https://www.traditionrolex.com/8
<p><strong>Грамадскі дзеяч, які займаў высокія пасты ў Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, патрыёт і мецэнат, паўстанец, дыпламат  і інсургент, а разам з тым літаратар, музыка i кампазітар. Гэта ўсё пра аднаго чалавека – Міхала Клеафаса Агінскага, якога свет ведае перш за ўсё па шчымліва-кранальнаму паланезу «ля мінор».</strong></p>

Міхала Клеафаса Агінскага шануюць у Польшчы і Літве, у Францыі і Расіі, у Беларусі і Італіі. І нездарма ж 2015 год аб’яўлены ЮНЕСКА Годам Агінскага. Юбілей слыннага чалавека святкуюць у многіх краінах. Святочныя мерапрыемствы праходзяць і ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі на Смаргоншчыне. У святкаванні бралі ўдзел старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў i намеснік старшынi аблвыканкама Віктар Лісковіч.

Менавіта тут, у Залессi, вялікі кампазітар і музыка правёў найбольш насычаныя 20 гадоў свайго жыцця. Тут ён, адышоўшы ад актыўнай палітычнай дзейнасці, заняўся творчасцю і здолеў ператварыць падораны яму дзядзькам дом у палацава-паркавы ансамбль, які сучаснікі па праву назвалі «Паўночнымі Афінамі» – за прыгажосць і непаўторную творчую атмасферу: тут ладзіліся балі і канцэрты, гучала музыка, а знакамітыя сучаснікі лічылі за гонар завітаць у госці да спадара Міхала.

Святкаванне 250-х угодкаў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі разлічана на пяць дзён. Пачался яно 23 верасня з навуковай канференцыі «Спадчына М.К. Агінскага ў культуры трох народаў». Працоўны дзень Міхала Клеафаса ў Залессі пачынаўся звычайна з дыспута з гасцямі. Сённяшняя канферэнцыя – нібы адраджэнне той традыцыі. У дыспуце, які прайшоў у адноўленай кампазітарскай зале, бралі ўдзел навукоўцы з Беларусі, Польшчы і Літвы.

На канферэнцыі прэзентавалі перакладзеныя на рускую мову «Мемуары» Агінскага: выданне ўпершыню пабачыла свет  напярэдадні юбілейнай даты. Пераклад рабіўся з першага, яшчэ прыжыццёвага выдання Агінскага, якое выйшла ў Парыжы ў 1826 годзе, аўтар напісаў яго па-французску.

Да канферэнцыі перавыдалі і кнігі ўспамінаў нашчадкаў Агінскага Іва і Анджэя Залускіх, якія жывуць зараз у Вялікабрытаніі.

У першы дзень работы канферэнцыі артысты Мінскага абласнога драматычнага тэатра паказалі гасцям спектакль «Паланэзы на вяртанне».

Канферэнцыя прадоўжылася і 24 верасня.

А галоўныя мерапрыемствы прайшлі ў дзень нараджэння кампазітара і грамадскага дзеяча – 25 верасня.

Апоўдні на тэрыторыі музея-сядзібы працавалі тры творчыя тэатралізаваныя пляцоўкі. Адна з іх сабрала мастацкі адораных школьнікаў і студэнтаў, якія проста на вачах у гледачоў адлюстроўвалі ў мастацкіх творах сучасныя пейзажы залесскай сядзібы.

Прыхільнікаў-тэатралаў сабрала на свае прадстаўленні пляцоўка залесскага тэатра-батлейкі. Прадстаўленыя самадзейнымі артыстамі-батлеечнікамі сюжэты нагадалі гледачам пра эпоху Агінскага.

Яшчэ адна творчая пляцоўка заявіла пра сябе іржаннем коней, клацаннем зброі і гучнымі воклічамі – тут дэманстраваў сваё майстэрства сталічны конна-спартыўны клуб «Залатая шпора».  

Усе госці чакалі пяці гадзін вечара – урачыстага адкрыцця музейнай экспазіцыі. Гэтай падзеі чакалі цэлы год – пасля адкрыцця самой сядзібы год ішло фарміраванне музейных фондаў. Рэчаў, якія б належалі Міхалу Клеафасу Агінскаму, не захавалася, таму работнікі музея-сядзібы імкнуліся набыць на аўкцыёнах ці заказаць у майстроў экспанаты, якія б стварылі дух эпохі Агінскага, Залесся таго часу, калі яго называлі «Паўночнымі Афінамі».

«Разынка» музейнай экспазіцыі – чатыры тамы мемуараў Агінскага, выдадзеныя ў 1826 годзе ў Парыжы. У экспазіцыі прадстаўлены таксама тагачасныя музычныя інструменты, карціны. Цікавасць у наведвальнікаў выклікала калекцыя візітных картак сучаснікаў Агінскага. Сярод экспанатаў – мэбля, посуд, упрыгожанні, копіі дакументаў і артэфактаў з жыцця роду Агінскіх, па-мастацку зробленыя муляжы грамат і пячатак.

Прыемным аказаўся візіт нашчадкаў у пятым калене дачкі Міхала Клеафаса Амеліі з Познані. Міністр культуры Барыс Святлоў перадаў сядзібе-музею ў Залессі электронную копію архіва Міхала Клеафаса на 10 дысках – арыгінал захоўваецца ў Расіі.  

Падчас святкавання юбілею М.К. Агінскага ў Залессі адбылася яшчэ адна падзея – гашэнне паштовай маркі, прысвечанай 250-годдзю М.К. Агінскага. Яе спецыяльна да гэтай даты выпусціла РУП «Белпошта».  У гашэнні бралі ўдзел ганаровыя госці – старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, міністр культуры Рэспублiкi Беларусь Барыс Святлоў, старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзь Харужык.

Урачыстую атмасферу юбілею працягнуў музычны канцэрт «Вяртанне Паўночных Афінаў» з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраваннем Міхаіла Фінберга.

У суботу адноўленая экспазіцыя стала даступнай для прагляду ўсіх прыхільнікаў творчасці Агінскага – тут прайшлі экскурсіі. А бліжэй да вечара «Паўночныя Афіны» запрасілі аматараў танцаў на баль.

Традыцыю балаў у стылі эпохі Агінскага ў Залессі вырашылі рэканструяваць напачатку года – у студзені тут прайшоў першы касцюміраваны баль. Сённяшні баль у адпаведнасці з усімі патрабаваннямі да арыстакратычых мерапрыемстваў таго часу арганізавалі спецыяльныя рэканструктары баляў.

Заключны этап свята – канцэрт ансамбля камернай музыкі «Класік-Авангард» Белдзяржфілармоніі.

У ТЭМУ
22 верасня ў Літве ў Рэтаўскім культурна-гістарычным музеі Агінскіх адкрылася выстава «Паланэзы на вяртанне», прысвечаная юбілею кампазітара. Арганізатар выставы – Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Пасольства Беларусі ў Літве. Выстава праходзіць у рамках Дзён культуры Беларусі ў Літве і будзе працаваць да 10 кастрычніка.
 

Фото Наталии ВОЛЫНЕЦ






















 

Фото Наталии ВОЛЫНЕЦ






















 

Фото Наталии ВОЛЫНЕЦ






















 

Фото Наталии ВОЛЫНЕЦ






















 

Фото Наталии ВОЛЫНЕЦ






















 

Фото Наталии ВОЛЫНЕЦ






















 

Фото Наталии ВОЛЫНЕЦ

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

grodnonews.by

https://www.traditionrolex.com/8