На  «Фальварку Валеўка» на Браслаўшчыне пануе старасветчына

24.06.2014 - Новости

На «Фальварку Валеўка» на Браслаўшчыне пануе старасветчына

Браслаўшчына лідыруе ў вобласці па колькасці аграэкасядзіб – тут іх 186, у тым ліку 9 адкрыты сёлета. А першыя былі зарэгістраваны ў 2006 годзе. Уладальнікі такіх сядзіб з іншых раёнаў Віцебшчыны ўпэўнены, што іх браслаўскім калегам дужа пашанцавала: маўляў, лацвей і прывабіць турыста, і разнастаіць яго адпачынак, бо тут дзівосная прырода, мноства гістарычных і архітэктурных помнікаў, традыцыйна гасцінны менталітэт насельніцтва – самы сапраўдны магніт, асабліва для не надта спешчаных побытавымі дабротамі. Яно так. Але ж і канкурэнцыя ў маладой пакуль галіне аграэкатурызму няспынна расце, тым больш на Браслаўшчыне, вось і трэба прыдумваць дзеля яго аматараў нешта сваё, непаўторнае, паведамляе газета «Витебские Вести».

Мікалая Валеўку ў Браславе называюць піянерам агратурызму. На сваёй арыгінальнай сядзібе скрай маляўнічага прыазёрнага райцэнтра ён восем гадоў прымае гасцей, сярод якіх шмат пастаянных. Накоплены багаты вопыт у арганізацыі такога кшталту адпачынку.

…Міма яго «Фальварка Валеўка» нельга прайсці або праехаць абыякава. Тыя, хто ўбачыў упершыню, дзівуюцца, фатаграфуюць. Мураванка з дзікага каменю, падобная на невялічкі замак, суседнічае з яшчэ адным узорам казачнай архітэктуры – крытай чаротам «Хаткай на курыных ножках», плюс больш сучасных абрысаў драўляныя дамкі – усё для прыёму гасцей, якім абрыдзеў хайтэк. Газон, глыбокая сажалка, лазня, альтанкі, калодзеж, пляцоўка для гатавання ежы на адкрытым паветры ўпрыгожаны густоўна і на рэдкасць вынаходліва. У дэкаратыўных кампазіцыях злучыліся самыя нечаканыя прадметы.

Тут раскашуе старасветчына. Аўто розных гадоў, уручную вырабленая «за польскім часам» мэбля, насценныя гадзіннікі, ліхтары, вугальныя прасы, іншыя побытавыя прылады. Самае цікавае захоўваецца ў міні-музеі. Сабраныя па занядбаных котлішчах сведчанні мясцовай даўніны служаць добрай памяці пра продкаў, спрыяюць цікавасці да гістарычнай спадчыны, урэшце, добраму густу. Калі хто з гасцей захоча – Мікалай Мікалаевіч ахвотна пакажа рарытэтны збор і распавядзе пра яго шмат захапляючага, бо з кожнай рэччу звязаны нейкі жыццёвы сюжэт.

Чаго варты ці не 300-гадовы дубовы крыж, выштукаваны з мноства дробных пакручастых дэталек аднаго памеру! Без клею, цвікоў ці якіх скрэпак – аб’ёмны мудрагелісты пазл, хаця ў той час, калі яго ствараў невядомы ўмелец, ва ўжытку слова такога не было. Націснеш на пэўную кропку з-пад нізу крыжа – і ён «складзецца». Мікалай Мікалаевіч набыў яго пад Відзамі ў чалавека, продак якога і змайстраваў гэтую ўнікальную рэч.

– Вялікая рэдкасць, думаю, у Беларусі другога падобнага крыжа няма. Гатовы прапанаваць яго якому-небудзь буйному музею, – кажа Мікалай Валеўка.

Тут і абразы, і знаходкі часоў Вялікай Айчыннай вайны. Для больш вартаснага размяшчэння калекцыі яе апантаны збіральнік мяркуе абсталяваць адпаведнае памяшканне. А многія старадаўнія рэчы гарманічна ўпісаліся ў сядзібны інтэр’ер. Напрыклад, колішні міёрскі святар Мікалай Рунда яшчэ пры жыцці парупіўся, каб дыхтоўная фісгармонія «Майнбург», якая доўга захоўвалася ў яго, потым трапіла да земляка і цёзкі – Мікалая Валеўкі. Бацюшка быў упэўнены, што даручае рарытэт надзейным рукам. Зараз музычны інструмент стаіць у гасцёўні камянічкі, згадкай пра высокадухоўнага, на рэдкасць добразычлівага і вельмі паважанага не толькі вернікамі чалавека. А як гучыць! Зрэшты, і ўсё іншае тут прыцягвае ўвагу. Пачнеш разглядаць – забудзеш пра парылку з гаючымі зёлкамі, апетытны шашлык на мангале, духмяную юшку з лоўленай у сажалцы рыбы або фірменнае варыва з ракаў, якіх там распладзілася процьма – ад прарытых «сядзіб»-нораў ажно берагі аселі…

Нераўнадушны да ўсяго прыгожага, Мікалай Мікалаевіч і сябруе з творчымі, майстравітымі і няўрымслівымі людзьмі – рэзчыкамі па дрэве, кавалямі, збіральнікамі-рэстаўратарамі даўніны. Знаёмыя хлопцы, наткнуўшыся каля закінутага зернясховішча ў прыдруйскім лесе на вадзяныя жорны дыяметрам больш за метр, адразу паведамілі Валеўку: «Мы такі цуд знайшлі!» Той адразу паляцеў туды. Зараз непад’ёмны каменны кругляк здзіўляе сваімі ўнушальнымі памерамі гасцей сядзібы.

Адны наведвальнікі аддаюць перавагу цішыні, самоце, магчымасці ўбачыць нешта незвычайнае, іншыя, наадварот, любяць павесяліцца, пазабаўляцца. Як і на большасць сядзіб, у «Фальварак Валеўка» аматары адпачынку на прыродзе прыязджаюць «ад снегу да снегу», калі зімой – дык зазвычай сустрэць Новы год. Водгукі самыя ўхвальныя.

Мікалай Мікалаевіч не толькі не губляе цікавасці да аграэкатурызму, хаця з сям’і ў гэтай клопатнай справе ён адзін (жонка, сын, дачка маюць іншыя прафесіі), але і стараецца дзеля яе развіцця. Літаральна – не пакладаючы рук, бо многае з абсталявання ў «Фальварку Валеўка» зрабіў і робіць сам. Хутка і каля возера Струста, на сямейнай дачы, праўда, ужо з сучасным начыннем, можна будзе размясціць з дзясятак гасцей. Тут вельмі прывабныя краявіды. У двары – лазня, зарыбленая сажалка, човен для водных вандровак. Па аздобе гэтай сядзібы ў гаспадара новыя задумкі. Час выбіраць назву, каб аб’явіць яе аматарам агратурызму.

– Жывы – значыць, трэба працаваць і працаваць, насуперак стоме, хваробам, праблемам, якія раз-пораз падкідвае лёс, – так адказвае Мікалай Валеўка на самае частае да яго пытанне: і калі толькі ўсё паспяваеце?

Галина Шпаковская

Рубрики: Сельский Туризм

Страны: Беларусь


Комментарии отсутствуют

Новый комментарий

Имя:
:
Для редактирования комментария осталось 10 минут

Новости по теме:

Турнавигатор

Вся история белорусского турбизнеса в газете «Туризм и отдых»   |   Активный отдых   |   Калькулятор отдыха   |   Горные лыжи   |   Агротуризм   |   Путеводитель   |   Экзотические направления   |   Путешествия по Беларуси   |   Самые оригинальные бани на белорусских агроусадьбах