<p>Настаў доўгачаканы час свята Божага Нараджэння. Час гэты ў нашых продка<span style="line-height: 20.8px;">ў</span> заўсёды быў звязаны з абрадам калядавання.</p>

Людзі збіраліся па некалькі чалавек, у розных казачных вобразах заходзілі ў кожны двор і з радасцю віншавалі, жадалі добрага ўраджаю на наступны год. Усё гэта  аздаблялася абрадавымі спевамі і сімваламі. Традыцыя калядаў добра захавалася і да цяперашняга моманту. Адно з такіх калядаванняў адбылося ў мястэчку Жодзішкі (Смаргонскі р-н) з удзелам  студэнцкага энтаграфічнага таварыства (СЭТ). 

Прыкладна ў сем гадзін вечара калядоўшчыкі выйшлі на вулiцу. Наперадзе неслі зорку з каляровымі стужкамі, яна асвячала шлях народжанага жыцця. За ёй вялі казу, якая сімвалізавала ахвяру.  

Каляда падыходзіла да хаты і пачынала спяваць адну са святочных песень. Потым стукаліся ў акно ці ў дзверы і прыгаварвалі: Добры вечар, пане гаспадару. Мы людзі далёкія, ідзём з-пад самага раю з далёкага краю, казу, мядзведзя вядзем, анёла, зорку нясем. Ці дазволіце нам пакалядаваць, ды казе паскакаць?

Калі гаспадары дазвалялі, то калядоўшчыкi працягвалі спяваць песнi, каза ў гэты час танцавала, а пасля раптам падала, імiтавала смерць. А каб каза ўстала, трэба казе сала. На ражок — піражок,  а на копчык — пончык! І на хвост сала шматок.

Атрымаўшы пачастунак, каза кланялася ў ногі гаспадарам, а калядоўшчыкi дзякавалi за пачастункі i жадалi здароўя, добрага ўраджаю, радасцi i сыпалi зернем.

Таксама вялі з сабой мядзведзя, але мядзведзь быў вучоны, кіём ахрышчоны. Вучыўся ў Смаргонскай акадэміі, ведаў многія навукі і паказваў цікавыя штукі. Усё ведаў пра гаспадароў: як п’яны муж дамоў з карчмы вяртаецца, як сын гаспадароў у школу збіраецца і нават як унукі ў кампютарныя гульні гуляюць.

Напрыканцы ў анёла можна было даведацца, якім для сям’і будзе надыходзячы год. Гаспадар цягнуў паперку з прадказаннем (пажаданнем). Напрыклад,  каб у хаце ўсё было добра; пілося і елася, і здароўя на ўсё хапала. Гарантыя давалася гадавая. Гаспадары выказвалі падзяку і запрашалі на наступны год. 

З адной хаты ў другую пераходзілі з музыкай і каляднымі спевамі. Адчувалася адкрытасць людзей да завітаўшых гасцей. У кожнай сям’і было нешта сваё адметнае, якое адразу ж звяртала на сябе ўвагу. Але агульнае для ўсіх былі шчырыя эмоцыі на тварах, як самая лепшая падзяка за прынесеную радасць. Асабліва радаваліся дзеці. Для іх гэта было сапраўдным калядным цудам. 
 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Сваім уражаннем падзяліўся і гаспадар аграсядзібы “Вялес” Алег Мізула:

«Трэба беларускія традыцыі падтрымліваць. Некалькі гадоў ў нас не было калядоўшчыкаў, а цяпер традыцыя вярнулася. Раней дзеці хадзілі па калядзе, і дарослыя пераапраналіся, звычайна нікога не пазнаеш, хоць ведаеш, што свае людзі. Прыемна, што моладзь прыязджае з гарадоў і ўносіць сваю энэргетыку ў штодзённае вясковае жыццё. Удзячны, што падтрымалі ідэю зладзіць каляды ў нашым мястэчку. Нават мядзведзь смаргонскі быў з нашай акадэміі, тут усё аўтэнтычна выглядала. Мне, як гаспадару сядзібы, прыемна сустракаць такіх гасцей і самому было цікава. Я разам са сваімі дзецьмі таксама хадзіў, пакалядаваў. Думаю, удаліся каляды, вельмі людзі былі задаволеныя, сустракалі ветліва».