https://www.traditionrolex.com/8
<p>Кожны ведае, што Беларусь – краіна азёраў. Але такога возера, як ля вёскі Глушкавічы на Гомельшчыне, у Беларусі больш няма. Роўна сорак гадоў таму ў Лельчыцкім раёне на мяжы з Украінаю пабудавалі завод для выпрацоўвання друзу.</p>

Месца абралі невыпадкова: менавіта тут Украінскі крышталічны шчыт выходзіць практычна на паверхню зямлі. То бок беларусам дастаўся край тысячакіламетровага пляскатага каменя, на якім ляжыць частка Украіны.

Тут жа знайшлося і радовішча высакаякаснага граніту. Яго не драбілі на друз – здабывалі блокамі з дапамогай выбухоўкі, рабілі помнікі, аздаблялі будынкі ў Гомелі і нават у Мінску.

Распрацоўка кар’еру спынілася з развалам Савецкага Саюза, але наламаныя тады камяні не выкарысталі і да гэтага часу. А кар’ер запоўніўся вадою, там нават развялася рыба.

Рэдкія турысты наведваюць гэтыя мясціны па наводцы з інтэрнэту – убачыўшы інфармацыю на краязнаўчых сайтах ці фотаздымкі тых, хто ўжо тут пабываў.

Тыя, хто ўсё ж даехаў да возера між камянёў, адзначаюць, што не чакалі сустрэць такіх краявідаў у Беларусі.

Упадабалі скалісты ландшафт і аматары экстрэмальнага спорту – эндуро. Матацыклісты шукаюць адмысловыя пляцоўкі, дзе можна паездзіць па камянях.

Ваду з возера некалькі разоў адпампоўвалі, каб правесці інвентарызацыю. Запасы каменю – вялікія, і тэарэтычна распрацоўванне кар’еру можна працягнуць у любы момант. Справа ўпіраецца толькі ў адсутнасць сродкаў ды чыгункі. А практычна – мясцовыя жыхары кожнага госця стараюцца завезці ў Глушкавічы, на бераг скалістага беларускага возера.

Ірына ДАРАФЕЙЧУК, belsat.eu

фота odsgomel.org

https://www.traditionrolex.com/8