https://www.traditionrolex.com/8
<p><span style="line-height: 20.7999992370605px;">Думаю, што не памылюся, калі скажу, што імя нашага сённяшняга героя вядомае толькі вузкаму колу навукоўцаў і адданых аматараў айчыннай гісторыі.</span></p>

Шляхецкі род Багавіцінавічаў гербу «Корчак» добра ведалі ў Вялікім княстве Літоўскім з першай паловы XV стагоддзя. Заснавальнік роду Багавіцін меў трох сыноў, што займалі ў дзяржаве значныя адміністрацыйныя пасады. Найбольш праславіў Багавіцінавічаў унук заснавальніка роду Богуш – адзін з самых таленавітых дыпламатаў эпохі Вялікага княства.

Архіўныя дакументы не захавалі год і месца нараджэння Богуша. Вядома, што ягоны бацька-баярын служыў пісарам у канцылярыі вялікага князя літоўскага Аляксандра Ягайлавіча.

Богуш пайшоў па бацькавых слядах. Каля 1500 года ён ужо был дзякам вялікакняскай канцылярыі. Прыблізна ў той самы час атрымаў і паспяхова выканаў первае дыпламатычнае даручэнне, з’ездзіўшы ў якасці нашага пасла да гаспадара Малдовы.

У 1506-м вялікім князем літоўскім і каралём польскім стаў Жыгімонт Стары, пры якім Богуш Багавіцінавіч і зрабіў кар’еру філамата.


Вялiкi князь лiтоўскi Жыгiмонт Стары. Мастак Марцэлi Батыярэлi. Кан. XVIII – пач. XIX ст.

Новае пасольскае даручэнне нашага героя таксама было звязана з Малдоваю. Багавіцінавіча накіравалі да малдаўскага ваяводы Багдана. Богуш павінен быў паведаміць пра ўступленне каралевіча Жыгімонта на пасад вялікага князя літоўскага ды пра ягонае абранне каралём Польшчы. Трэба было таксама ўрэгуляваць памежныя праблемы. Сустрэча нашага дыпламата з ваяводам завяршылася прысягамі і надалей жыць у міры. Але неўзабаве стасункі Вялікага княства з Малдовай настолькі пагоршыліся, што ў 1509 годзе польскае войска мусіла вырушыць у паход на згаданага ўжо ваяводу Багдана.

У вайсковай экспедыцыі ўдзельнічала шмат добраахвотнікаў з Беларусі. Сярод іх быў і Багавіцінавіч. На той час ён ужо падняўся па службовай лесвіцы і займаў у адміністрацыі Вялікага княства высокую пасаду пісара літоўскага. За ўдзел у малдаўскім паходзе пан Богуш атрымаў з дзяржаўнага скарбу 50 кап грошай. Каб уявіць значнасць гэтых сродкаў, варта заўважыць, што рабочы вол ці жарабец каштавалі тады дзве капы.

У тым самым 1509 годзе ў дыпламатычнай кар’еры Богуша Багавіцінавіча пачаўся новы перыяд. Богуш упершыню едзе ў скла­дзе пасольства ў Масковію. Надалей ягоныя поспехі ў дыпламатыі будуць звязаныя найперш з усходнім напрамкам знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага.

Накіраванне ў Масковію нашай пасольскай місіі адбылося адразу пасля падпісання паміж дзвюма дзяржавамі «вечнага міру». Ва ўсе часы Масква выконвала свае забавязанні адмысловым чынам. Не паспеў адбыцца абмен давернымі граматамі, як у канцылярыю Жыгімонта Старога пасыпаліся скаргі на гвалты і крыўды, якія маскавіты пачалі чыніць на мяжы над нашымі грамадзянамі. Апрача ўрэгулявання памежных канфліктаў паслы Вялікага княства атрымалі ад манарха наказ вызваліць з палону ўсіх ліцвінаў на падставе таго, што ўсе палонныя маскавіты ўжо былі адпушчаныя на волю.

Па вяртанні Богуша Багавіцінавіча з Масквы ягоная дзяржаўная вага няўхільна расце. Ён амаль нязменна суправаджае вялікага князя і караля Жыгімонта ў паездках па княстве і Кароне. Манарх высока ацэньвае службу свайго дарадцы. У 1511 го­дзе пан Богуш атрымлівае тытул маршалка літоўскага.

Асабліва яскрава дыпламатычны талент Богуша Багавіцінавіча выявіўся ў справе змагання за Смаленск.

Улетку 1515 года разам з гаспадаром Вялікага княства Жыгімонтам Старым пан Богуш як знаўца ў маскоўскай знешняй палітыцы накіраваўся на Венскі кангрэс. Сярод іншага там разглядалася магчымасць замірэння Масковіі з Вялікім княствам Літоўскім. Роля пасрэдніка адводзілася імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяну.

Раней гэты манарх не толькі займаў пазіцыю, непрыхільную да дзяржавы нашых продкаў, але нават падпісаў пагадненне з маскоўскім князем Васілём ІІІ. Пад уплывам нашых дыпламатаў Максіміліян змяніў свае паводзіны. Вяртаючыся дадому, Жыгімонт пакінуў пана Богуша пры двары Максіміліяна, каб і надалей уплываць на таго і давесці справу да перамогі. Жыгімонт пісаў: «Што да міру з Маскавітам, надзвычай дасведчаным чалавекам для перамоваў мы бачым пана Богуша Багавіцінавіча».

Перамовы тым часам ішлі цяжка. Імператар Максіміліян накіраваў у Маскву свайго пасла барона Зыгмунта Гэрбэрштайна. Стратэгічнай мэтаю Максіміліяна і ягонага пасла было стварэнне кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў супроць Турцыі. З нашага богу на перамовы ў Масковію выехаў Богуш Багавіцінавіч. На аўдыенцыі перад ад’ездам Жыгімонт Стары быў катэгарычны: падпісаць мір толькі пры той умове, што маскоўцы вернуць старажытны беларускі Смаленск. У якасці дадатковага аргумента войска Вялікага княства на чале з найвышэйшым гетманам Канстанцінам Астрожскім рушыла ў бок памежнай Апочкі.


Маскоўскi князь Васiль III меў на мэце захоп Вiцебска, Полацка ды iншых беларускiх земляў. Гравюра XVI ст.

Перамовы пачаліся з загадзя невыканальных узаемных патрабаванняў. Масква, прыкладам, вымагала ад Вялікага княства Кіеў, Полацк, Віцебск і дзясяткі іншых гарадоў, якія маскавіты традыцыйна мянавалі не іначай як «искони русские». На пагрозу распачаць новую вайну пан Богуш у прысутнасці вялікага князя маскоўскага з годнасцю адказаў: «Кто брань начынаець, на таго і Бог».

Вярнуўшыся з Масквы, Богуш Багавіцінавіч накіраваўся са справаздачаю ў Кракаў, дзе тады знаходзіўся Жыгімонт Стары, рыхтуючыся да шлюбу з італьянкаю Бонай Сфорца. Пасля вяселля пан Богуш, які быў сярод гасцей, атрымаў новае адказнае даручэнне: абараняць нашы дзяржаўныя інтарэсы на імперскім сойме ў Аўсбурзе. Ужо добра вядомы ў Еўропе дыпламат вёз імператару Максіміліяну пасланне з падзякаю за спрыянне і з цвёрдым абяцаннем заключыць з Масквой мір толькі тады, калі тая верне Вялікаму княству Смаленск.

Адзначым, што ў складзе пасольскай місіі ў Аўсбург ехаў таксама біскуп і вядомы мецэнат Эразм Вітэліюс і ягоны сакратар знакаміты паэт-лацініст Мікола Гусоўскі, які праз колькі гадоў створыць у Рыме сваю неўміручую «Песню пра зубра». Са згаданымі выбітнымі людзьмі свайго часу пан Богуш быў добра знаёмы, гэтаксама як і з імператарскім паслом баронам Зыгмунтам Гэрбэрштайнам. Дарэчы, сёння барон вядомы гісторыкам перадусім як аўтар кнігі «Запіскі пра Масковію». Дарадцам у яе напісанні быў беларус Багавіцінавіч, што меў у Еўропе славу аднаго з найлепшых знаўцаў Маскоўскай дзяржавы.

На Аўсбургскім сойме 1518 года, дзе прысутнічалі шматлікія пасольскія місіі і князі амаль усіх нямецкіх дзяржаў, пан Богуш выступіў з яскравай прамоваю. Пасля гэтага Жыгімонт Стары яшчэ больш наблізіў Багавіцінавіча да сябе. Дыпламат атрымаў ва ўзнагароду слонімскае намесніцтва і быў пры­значаны падскарбіем земскім, або, кажучы сучайнай мовай, міністрам фінансаў.

У 1522 годзе – новая пасольская паездка ў Маскву. Багавіцінавіч падпісвае замірэнне на пяць гадоў, а праз нейкі час з дапамогаю Зыгмунта Гэрбэрштайна працягвае яго яшчэ на шэсць. Хоць знешне гэта не выглядала значным дыпламатычным поспехам, насамрэч сталася так, што дасягнутае панам Богушам замірэнне доўжылася амаль 40 гадоў.

Вялікае княства Літоўскае атрымала магчымасць жыць у міры да самай Інфлянцкай (Лівонскай) вайны, развязанай Масковіяй у 1588 годзе.

Пан Богуш быў ужо ў лепшым свеце. Але пры дварах еўрапейскіх манархаў яшчэ доўга памяталі гэтага красамоўнага, дасціпнага і непахіснага пасла Вялікага княства Літоўскага. Ён не меў універсітэцкага дыплома, аднак дзякуючы свайму таленту і самаадукацыі здолеў заняць месца ў шэрагу выдатных дыпламатаў таго часу.

Цікава, ці ведаюць што-небудзь пра нашага героя ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі? На добры лад, партрэт пана Богуша павінен быў бы ўпрыгожваць кабінеты высокіх чыноўнікаў, нагадваючы ім, як трэба адстойваць нацыянальныя інтарэсы.

https://www.traditionrolex.com/8