https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>29 студзеня а 18-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца літаратурна-музычны вечар у межах праекта «Якуб Колас і паэты Сярэбранага веку».<br />
Гэтым разам у музеі беларускага песняра будуць гучаць вершы «музы Сярэбранага веку» Марыны Цвятаевай і «рыцара рускай паэзіі» Барыса Пастэрнака.</strong></p>

Лёс і біяграфію Марыны Цвятаевай абмяркоўваюць не менш, чым яе творчасць. Так ужо склалася, што Марына Іванаўна Цвятаева, пражыўшы ўсяго 48 гадоў, пакінула пасля сябе і шмат кніг, і шмат пытанняў. Але, напэўна, нельга не пагадзіцца з тым, што Марына Цвятаева – адзін з самых знакамітых рускіх паэтаў (слова «паэтка» яна лічыла салонным і не ўспрымала), вершы якога ведаюць у многіх краінах свету.

Цвятаеву і Беларусь аб’ядноўвае вялікая колькасць прыхільнікаў яе творчага генія, а таксама магіла яе адзінага сына – Георгія Эфрона, які быў цяжка паранены і загінуў у 1944 годзе ў адным з баёў пад Оршай.

Асабіста Якуб Колас не быў знаёмы ні з Марынай Цвятаевай, ні з Барысам Пастэрнакам, але шмат гадоў народны паэт Беларусі сябраваў з адным з заснавальнікаў пецярбургскага «Цэху паэтаў» Сяргеем Гарадзецкім, які ў сваю чаргу неаднаразова сустракаўся з Барысам Леанідавічам, а ў архіве паэта захоўваўся грунтоўна зачытаны асобнік кнігі Б. Пастэрнака «Сестра моей жизни», з дароўным надпісам аўтара. Выдатны майстар шаржу, С. Гарадзецкі маляваў Якуба Коласа, А. Блока, Г. Ахматаву, В. Хлебнікава, А. Белага. Сярод таленавітых сяброўскіх шаржаў Гарадзецкага захаваўся і партрэт Б. Пастэрнака, намаляваны ў 1945 годзе.

Госці вечара даведаюцца пра гісторыю ўзаемаадносін Марыны Цвятаевай і Барыса Пастэрнака, пачуюць вершы ў арыгінале і ў перакладзе на беларускую мову, а таксама песні на вершы Цвятаевай. Спецыяльна запрошаны госць вечара – вучоны сакратар Аляксандраўскага літаратурна-мастацкага музея Марыны і Анастасіі Цвятаевых (Уладзімірская вобласць, Расія) – Эльвіра Калашнікава распавядзе пра плённы ў творчых адносінах перыяд жыцця Марыны Цвятаевай, аб прыездзе ў Аляксандраў Восіпа Мандэльштама і пра ўзаемаадносіны гэтых двух вялікіх паэтаў.

Вядучыя літаратурна-музычнай імпрэзы – акцёр і рэжысёр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Алег Вінярскі і актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Алена Уладамірская-Пастрэвіч.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02
 

https://www.traditionrolex.com/8