзею сабралася не толькі парафіяльная супольнасць, але і госці з іншых мясцовасцей, большасць з якіх прыехала з Мінска разам з пробашчам парафіі Свв. Сымона і Алены кс. Уладзіславам Завальнюком, які аказаў важкую дапамогу ў адкрыцці музея.

Зараз ці не ў кожнай каталіцкай сям’і, якая шануе культуру і мову свайго народа, можна знайсці Біблію на беларускай мове. Пад чорнай вокладкай гэтай кнігі, выдадзенай у 2001 годзе, а, можа, калі гэта Новы Запавет, то пад вокладкай з ручніком, арнаментаваным нацыянальным узорам, будзе прозвішча – Чарняўскі.

Гэты святар рупліва, з адданасцю, працягваючы справу Францішка Скарыны, здзейсніў для беларусаў вялікую справу – даў Божае слова на роднай мове, на якой размаўляў народ і якую а. Чарняўскі запісваў у сваіх сшытках. Гэтыя сшыткі сёння можна ўбачыць у музеі і залічыць да самых каштоўных экспанатаў музея, які пад сваю апеку ўзяла мясцовая парафіянка Тэрэса Бітэль, што разам з братам вырасла пад апекаю гэтага святара.

Брат Віталій у іх сям’і з шасці гадоў быў міністрантам, а яна час ад часу дапамагала разам з бацькамі ў парафіяльных справах. Зараз у яе жыцці музей памяці кс. Уладзіслава Чарняўскага стаў яшчэ адной вялікай справай, за якую яна нясе адказнасць і, напэўна, адначасова гонар – бо ці не гонар быць захавальніцай Захавальніка беларушчыны ў Касцёле?

Тэрэса Бітэль, дырэктар музея

У музей, памяшканне для якога было вылучана ў Вішнеўскім доме культуры, побач з Вішнеўскай бібліятэкай, былі перанесены рэчы з таго доміка, у якім доўгія гады пражыў святар-перакладчык. Тая хатка, якая служыла жыллём і творчым кутком для святара, зараз у непрыдатным стане, каб зрабіць музей у ёй, таму, каб уратаваць рэчы і рукапісы, што склалі спадчыну для нашчадкаў сціплага святара, былі перанесены ў іншае месца.

Як адзначыла Тэрэса Бітэль, гэты музей з’яўляецца ініцыятывай людзей, якія «хто чым мог» садзейнічалі адкрыццю: хтосьці дапамог прывезці і пакласці лінолеум, хтосьці зрабіў паліцу для каштоўнай бібліятэкі айца Уладзіслава, хтосьці — стэнды, хтосьці — аркі, хтосьці бяліў сцены. Гэты музей – музей памяці святара і працы людзей, якія захацелі і адгукнуліся, альбо тых, якія не змаглі быць абыякавымі.

На паліцах стаяць шматлікія слоўнікі і кнігі, якія дарылі а. Уладзіславу госці і сябры: і пісьменнікі, і мастакі. На кнігах – аўтографы, сярод кніг – вершы-прысвячэнні.

Айцу Уладзіславу многія пісалі лісты, дасылалі віншавальныя паштоўкі, якія акуратнымі стосікамі займаюць паліцу ў шафе, дзе захоўваюцца і яго сшыткі з перакладамі.

Але адзін ліст, на які мімаволі звяртаеш увагу, уражвае яшчэ больш. «Першае, што гэты ліст ананімны»,  кажа Тэрэса Бітэль, перагортваючы жаўтаватую паперку са сшытка ў клетачку, якая спісана акуратным, крыху дрыжачым почыркам на польскай мове. Гэты ліст выказвае просьбу, каб айцец Уладзіслаў не перакладаў на беларускую мову малітваў, літаній, якіх не ў стане, «бо не малыя дзеці», вывучыць старэйшыя прадстаўнікі парафіі.

Айцец Уладзіслаў Чарняўскі не паслухаўся сваіх парафіян і перакладаў. На этажэрцы, побач з фотаздымкам благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча, заснавальніка супольнасці марыянаў, і выяваю каралевіча Уладзіслава маленькі нататнічак – самапісны малітоўнік на беларускай мове, дзе ёсць радкі самых асноўных малітваў, але замест звыклага «Ойча наш» – «Бацюхна наш», а замест «Вітай, Марыя...» — «Прывіт, Марыя...» і шмат іншага, да чаго хочацца дакрануцца і перагарнуць, перагарнуць з кожнай старонкай нататніка старонку з жыцця святара.

Святар-аскет, святар-кніжнік, святар-перакладчык, святар-выхаваўца, які строга ставіўся да тых, хто не строга ставіўся да свайго жыцця, святар-Чалавек, да якога ішлі людзі...

Святар-кніжнік быў руплівым бібліятэкарам, які меў і картатэку

Нават тады, калі быў ужо хворы і пэўны час жыў на плябаніі касцёла Свв. Сымона і Алены. Як прыгадаў кс. Уладзіслаў Завальнюк, плябанія стала другой сакрыстыяй гэтай парафіі, куды проста не зачыняліся дзверы ад «адведвальнікаў».

Да айца-марыяніна ішлі людзі, хтосьці не паспеў дайсці да яго хаткі, але зараз можа паспець наведаць музей, дзе Тэрэса Бітэль дапаможа наблізіць тое, чым і як жыў гэты чалавек.

Свае думкі і словы кожны наведвальнік зможа пакінуць у адмысловай Кнізе водгукаў, якую спецыяльна падрыхтавалі да адкрыцця і асвячэння музея. Першы надпіс у гэтай кнізе зрабіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і іншыя прысутныя святары. Чыстыя аркушы чакаюць водгукаў новых наведвальнікаў.

Музей, як і парафія ў Вішневе, запрашае.

Многія ведаюць пра вішнеўскую крынічную ваду і крыніцу, куды прыязджаюць за добрай вадою. Можна сказаць, што са з’яўленнем музея памяці а. Уладзіслава Чарняўскага забіла яшчэ адна крыніца – крыніца памяці.

Аксана ЮЧКАВІЧ
 

Рубрики: Музеи

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах