<p><strong>З нагоды выхаду кнігі і дыска «Каб аднойчы» Рыгора Барадуліна, Алеся Камоцкага і Джона Кунстадтэра 29 студзеня, а 19-й гадзіне, у Галерэі TUT.BY адбудзецца прэзентацыя выдання.</strong></p>

У выдавецтве «ПАПЕРУС» кампаніі «Беларуская Прастора» выйшаў зборнік вершаў Рыгора Барадуліна «Каб аднойчы». Гэтае ўнікальнае выданне нарадзілася дзякуючы намаганням трох таленавітых людзей. Дадзеная кніга — гэта нізка лірычных песень Алеся Камоцкага на вершы Рыгора Барадуліна, аздобленая фотаздымкамі амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра.

Выданне і прэзентацыю кнігі «Беларуская Прастора» вырашыла прымеркаваць да дня нараджэння Рыгора Барадуліна, які адзначаецца 24 лютага. Спадзяемся, што гэтая кніга стане сапраўдным падарункам для ўсіх прыхільнікаў творчасці беларускага паэта.

20 непаўторных лірычных вершаў у кнізе набываюць новае жыццё, фактычна пераўтвараючыся ў песні. Знакаміты беларускі музыка Алесь Камоцкі, які стаў ініцыятарам выдання, паклаў вершы на музыку. Запісаныя на дыск, яны прыкладаюцца да кнігі. Акрамя таго, да кожнага верша ў кнізе змешчаны нотныя запісы. Дарэчы, «Каб аднойчы» — пятае выданне вершаў Барадуліна, ініцыятарам і ўкладальнікам якога стаў Алесь Камоцкі.
 

Непаўторнае стылёвае аздабленне кнігі  праца прафесійнага амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра. Джон займаецца фатаграфіяй з 1968 года, за гэты час здымаў у 50 краінах на чатырох кантынентах. З 2006 года традыцыяй для фатографа стала праца ў Беларусі. Каля 90 дзён штогод амерыканец праводзіць, фатаграфуючы беларускую глыбінку. У кнізе «Каб аднойчы» змешчана 20 унікальных фотаздымкаў. Кожны са сваім характарам, за кожным стаіць асабістая гісторыя жыцця беларускіх вяскоўцаў.

Падрабязней пазнаёміцца з унікальным выданнем і яго таленавітымі стваральнікамі ўсе жадаючыя могуць падчас прэзентацыі кнігі і дыска «Каб аднойчы», якая адбудзецца 29 студзеня, а 19-й гадзіне, у Галерэі TUT.BY (Мінск, пр-т Дзяржынскага, 57, 9-ы паверх, ст. метро «Міхалова», БЦ Omega Tower).

Падчас прэзентацыі вас чакаюць акустычныя выступленні Алеся Камоцкага і Алесі Сівохінай, цікавыя расповеды пра прыгажосць беларускай вёскі ад Джона Кунстадтэра, аўтограф-сесія і шмат сюрпрызаў.

TUT.BY