https://www.traditionrolex.com/8
<p>Цяпер Івянец будзе вядомы не толькі дзякуючы цукеркаваму фэсту, двум прыгожым увасабляючым беларускія нацыянальныя колеры касцёлам (беламу і чырвонаму) і краязнаўчаму музею, з якога, кажуць, пасля 1991 года выкінулі на сметнік бюст Язэпа Сталіна, але ён нейкім сапраўды цудадзейным злавесным чынам з’явіўся крыху пазней на аднайменнай турыстычнай «лініі». Браты францішкане, якія апякуюцца касцёлам Святога арханёла Міхаіла і кляштарам, адчынілі ў гэтым цудоўным беларускім мястэчку кавярню, якая так і называецца – «У францішканаў».</p>

Зрэшты, гэтай парой Івянец і, як кажуць, ваколіцы не падаюцца такімі ўжо цудоўнымі. Мы, безумоўна, любім нашу Беларусь у любым выпадку і пры любым надвор’і, але, выпраўляючыся ў Івянец па трасе Мінск – Гародня, трэба настроіцца на страшэнна зацягнутыя, як кадры ў фільмах Таркоўскага, нашы айчынныя фатальныя шэрыя халодныя краявіды. Адпаведнага фота не будзе, бо зараз не аб тым гаворка.

Папярэджаныя аб існаванні незвычайнага інфраструктурнага аб’екта – «манаскай» кавярні, мы чамусьці думалі, што аб’ект знаходзіцца ў нейкіх каларытных кляшторных мурах і мае адпаведнае аздабленне. Але, як кажуць, рэчаіснасць значна багацейшая за фантазію.

Вось у такой індустрыяльнай пабудове месціцца кавярня. Былыя ці то склады, ці то заводскія цахі, якія знаходзяцца побач з касцельнай і кляшторнай тэрыторыяй. Улады цалкам перадалі памяшканне касцёлу, і пробашч айцец Лех пад гэтым дахам з уласнай ініцыятывы адчыніў у ліпені незвычайную кавярню. Памяшканне, дарэчы, вялікае, таму тут будзе спартыўная зала для мясцовай моладзі і скаўцкі офіс.

Як бачым, на будынку браты-францішкане напісалі «Супакой і дабро». Гэта дэвіз, які ўзнік з інспірацыі святога Францішка. Было гэта ў 1215 годзе. Дэвіз з’яўляецца фундаментальнай апостальскай праграмай – прапаведваць жыццём і словам Евангелле, якое ёсць крыніцай супакою і дабра.

Дэвіз на шэрай, індустрыяльнай пабудове робіць, праўду кажучы, фантастычнае ўражанне. Нешта быццам бы несумяшчальнае. Але, з іншага боку, кожны дасведчаны турыст ведае, як папулярны сёння ў свеце дамы, рэстараны і розная турыстычная інфраструктура ў стылі «лофт». А тут, у нас, у Івянцы, тыповы лофт узяў і спалучыўся з рэлігійнай ідэяй. Файна!

А вось і сама кавярня. Праходзім праз будаўнічы вэрхал і трапляем ва ўтульнае, цалкам сучаснае, сціплае памяшканне з барная стойкай. Асартымент, шчыра кажучы, пакуль небагаты. Чамусьці чабурэкі, блінцы з начыннем, бульба фры. Кава неблагая. Алкагольных напояў, як і мае быць у манахаў, няма.

Замест бутэлек на барнай стойцы пасяліўся такі вось сімпатычны плюшавы «манах».

Тэма францішканаў прысутнічае ў інтэр’еры і такім вось чынам. Гэта знак «Таў» – апошняя літара старажытнагабрэйскага алфавіту,  яго форма нагадвае крыж такім, якім ён выглядаў перад тым, як Пілат прымацаваў таблічку над скрываўленай галавой Езуса. Таў – знак звернутых грэшнікаў, знак збаўленчага і абноўленага жыцця. Апошняя літара алфавіту сімвалізуе апошні крок выратавання, апошнюю надзею. Па сутнасці, Таў як бы афарбоўвае ўсю францішканскую духоўнасць.

Айцец Лех зладзіў побач з кавярняй дзіцячую пляцоўку.

Таксама на тэрыторыі маецца невялікі заапарк. Як бы незнарок атрымаўся цікавы турыстычны аб’ект. Планы ў айцоў-францішканаў па далейшаму развіццю тэрыторыі вялікія, у тым ліку шмат чаго вымагае і кавярня, але пакуль не хапае сіл і сродкаў.

 Айцец Лех круглы год, нягледзячы на надвор'е, ходзіць басанож.

Капліца вячыстай Адарацыі, тут вернікі івянецкай парафіі пастаянна змяняюць адзін аднаго, і малітва не спыняецца ніколі.

Абагульняючы. Кавярня падалася незвычайнай. Калі не падыходзіць з чыста матэрыяльных меркаванняў (пакуль што шмат што недапрацавана) – выклікае замілаванне. Можна папрацаваць над асартыментам і кухняй, аблагародзіць тэрыторыю (абавязкова захаваўшы стыль лофт), і будзе зусім добра.  Дарэчы, кур’ёзны выпадак, ускосна звязаны з тэмай францішканаў на Беларусі, распавёў адзін знаёмы архітэктар.

Калі на праспекце ў сталіцы адкрыўся рэстаран «У Франциска», некаторыя кпілі, што пасярод Мінска таксама з’явіўся «манаскі» аб’ект.  Хаця, улічваючы, што праспект на той час насіў імя Скарыны, ясна, чаму заснавальнікі (сярод якіх, дарэчы, былі і кіраўнікі вядомых турыстычных фірмаў) выбралі менавіта такую назву. Але зараз, калі галоўная магістраль нашага горада больш не носіць імя выдатнага асветніка, а сам Скарына пераважна з’яўляецца ўскосным персанажам аднаго анекдота і асацыіруецца з расійскімі поп-зоркамі, якім выдаюць адпаведны ордэн, можа і сапраўды нешта манаскае ёсць у гэтым сталічным рэстаране?!

https://www.traditionrolex.com/8