https://www.traditionrolex.com/8

Развітваючыся з адыходзячым летам, экскурсаводы Беларускага грамадскага аб’яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў здзейснілі 28 жніўня, у нядзелю, вандроўку па маршруце «Літаратурнае Прыдзвінне». Ад мінулых вандровак гэта адрознівалася тым, што яе праводзілі адразу тры экскурсаводы: Мікалай Чырскі, Іван Каліноўскі і Вольга Гулева.

Спачатку падарожжа праходзіла па шляху, які вядзе ў старажытны Полацк праз мясціны, што былі добра знаёмыя Міхасю Лынькову і Еўдакіі Лось, Васілю Быкаву і Рыгору Барадуліну, Нобелеўскаму лаўрэату Святлане Алексіевіч, народным паэтам Пімену Панчанку і Нілу Гілевічу, французскаму пісьменніку Стэндалю і яшчэ шмат каму з вядомых і невядомых творцаў.

Зямля бацькоў, Лагойшчына мая,

Край неўміручай партызанскай славы!

На ўсё жыццё ўвабраў у сэрца я

Тваіх кастроў і боек дым гаркавы.

Мяне б і зараз памяць прывяла

Да той зямлянкі на пясчанай выспе,

Дзе вера светлая са мной жыла,

Дзе не па ўзросту гнеў у сэрцы выспеў.

Ніл Гілевіч «Зямля бацькоў, Лагойшчына мая»

З Лагойшчынай, праз якую ехаў аўтобус, аддаляючыся ад Мінска, звязаны творчы лёс Янкі Купалы. Але тыя, хто накіроўваюцца на асобную адмысловую літаратурную экскурсію, якая завецца «Купалавым гасцінцам», рушаць трохі ў іншым накірунку. Абапал гарналыжнага комплексу «Сілічы» цяпер знаходзіцца загарадны дом Святланы Алексіевіч, у якім, варта спадзявацца, пісьменніца створыць яшчэ не адзін выбітны твор. Відарыс Лагойска ўзгадвае дасведчанаму вандроўніку аб братах Тышкевічах, якія яшчэ ў XIX стагоддзі стварылі тут унікальную музейную калекцыю. Яна павінна была скласці экспазіцыю першага на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнага музея. Значная частка той калекцыі дагэтуль знаходзіцца ў Віленскім краязнаўчым музеі.

Калі б зямля Лагойшчыны «не адпусціла» падчас вайны 1812 года Мары-Анры Бэйля (Стэндаля), які служыў у напалеонаўскай арміі, свет не атрымаў бы аднаго з заснавальнікаў французскага рэалістычнага рамана. Да таго ж менавіта Стэндаль увёў у шырокае абарачэнне тэрмін «турыст», які зараз на розных мовах свету гучыць амаль аднолькава.

У Бягомлі нам узгадалі аб тым, што тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі.

Краіна мая, радасць мая,

Песня мая маладая!

Па нівах тваіх, па тваіх гаях

Сынава сэрца рыдае...

Ні славы, ні скарбаў я не хачу,

Мне б толькі прыйсці непрыкметна,

Зямлю сваю пад нагамі адчуць,

Надыхацца родным паветрам.

П. Панчанка «Краіна мая»

Праязджаючы праз Лепель, варта заўсёды прыгадаць асобу знакамітага дзяржаўнага і вайсковага дзеяча – Льва Сапегі. Помнік яму быў усталяваны ў Лепелі ў 2010 годзе.

З Лепелем звязана імя творцы Тодара Кляшторнага, якога называлі ў свой час «беларускім Ясеніным» праз падабенства стылю і настрою вершаў, хоць у той жа час у творчасці гэтых двух паэтаў мелася і нямала адрозненняў.

Тодар Кляшторны – аўтар інтымнай, пейзажнай, філасофскай лірыкі, вершаў песеннага складу, вершаў-зваротаў, вершаў-пасланняў, вершаў, блізкіх да народнай творчасці, твораў публіцыстычнай скіраванасці, баек, пародый.

Мерзлы месяц з-за гор васількамі

Мерзлы месяц з-за гор васількамі

Перасыпаў азёрную сінь.

Стыне ўсё...

Ледзянымі сярпамі

Выйшла восень рабіну касіць.

Тоўпы зор снегавым пералівам

Разматалі ў палях павады.

Быццам коні з намыленай грывай

У пацемках застылі сады.

Хтосьці там, у шырокім прыволлі,

Дзе узмежкі гараць серабром,

Заспяваў пра шырокае поле,

Засвістаў ледзяным салаўём.

Эх, як рвецца душа у прасторы!

Штосьці хочацца вечна кахаць,

і дзіцячае радасці зоры

Ў ледзяных перазвонах збіраць.

Мерзлы месяц з-за гор васількамі

Перасыпаў азёрную сінь.

Стыне ўсё...

Ледзянымі сярпамі

Выйшла восень рабіну касіць.

Першы прыпынак адбыўся на ўскрайку невялічкай вёсачкі Бікульнічы, каля якой, на беразе маляўнічага возера Янова, знаходзіцца, як мяркуюць некаторыя навукоўцы, старажытная абсерваторыя ў выглядзе паваленых валуноў. Гэта месца таксама вядома пад назвай «беларускі Стоўнхэндж». Валуны складаюць тры групы. Найбуйнейшая група, валуны якой адшліфаваны з аднаго боку, калісьці ўтварала калідор, у бок якога скіравана стрэлка, выбітая на дальнім камяні, да якога яшчэ трэба прайсці.

Калі ад той стрэлкі правесці праз «каменны калідор» умоўную рысу, яна прывядзе да возера і затым на вяршыню гары Валатоўкі, якая размешчана на супрацьлеглым беразе. Калі ўмоўную рысу цягнуць далей ад Валатоўкі вертыкальна – яна вызначыць на небасхіле месца размяшчэння сонца ў вызначальны для нашых старажытных продкаў дзень. Але нездарма вышэй узгадаліся менавіта паваленыя валуны. У тых, хто знаёмы са знакамітым мегалітычным збудаваннем графства Уілтшыр у Англіі (Стоўнхэнджам), яго беларускі «сябар» выкліча толькі сум, таму што ў савецкі час быў узарваны. Вось чаму цяпер гаворка, на жаль, вядзецца аб паваленых валунах.

Аднаўленне старажытнага помніка гісторыі не адбываецца, таму лёс яго застаецца нявызначаным. Непадалёк можна прыкмеціць яшчэ адну групу валуноў, меньшых па памеры. Іх выкарыстанне ў мінулым застаецца няпэўным. Магчыма, у старажытнасці яны былі звязаны з ушанаваннем Цёці – жонкі Перуна, якая з’яўлялася апякункай ураджаю і дабрабыту. У выпадку адраджэння «беларускі Стоўнхэндж» змог бы стаць цікавым і вельмі маляўніча-фатагенічным аб’ектам на шляху ў старажытны Полацк. Тым больш што знаходіцца амаль каля самай шашы, прыблізна ў кіламетры ад яе.

На развітанне можна зрабіць некалькі здымкаў маляўнічага ўзбярэжжа возера Янова – аднаго са шматлікіх азёр Полаччыны, а потым, калі шлях не ляжыць у Полацк, збочыць перад ім на старажытны «Альгердаў шлях», які здавён вёў у Вільню.

На яго накірунку група зрабіла прыпынак у Ветрынскай школе, каб наведаць у ёй музей знакамітага літаратуразнаўцы, педагога, фалькларыста, выдаўца, дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння – Браніслава Ігнатавіча Эпімах-Шыпілы. Знаўца дваццаці розных моваў, ён з’яўляўся складальнікам рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі». Рэдкі яе асобнік зараз знаходзіцца ў Ветрынскай школе. Друкаваць кнігі на беларускай мове дазволілі толькі ў 1906 годзе. Як вынік, Браніславам Іванавічам было заснавана выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца». Ён быў рэдактарам першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы «Жалейка». Менавіта Эпімах-Шыпіла пазначыў Купалу як «Янка», а не «Янук», як той хацеў першапачаткова.

У музеі можна пазнаёміцца з усёй біяграфіяй Эпімах-Шыпілы, наведаць этнаграфічную частку экспазіцыі, пазнаёміцца з гісторыяй мястэчка.

А потым працягнуць свой шлях у бок колішняй дзяржаўнай мяжы, якая да 1939 г. падзяляла Беларусь на заходнюю і ўсходнюю часткі. Пры дарозе бачны шэры дот – маўклівы сведак мінулых часоў. А за ім знаходзіцца невялічкая рачулка Нача. Яе можна нават не заўважыць, калі вандраваць на вялікім экскурсійным аўтобусе. Але менавіта гэта стужка рачулкі была калісьці дзяржаўнай мяжой.

Наступным прыпынкам вандроўніцкай сцяжыны былі Празарокі з наведваннем магілы Ігната Буйніцкага – заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра. Самадзейная трупа была створана ім яшчэ ў 1907 г. Але ўжо праз тры гады трупа заявіла аб сабе, як аб прафесійнай. Тэатр Буйніцкага паказваў спектаклі ў невялічкіх вёсках і мястэчках. І гэта для мясцовых жыхароў было значнай падзеяй у жыцці, таму што большасць з іх не мела магчымасці патрапіць у тэатр, нават калі жыццёвы шлях прыводзіў у нейкае буйное месца, дзе ладзіліся на тамтэйшай сцэне розныя спектаклі. Але выступы трупы Буйніцкага былі незвычайныя.

Сама тэатральная пастаноўка займала не ўвесь час. Яна дапаўнялася выкананнем хору розных беларускіх песень. Пасля іх пачыналіся танцы, якія паступова са сцэны пераходзілі ў шэрагі гледачоў. У выніку таньчылі ўсе, і гэткім агульным танцам завяршалася выступленне.

Трупа наведвала з гастролямі Вільню, Пецярбург, Варшаву. Ігнат Буйніцкі сам займаўся пастаноўкай спектакляў, выконваў у іх розныя ролі. Стаяў ля вытокаў стварення «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі», якая сталася тым падмуркам, на якім з цягам часу быў створаны Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

…А далейшы шлях экскурсаводаў пралягаў у накірунку вёскі Бычкі, у якой вандроўніку абавязкова трэба спыніцца, каб наведаць музей аднаго з найвыбітнейшых беларускіх пісьменнікаў другой паловы XX стагоддзя – Васіля Быкава. Музей уяўляе сабой невялічкую драўляную хатку, размешчаную ці то пасярод, ці то на ўскрайку вёскі. Чалавеку, які сюды патрапіў у першы раз, цяжка вызначыцца з месцам знаходжання з-за таго, што вёска нязвыклай планіроўкі, калі хаты шчальна стаяць абапал дарогі.

Цяжка сказаць, ці было гэта загадзя прадугледжана, але групу сустрэў пляменнік Васіля Быкава. Ён спачатку не ведаў, аб чым распавесці. Таму у яго запыталіся: якім Быкаў быў у сямейным коле, сярод блізкіх і сваякоў? Аб чым распавядаў? Аказваецца, пісьменнік быў маўклівым чалавекам. Гаварыў вельмі мала. Але калі ўжо нешта казаў, тады гэтыя некалькі слоў змяшчалі ў сабе ўсё тое, на што іншаму спатрэбіўся б доўгі час гаворкі. Калі б Васілю Быкаву не было наканавана стаць пісьменнікам, ён усё роўна застаўся б у творчай плыні і хутчэй за ўсё зрабіўся б мастаком: пісьменнік прыгожа маляваў.

У музеі ёсць часопіс з графічнымі малюнкамі Быкава. Можа быць, з цягам часу яны будуць выдадзены. Але на дадзены момант у Беларусі не перавыдаецца нават яго літаратурная спадчына. Таму цяжка вызначыць, калі людзі, якія ведаюць Васіля Быкава як пісменніка, змогуць адкрыць для сябе выяўленча-мастацкую частку яго шматграннай творчай асобы.

Але тым, хто неабыякавы да творчасці пісьменніка і, да таго ж жыве ў Беларусі, абавязкова трэба сюды завітаць.

Месцам наступнага прыпынку была вёска Рагазіна. Тут знаходзяцца так званыя «Галодныя могілкі». Хто тут спачывае і ў сувязі з якімі падзеямі ўзніклі пахаванні – невядома. Навуковых даследаванняў на гэтым месцы, якое займае плошчу прыблізна 100 на 60 метраў, да гэтага часу не праводзілася. Але некаторыя лічаць, што ў гэтым месцы хавалі тых, хто скончыў свой зямны шлях ад нейкай хваробы. Магчыма, тут усе пахаванні з’яўляліся не паступова, як на звычайных могілках, а ў адзін час, калі ў выніку нейкай хваробы памерла значная колькасць жыхароў дадзенай мясцовасці.

На могілках усталяваны камяні з незразумелымі сімваламі. Ёсць камяні з нейкімі нязвыклымі крыжыкамі. На асобных размешчаны знакі, якія нагадваюць салярныя, а складаючая частка некаторых падобна да свастыкі.

Можа, з цягам часу даследаванні, якія тут адбудуцца, дадуць адказ на ўсе пытанні патрапіўшага сюды вандроўніка.

…А наш вандроўніцкі шлях бяжыць далей – у вёску Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся знакаміты пісменнік, паэт, перакладчык, галоўны рэдактар Беларускай савецкай эныклапедыі Пятрусь Броўка. Калі ў гэтых мясцінах апынецца падарожны, гэта будзе, хутчэй за ўсё, не выпадковы чалавек.

Ён скіруе свой напрамак руху ў вялікую драўляную хату-музей, дзе зможа пазнаёміцца з экспазіцыяй, прысвечанай творчаму шляху Пятруся Броўкі, а таксама пачытаць яго вершы, размешчаныя на сценах музея. Каля музея размешчаны помнік маці паэта, якая загінула ў канцэнтрацыйным лагеры Асвенцым. Аглядаючы навакольныя краявіды, варта ў спякотнае надвор’е наталіць смагу з невялічкай крынічкі, з якой, напэўна, піў ў дзяцінстве ваду Пятрусь Броўка.

Пахне чабор...

Хіба на вечар той можна забыцца?

...Сонца за борам жар-птушкай садзіцца,

Штосьці спявае пяшчотнае бор,

Пахне чабор,

Пахне чабор...

Лёгкія крокі на вузкай сцяжынцы.

Дзеўчына ў белай іскрыстай хусцінцы,

Быццам абсыпана промнямі зор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

Выйсці б насустрач, стаць і прызнацца.

Вось яно – блізкае, яснае шчасце,

Клікнуць хацелася – голас замёр.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

Год адзінаццаць, а можа, дванаццаць

Сэрца баліць, што не здолеў спаткацца.

Сэрца нязменна хвалюе дакор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

Час той схаваўся за дальняй гарою,

Здасца хвілінай – яна прада мною...

Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.

Пахне чабор,

Пахне чабор...

Далейшы накірунак быў у бок вёскі Старыны – радзіму паэтэсы Еўдакіі Лось. На жаль, не ўдалося адшукаць нейкага пэўнага месца, звязанага з ёй, акрамя бярозы каля дарагі, дзе калісьці стаяў дом маці паэтэсы. Таму, не спыняючыся, аўтобус працягваў рух у бок Ушачаў, дзе спачатку было запланавана наведванне могілак, на якіх пахаваны Рыгор Барадулін. Ён быў апошнім з тых, хто атрымаў званне народнага паэта Беларусі.

На даволі вялікіх па памеры могілках адшукаць яго магілу зусім не складана. Ад самага ўваходу шлях да яе пазначаны стрэлкамі, кіруючыся напрамкам якіх, вандроўнік трапляе амаль у самы цэнтр, дзе Барадуліна пахавалі побач з яго маці, як жадаў паэт. Паверхня магілы пакрыта млынавымі жорнамі, а на помніку ў выглядзе вялізнага каменю змешчаны вялікі крыж, які з’яўляецца выкананнем жадання Барадуліна: «Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне».

Дарэчы, помнік гэты ўдалося ўсталяваць толькі з дапамогай верталёта. Магчыма, з цягам часу будзе адкрыты музей Рыгора Барадуліна, экспазіцыя якога размесціцца ў невялічкай хаце, дзе ён спыняўся, прыязджаючы ва Ушачы. Адчуйце мелодыю слова дзядзькі Рыгора.

Трэба дома бываць часцей

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарсцвець,

Каб не страцiць святое штосьцi.

Не забыць, як падвялы аер

На памытай падлозе пахне,

Як у студню цыбаты асвер

Запускае руку да пахi.

Не забыць сцежкi той, што цябе

На дарогу выводзiла з дому,

Што ў хаце там быў рубель

У цане i па курсу старому.

Не забыць, як марозам злым

Клямка пальцы пячэ балюча

I адкуль на стале тваiм

Бохан свежага хлеба пахучы.

Помнiць свой на iржышчы цень,

Не забыць, як завуць суседа,

Не забыць, як пяе пад дзень

За вясёлым сталом бяседа.

Помнiць кожнай маснiцы спеў,

Кожны кут у прыцiхлай хаце.

Лёсу дзякаваць, што паспеў

Ты пачуць блаславенне мацi.

Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою ты стаў чысцей

I не страцiў святое штосьцi.

https://www.traditionrolex.com/8